Валожынскія школьнікі на тэлебачанні

Молодежный курьер

Вучні 8 класа сярэдняй школы № 1 г. Валожына Ілля Барысевіч, 9 і 10 класаў гімназіі № 1 райцэнтра Вераніка Бобрык і Ілля Таўгень, 11 класа Івянецкай сярэдняй школы Ксенія Звярко прынялі ўдзел у рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю!”.

Ён арганізаваны сумеснымі намаганнямі Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і нацэлены на пошук не толькі самых эрудзіраваных, але і смелых, ініцыятыўных, знаходлівых школьнікаў. Аўтары маштабнага адукацыйна-спаборніцкага праекта на айчынным тэлебачанні рыхтуюць мноства займальных і крэатыўных заданняў, для вырашэння якіх трэба не толькі выдатна ведаць школьную праграму, але і быць агульна дасведчанымі, здольнымі арыентавацца ў розных галінах навукі. Ад кожнай вобласці адбіраюцца па 7 удзельнікаў і 6 – ад г. Мінска ў кожную групу з 7 па 11 класы. У адной праграме, якая праходзіць у чатыры туры, прымаюць удзел 12 школьнікаў адпаведнага ўзросту.

Валожынскія рабяты прайшлі адборачныя туры ў школе і раёне, а затым і вобласці, Апошні адбыўся ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі набралі дастатковую колькасць балаў, каб прадставіць рэгіён на рэспубліканскім этапе на тэлеканале “Беларусь 1”. Там яны прадэманстравалі высокі інтэлект і глыбокія веды і ўсе прайшлі ў другі тур гульні.

Першай убачыла свет праграма, у якой прыняў удзел Ілля Барысевіч. Ён гаворыць, што атрымаў добры вопыт, нягледзячы на тое, што прыйшлося паспытаць сябе толькі ў двух турах. Хацелася, канешне ж, паказаць лепшы вынік, але не ўсё атрымалася: недзе паўплывала хваляванне, недзе не хапіла ведаў, а недзе – і проста вязення. Запомнілася добразычлівая атмасфера на “Беларусьфільме”, дзе вёўся запіс перадачы. У перапынках паміж этапамі была магчымасць пагутарыць з вядучым Георгіем Калдуном.

Ілля – начытаны, актыўны і інтэлектуальна развіты хлопчык. Ён захапляецца англійскай мовай, любіць матэматыку, закончыў музычную школу па класах фартэпіяна і гітара, з задавальненнем займаецца плаваннем, нераўнадушны да рыбалкі, з радасцю прымае ўдзел у шматлікіх культурна-масавых мерапрыемствах. У яго шырокі кругагляд, ён цікавы суразмоўца, у вучобе праяўляе стараннасць, настойлівасць і мэтанакіраванасць.

Дадому Ілля Барысевіч, Вераніка Бобрык, Ілля Таўгень і Ксенія Звярко вярнуліся з дыпломамі ўдзельнікаў, падарункамі і масай уражанняў і пазітыўных эмоцый.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара