“Мая, мной складзеная песня…”

Культура Люди и судьбы

26 сакавіка 60-гадовы юбілей адзначыў наш славуты зямляк: перакладчык, пісьменнік, паэт, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузінскай ССР, Літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Мастацкая літаратура”, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар ШНІП.

…Ну а паэт слугой не можа быць,

Ён можа толькі, як паэт, служыць

Адной, нібы адно жыццё, Айчыне,

Адной, нібыта Храм адзін, жанчыне,

Служыць, нібы ў каўчэзе Ноя быць

Цвіком, які спатрэбіцца пасля,

Калі ўжо будзе знойдзена зямля,

Дзе можна будзе цвік загнаць у крыж…

 

Чакаюць слоў тваіх, а ты маўчыш,

Бо ты слугой не маеш права быць,

Бо ты задуманы, як цвік, служыць

Адной, нібы адно жыццё, Айчыне,

Адной, нібыта Храм адзін, жанчыне…

Віктар Шніп

(З кнігі “Страла кахання, любові крыж”)

 

Віктар Анатольевіч Шніп нарадзіўся ў вёсцы Пугачы ў простай сялянскай сям’і. Вось як піша пра сябе будучы паэт у аўтабіяграфічных нататках: “Маці – Ніна Міхайлаўна – усё жыццё адпрацавала на кароўніку даяркай, хоць у свой час закончыла сем класаў. І нават калі я хадзіў у школу, дапамагала мне вучыць нямецкую мову. Бацька – Анатоль Іосіфавіч – працаваў у калгасе пастухом. У сваіх бацькоў ён быў самым старэйшым, і таму з-за працы і вайны скончыў усяго толькі адзін клас. Нягледзячы на гэта, часта вечарамі нам, сваім дзецям, па некалькі гадзін запар расказваў вершы і казкі. І даводзілася чуць ад мамы: “Перастань там сачыняць…” Магчыма, бацька і сапраўды многае выдумляў, бо чытаць жа амаль не ўмеў.

Сваёй хаты напачатку мы не мелі і жылі на хутары ў бацькавых бацькоў – маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі. Калі мне споўнілася восем месяцаў, гадаваць мяне забрала бабуля Ганна, маміна мама, у невялічкую, усяго 10 хат, вёсачку Лягезы, ля якой працякае рачулка Яршоўка. У Лягезах, што ў пяці кіламетрах ад Пугачоў, я і рос да сямі гадоў. Быў хлапчуком цікаўным і непаслухмяным.

У Лягезах дзяцей блізкага мне ўзросту было ўсяго толькі двое, таму часцей за ўсё даводзілася гуляць аднаму. Я хадзіў па лясах, палях, лугах, слухаў птушак і размаўляў з імі. Здавалася, што яны разумеюць мяне, і я разумею іх. А найбольш я любіў быць адзін, сядзець на беразе Яршоўкі і глядзець на рачную плынь. Мяне любілі. І да канца сваіх дзён удзячны Лягезам і людзям, якія там жылі і жывуць. І цяпер, калі еду з Мінска ў Пугачы каля Лягез, у мяне ад успамінаў на вачах слёзы, бо тут прайшлі мае адны з самых светлых, самых добрых гадоў жыцця.

Летам 1967 года вярнуўся да бацькоў – у нас ужо была свая хата. Тады ўпершыню і пазнаёміўся бліжэй з роднай сястрой Валяй, якая на год маладзейшая за мяне. Мы з ёй адразу пасябравалі, і нібыта не было тых гадоў, калі былі не разам. Восенню пайшоў у першы клас Пугачоўскай васьмігодкі. Вучыўся добра – не быў круглым выдатнікам, але і троек за чвэрці не было. У школе была мода мець сшытак, у які запісваліся любімыя песні. І неяк летам, калі мне было дзевяць гадоў, я прыстаў да мамы, каб яна прадыктавала песню, якую часта пад добры настрой напявала. Маме не было часу сядзець са мной, і яна сказала, каб сам успомніў і запісаў. Давялося сядзець і ўспамінаць. Што ўспомніў, што сам прыдумаў, але праз нейкі час на паперы з’явіліся паэтычныя радкі. Я іх зачытаў маме. Яна выслухала і сказала, што гэта не яе песня, а мая, мной складзеная. Я ўзрадаваўся, выбег на вуліцу да сябрукоў і пачытаў ім сваю песню. Адны спакойна выслухалі мяне, іншыя пасмяяліся: “Віця паэтам зрабіўся!” Пасля мамінай песні, не ведаю, як гэта атрымалася, стаў напачатку недзе раз у месяц, а пасля часцей, рыфмаваць. І ўжо праз нейкі год, наслухаўшыся па радыё пра пяцігодкі і пра выкананне планаў, стаў сабе выдумляць планы па напісанні вершаў. Зразумела, як і ў самой краіне, так і ў мяне планы выконваліся датэрмінова. Праўда, пра мае паэтычныя справы доўгі час мала хто ведаў. І недзе ў пятым класе аднаму з сяброў прызнаўся, што пішу вершы. Паказаў яму, і праз пару дзён амаль усе ў школе ведалі, што Віця Шніп нешта сачыняе.

Бацькі выпісвалі газету “Звязда”. У ёй хоць зрэдку, але друкаваліся вершы. І мне таксама захацелася быць надрукаваным. Перапісаў некалькі вершаў, паклаў у канверт, напісаў адрас рэдакцыі, а свой адрас пабаяўся даваць. Вечарам, калі сцямнела, хаваючыся, занёс пісьмо ў паштовую скрынку. Назаўтра раніцай чую, мама на кухні расказвае бацьку: “Сустрэла паштарку. І яна мне кажа: “Ніна, ты глядзі за сваім хлапцом. Ён у цябе ўжо нейкія пісьмы піша ў газеты. Скажы яму, каб болей не пісаў, а то прыедзе міліцыя і забярэ…” Пачуўшы гэта, два гады не пасылаў свае вершы ў газеты.

Першы сур’ёзны водгук на свае вершы атрымаў са “Звязды” ў 1975 годзе. Ён быў падпісаны Міколам Гамолкам і Алесем Траяноўскім. Ліст быў абнадзейваючым, таму ў хуткім часе творы паслаў ужо і ў “Чырвоную змену”: аднесліся памяркоўна, але нічога не надрукавалі. І толькі 17 жніўня 1977 года ў “Чырвонай змене” з’явіўся мой першы верш “Сямнаццаць мне…”. Я быў на сёмым небе ад шчасця! Затым надрукаваўся ў “Настаўніцкай газеце”, “Вячэрнім Мінску” і ў “Мінскай праўдзе”.

На пачатку 1980-х знаёмыя хлопцы-паэты параілі мне паказаць свае вершы Рыгору Барадуліну ў выдавецтва “Літаратура і мастацтва”. Ён вельмі добра сустрэў мяне і прапанаваў выдацца асобна, бо калектыўны зборнік “Сцяжыны” ўжо быў падрыхтаваны да друку. Вось такім чынам напрыканцы 1983 года ў “Мастацкай літаратуры” выйшла ў свет мая “Гронка святла”. У 1984 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. І адразу ж жыццё змянілася, бо я мог жыць так, як хочацца: зарабляць грошы сваёй творчасцю”.

…У 1980 годзе Віктар Шніп стварыў у “Працоўнай славе” літаб’яднанне “Рунь” і раз у месяц прыязджаў са сталіцы на чарговае пасяджэнне. Яго ўдзельнікамі сталі перакладчык Пятро Бітэль, дырэктар Шыкуцёўскай школы, нястомны краязнаўца Генадзь Равінскі. Шмат было моладзі: адказны сакратар раёнкі Ганна Арцюкевіч, Марына Карыцкая, Алена Скадорва, Любоў Скотнікава, Уладзімір Малашэнкаў, Галіна Дзянісік і інш. З тых “рунеўцаў” і яго сённяшні кіраўнік – Валянціна Гіруць-Русакевіч, Пятро Бітэль: ім Віктар Анатольевіч пісаў рэкамендацыі на прыняцце ў Саюз пісьменнікаў.

Гартаючы падшыўкі “Працоўнай славы” за  чэрвень 1984 года, у чарговым выпуску “Літаратурнай старонкі”, якая тады друкавалася адзін раз у квартал, знайшла матэрыял па аглядзе вершаў маладых літаратараў Валожыншчыны над назвай “Калі вы талент, дакажыце” за подпісам майстра пяра. Вось што піша кіраўнік “Руні”: “Паэзія прыходзіць да чалавека сама, як дзень, як вясна. Можна ўсё жыццё пісаць вершы і ніколі не быць паэтам. Паэт заўсёды адкрывальнік, а калі ён паўтарае даўно ўжо сказанае іншымі, то ён проста графаман. “А як жа стаць паэтам?” Паэтам трэба нарадзіцца. Вось у школе ўсіх дзяцей вучаць маляваць, спяваць, але рэдка хто з іх становіцца мастаком, спеваком. Няма таленту і яго не пасееш у душы чалавека. Напісаўшы верш і нават яго надрукаваўшы, нельга яшчэ лічыць сябе таленавітым. З кожным вершам паэт нараджаецца занава! Колькі вершаў – столькі і нараджэнняў! Літаратар павінен заўсёды мець мэту – вяршыню, да якой усё жыццё імкнецца”.

На сённяшні дзень у Віктара Шніпа каля 20 кніжак вершаў. Некалькі дзясяткаў песень, сярод іх і “Усе мы родам з дзяцінства”, якая дала назву рэспубліканскаму конкурсу маладых талентаў. Мы шчыра віншуем нашага знакамітага земляка з юбілеем і жадаем дужых творчых крылаў, звонкага і вострага пяра, звычайнага чалавечага шчасця. У адным з інтэрв’ю ў Віктара Анатольевіча запыталіся, якую кнігу яму яшчэ хочацца напісаць, на што адказаў: “Такую, каб усе, хто яе будзе чытаць, казалі: “АБАЛДЗЕЦЬ!” Думаю, што пад усёй творчасцю аўтара-юбіляра можна з упэўненасцю зрабіць такі подпіс.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота з архіва рэдакцыі