Рэгiянальныя навiны

Региональные новости

Практычна адзіным прадпрыемствам у раёне, якое збірае другасную сыравіну, засталося РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Справа патрэбная і вельмі карысная… для навакольнага асяроддзя. Нейкі прыбытак (у залежнасці ад колькасці сабранай другаснай сыравіны) маюць і здатчыкі. Дарэчы, выязджаюць нарыхтоўшчыкі і па канкрэтных заяўках, і згодна з састаўленым графікам у розныя населеныя пункты.

За першы квартал нарыхтавалі 92,4 тоны макулатуры, даведзены сёлета дзяржзаказ на яе – 296 тон. Як бачна, за тры месяцы сабрана амаль трэцяя частка. За гэты ж перыяд пры дзяржзаказе 304,7 тоны нарыхтавалі 85,2 тоны шклабою, 29,2 тоны палімерных адходаў, 6,6 тоны адпрацаваных шын і 5,7 тоны адходаў складанай бытавой тэхнікі.

 

 

3 красавіка значная падзея адбылася ў Вішнеўскай царкве святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна. У святочны для праваслаўных вернікаў дзень тут асвячалі новы 850-кілаграмовы звон, выраблены па спецзаказе на Варонежскім звоналіцейным заводзе Анісімава “Вера”.

Благавесны звон адліты і дастаўлены з Расіі на асабістыя ахвяраванні сям’і старшыні праўлення “Прыорбанка” Сяргея Аляксандравіча Касцючэнкі. Насамрэч, адзін з аўтарытэтных банкаў краіны не першы год апякуе храм у беларускай глыбінцы. Значныя рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы праведзены ўнутры царквы і на яе тэрыторыі. Не проста так была выбрана менавіта Вішнеўская царква. Банкір успомніў пра свае карані: у Вішневе ён нарадзіўся і рос. У той красавіцкі дзень адначасова з асвячэннем звона вяліся работы і па падняцці цэнтральнай часткі даху над купеллю.

 

 

Падчас эпідэміі каранавіруснай інфекцыі ўзнік ажыятажны попыт на медыцынскія маскі, пальчаткі, дэзынфікуючыя сродкі і нават некаторыя лекі. Вярнулася даўно забытае слова “дэфіцыт”.

Кіраўніцтва дома-інтэрната для старых людзей і інвалідаў “Сямейны прычал”, што ў Вайганах, прыняло рашэнне перадаць пераносную кварцавую лямпу, дастаўленую з Галандыі, у раённую бальніцу. Таксама за кароткі час санітаркі прытулку пашылі для работнікаў бальніцы 200 марлевых масак. Дарэчы, большы тэрмін спатрэбіўся на пошук самой марлі і асабліва рызінак. Давялося аб’ехать шмат месцаў, марлю знайшлі толькі ў Іўі, а рызінкі збіралі па ўсім раёне. Калі хто можа ахвяраваць марлю ці матэрыял, што падыходзіць для вырабу масак, то персанал прытулку не адмаўляецца і далей шыць іх. У наяўнасці ёсць тры швейныя машынкі.

 

 

З пачатку года ў нашым раёне трое непаўналетніх дзяцей перададзены на апеку родным і адно дзіця адпраўлена ў прыёмную сям’ю.

За гэты ж час чацвёра дзяцей, якім патрабавалася дзяржаўная абарона, вернуты ў біялагічныя сем’і. Усе яны жывуць у Ракаўскім сельсавеце. Хочацца спадзявацца, што бацькі назаўсёды сталі на шлях выпраўлення.

 

 

На тэрыторыі раёна галоўным палігонам па зборы адходаў з’яўляецца абсталяванае для гэтых мэт месца ля вёскі Клерымонты Дорскага сельсавета. Пакуль што дзейнічаюць яшчэ і два міні-палігоны – у Ракаўскім і Івянецкім сельсаветах ля вёсак Монькі і Пятрова адпаведна.

У 2019 годзе дзеючых міні-палігонаў было чатыры. У канцы года афіцыйна закрылі палігоны ля вёсак Ганчары Вішнеўскага і Студзянец Гародзькаўскага сельсаветаў. Іх тэрыторыя рэкультывавана і перададзена былым землекарыстальнікам – лясгасу. Цяпер на адноўленых тэрыторыях будзе расці лес. Да канца бягучага года запланавана закрыццё міні-палігона ў Ракаўскім сельсавеце, які таксама пасля рэкультывацыі перадасца лясгасу.

 

 

Гурток тэатральнага і кінамастацтва “Праект” РЦК, якім кіруе Кацярына Голуб, па-свойму рыхтуецца да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Рабяты вырашылі зрабіць тэатралізаваную пастаноўку і зняць відэаролік. Таму запрасілі жадаючых прыняць удзел у здымках. Адгукнуліся некалькі навучэнцаў ліцэя.

Сюжэт пастаноўкі “1418 дзён, ці Час вайны” – задумка кіраўніка. А вось для відэароліка на верш вучаніцы Ракаўскай СШ Ганны Састраўчук юным мастакам прапанавалі прадстаўляць свае работы. Першыя малюнкі ўжо паступілі ў РЦК.