У госці да юных чэмпіёнаў

Спорт

Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ з Назарам Генадзьевічам,

Аэлітай, Нікадзімам і Генадзіем Альфонсавічам ЖАЛТКАМІ

ў спартыўнай зале Івянецкай сярэдняй школы.

 

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі наведаўся ў Івянецкую сярэднюю школу. Разам з ім прыбыла здымачная група 5 нацыянальнага канала.

Справа ў тым, што да 15-годдзя прэзідэнцкага спартыўнага клуба рыхтуецца дакументальны фільм. Для аднаго з яго фрагментаў Вадзім Анатольевіч папрасіў прааналізаваць вынікі рэспубліканскіх дзіцячых спаборніцтваў “300 талентаў для каралевы”, ініцыятарам якога ён стаў у свой час, і вызначыць дзіця, школу, якія паказалі найлепшыя вынікі ў мінулым годзе.

Нагадаю, што летась з чатырох кубкаў, што заваявала Мінская вобласць, тры прыехалі ў Івянец. Гэта выдатны паказчык. Другакласнік Святаслаў Яськоў сярод хлопчыкаў свайго ўзросту заняў 2-е месца ў кіданні мяча і 3-е месца ў спрынт-бар’ерах. Аэліта Жалток стала трэцяй сярод чацвёртакласніц па суме балаў у шматбор’і. Дзяўчынка не першы раз удзельнічала ў гэтым мерапрыемстве. У сваім зорным 2017 годзе яна была ўзнагароджана адразу двума кубкамі за 1-е месца ў скачках на скакалцы і за 2-е месца ў шматбор’і. Добрыя вынікі Аэліта паказала і ў 2018 годзе. Яе, Святаслава, а таксама Нікадзіма Жалтка, які адзін прадстаўляў наш раён на першых спаборніцтвах у 2015 годзе і паказаў добрыя вынікі, а цяпер уваходзіць у склад зборнай Мінскай вобласці, прынялі ўдзел у паказальнай трэніроўцы “Так рыхтуюць чэмпіёнаў”, што прайшла ў спартыўнай зале школы. Правялі яе настаўнікі фізічнай культуры Генадзій і Назар Жалткі.

Размова ўжо ішла пра цэлую сямейную дынастыю людзей, адданых спорту. Назар – малады спецыяліст, сёлета першы год працуе ў школе. Бацька, Генадзій Альфонсавіч, перадае сыну свой багаты вопыт. Вынікі відавочныя: вучань маладога чалавека Святаслаў Яськоў, здолеў дасягнуць такіх высокіх вынікаў на сваіх першых рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Затым была сустрэча з бацькамі юных спартсменаў. Вадзім Дзевятоўскі нагадаў, што Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі вялікую ўвагу надае таленавітым хлопчыкам і дзяўчынкам, іх развіццю, спадзяецца, што яны застануцца ў гэтым відзе спорту і ў далейшым змогуць праславіць нашу краіну.

Падчас гутаркі з дзецьмі высокаму госцю асабліва да душы прыйшоўся адказ Аэліты Жалток на пытанне пра яе мару. Дзяўчынка не задумваючыся сказала, што хоча ў будучым выступіць на Алімпіядзе. Вадзім Анатольевіч запэўніў: з такімі педагогамі і бацькамі ў яе ўсё абавязкова атрымаецца.

Адбылося і індывідуальнае інтэрв’ю з педагогамі. Генадзій Альфонсавіч выказаў свае меркаванні пра спаборніцтвы “300 талентаў для каралевы”. Гэты праект вельмі важны, бо накіраваны на тое, каб дапамагчы ў адборы найбольш перспектыўных дзяцей для заняткаў лёгкай атлетыкай, якая карыстаецца вялікай увагай балельшчыкаў і з’яўляецца асновай для ўсіх відаў спорту. Таму мерапрыемства павінна развівацца і станавіцца больш прыгожым і відовішчным.

Сам настаўнік пастаянна вядзе статыстыку. Як для трэнера для яго гэта вельмі важна. Ён выбірае першую дзясятку сярод хлопчыкаў і дзяўчынак – удзельнікаў маштабнага спартыўнага свята з мэтай дазнацца, як растуць вынікі, і зрабіць выснову, да чаго імкнуцца, каб добра падрыхтавацца і дастойна выступіць.

Анжэла РАДЫНА