З аховай у сэрцы

Люди и судьбы

Адам Вікенцьевіч АЗАРЭВІЧ нарадзіўся 27 сакавіка 1950 года ў вёсцы Камароўка Валожынскага раёна. Пасля Навапольскага тэхнікума працаваў бухгалтарам Смалявіцкага саўгаса “Пятровічы”, служыў у Аршанскім палку супрацьпаветранай абароны. У чэрвені 1972 года прыйшоў у міліцыю. Паспяхова тут склаўся яго шлях ад старшага бухгалтара-рэвізора да начальніка аб’яднання “Ахова”. Ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Закончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР. Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалямі “За бездакорную службу” трох ступеняў і іншымі знакамі адрознення. Цяпер Адам Вікенцьевіч – палкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

29 красавіка 1986 года старшы інспектар аддзела ваенізаванай і вартавой аховы Адам Азарэвіч закончыў службовыя справы ў Стоўбцах і вяртаўся ў Мінск. У вагоне людзі ўстрывожана гаварылі пра нейкі выбух у Чарнобылі. Ужо ва ўпраўленні пазаведамаснай аховы пры МУС ён даведаўся, што на атамнай станцыі ва ўкраінскім Чарнобылі выбухнуў чацвёрты энергаблок.

Намеснік начальніка ўпраўлення палкоўнік Міхаіл Жывалкоўскі сабраў асабісты састаў, спытаў, хто мае жаданне паехаць у зону паражэння, і абвёў поглядам актавую залу, дзе было каля пяцідзесяці чалавек.

Мёртвая цішыня доўжылася даволі доўга. Першым падняўся Адам Вікенцьевіч, другім – лейтэнант Алег Бордак. Астатнія засталіся сядзець.

Адам Азарэвіч расказвае, як начальнік упраўлення палкоўнік Анатоль Шэрмалотаў адпраўляў іх у дарогу: падзякаваў за рашэнне і пажадаў удалай камандзіроўкі. 15 чэрвеня добраахвотнікам прадставілі камандзіра атрада маёра (будучага генерал-маёра) міліцыі Валерыя Казлова. Сярод прысутных было шмат знаёмых.

Праз чатыры гадзіны прыбылі ў Гомель. На складзе гаспадарчага аддзела УУС атрымалі курткі, штаны, боты і пілоткі. Прышылі адпаведныя пагоны і адправіліся ў Нароўлю. Ля будынка мясцовага РАУС погляд Адама Азарэвіча ўпаў на абкладзенае каменьчыкамі месца для стаянкі КамАЗа. Сказалі, што тут самая высокая радыяцыя – машына перавозіла сакрэтны груз з Чарнобыля ў Смаленск. Так адбылося першае знаёмства будучага начальніка аб’яднання “Ахова” з нябачным ворагам.

Праз некалькі дзён мужчыну адкамандзіравалі ў Хойнікі ў распараджэнне штаба пад кіраўніцтвам намесніка міністра ўнутраных спраў палкоўніка Канстанціна Платонава. Яго сустрэлі калегі-міліцыянеры палкоўнік Міхаіл Жывалкоўскі, падпалкоўнікі Браніслаў Мітраховіч і Фёдар Навакоўскі, начальнік канцылярыі Галіна Мароз. Яны адказвалі за арганізацыю аховы аб’ектаў па дагаворах у Хойніцкім, Нараўлянскім і Брагінскім раёнах. Адам Вікенцьевіч і капітан міліцыі з Гомельскага УУС Аляксандр Дзянісаўскі сачылі за забеспячэннем ліквідатараў матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі, бытавымі ўмовамі, рыхтавалі данясенні ў аператыўна-дзяжурную службу МУС.

Затым была праца ў Мінску ў ваенізаванай і вартавой ахове, якой аддаў 13 гадоў жыцця. Даволі хутка тут ён стаў старшым інспектарам, намеснікам, а потым і начальнікам аддзела.

Адам Азарэвіч заўсёды стараўся аператыўна рэагаваць на сітуацыю і своечасова ўносіць у яе адпаведныя карэктывы, распрацоўваў стратэгію на перспектыву, комплексна аналізаваў дзеянні падраздзяленняў па ўсіх кірунках.

У ліпені 1993 года, калі ён толькі ўзначаліў дагаворна-прававы аддзел, прыняў сваіх першых слухачоў-кінолагаў уласны храм навукі – Навучальны цэнтр аб’яднання “Ахова”. Да яго стварэння і развіцця Адам Вікенцьевіч меў самае непасрэднае дачыненне. Разам з Юрыем Тарабрыным і першым кіраўніком новага падраздзялення падпалкоўнікам міліцыі Генадзем Казловым ён спачатку падбіраў, а потым заваёўваў месца дыслакацыі. Пасля шэрагу варыянтаў спыніліся на пасёлку Гарані, дзе раней знаходзіўся ваенны гарадок. Колькі дыпламатыі, цярпення і нерваў спатрэбілася пры высвятленні адносін з сем’ямі вайскоўцаў. Супрацьстаянне доўжылася амаль тры гады. Калі ўсё атрымалася, Азарэвіч актыўна пачаў распрацоўваць і фарміраваць першыя навучальныя праграмы. З дапамогай інстытута народнай гаспадаркі ён наладзіў вучобу ў першую чаргу кіраўнікоў ніжэйшага, а потым і вышэйшага звёнаў, а таксама бухгалтараў і эканамістаў. Створаныя начальнікам аргаддзела і яго памочнікамі праграмы былі разлічаны на тры месяцы інтэнсіўнага навучання з адрывам ад службы.

У 1996 годзе разумны, граматны, талковы спецыяліст стаў на чале штаба аб’яднання, стварыў свой юрыдычны калектыў, які перагледзеў усю нарматыўную прававую базу. Асаблівую ўвагу надалі ўдасканаленню аналітычнай працы.

З’явіліся назапашвальныя табліцы. Яны характарызавалі становішча спраў на месцах, што дазволіла хутчэй аздараўляць там абстаноўку. У практыку трывала ўвайшло комплекснае вывучэнне праблем у рэгіёнах. Вынікі праверак сталі ўлічвацца пры планаванні асноўных мерапрыемстваў на наступны перыяд. Выпрацавалі і новыя падыходы да ацэнкі дзейнасці сталічнага і абласных упраўленняў.

Адам Азарэвіч паставіў перад кіраўнікамі ўсіх узроўняў задачу: пры планаванні будучых дзеянняў абавязкова ўлічваць вынікі папярэдняга перыяду, максімальна прагназаваць магчымыя змены аператыўнай абстаноўкі. Назапашаны ўласны вопыт дапамог падрыхтаваць метадычкі для ўсіх штабных падраздзяленняў, а таксама ўпэўнена і якасна кіраваць працэсамі ў перспектыве.

Калі ў чэрвені 2001 года ўзначаліў аб’яднанне, Адам Вікенцьевіч выдатна разумеў, што, незалежна ад складанасці становішча, ён не меў ніякага права спыніцца ў развіцці, адстаць ад часу, інакш страціў бы і нажытае, і давер людзей. У пачатку двухтысячных раскрывалі амаль кожнае дзясятае злачынства па лініі крымінальнага вышуку і кожнае пятае – эканамічнае. Неяк ён прывёў мне са свайго архіва і некаторыя іншыя паказчыкі таго часу: у сталіцы і Мінскім раёне, абласных цэнтрах, Баранавічах, Пінску, Жабінцы, Наваполацку, Жлобіне, Рэчыцы, Лідзе, Воранаве, Шчучыне, Ваўкавыску, Бабруйску і многіх іншых месцах устанавілі радыёсістэмы перадачы паведамленняў вялікага радыуса дзеяння і ёмістасці, прапрацоўвалі выкарыстанне радыёнавігацыі.

Кіраўнік увесь час трымаў у галаве і тое, што для паспяховага выканання пастаўленых задач патрэбны нармальныя бытавыя ўмовы. Пры ім узвялі і капітальна адрамантавалі 55 адміністрацыйных будынкаў. За кошт аб’яднання набылі і пабудавалі 37 кватэр.

Нягледзячы на вялікую дэбіторскую запазычанасць гаспадарнікаў, прыступілі да будаўніцтва новага жылога дома для супрацоўнікаў. У яго падмурак Адам Вікенцьевіч паклаў на шчасце дзедаўскую залатую манету. Здавалася жыллё ўжо пасля таго, як ён пайшоў на пенсію…

На нядаўнюю нашу сустрэчу, што адбылася напярэдадні сямідзесяцігоддзя Адама Вікенцьевіча, ён прынёс буклет, прысвечаны створанаму ім Музею гісторыі аховы. Адзін з раздзелаў, які пастаянна папаўняецца і абнаўляецца, прысвечаны супрацоўнікам, што загінулі пры выкананні службовага абавязку. Вялікая заслуга майго старога сябра і ў тым, што са снежня 2002 года пачалі служыць пад сваім геральдычным сімвалам – залацістай савой на шчыце з ключом у дзюбе. Ён “уманціраваны” і ў цэнтр нагруднага знака “За адзнаку”, які таксама ўбачыў свет пры Адаму Азарэвічу.

Уладзімір БАРЫСЕНКА