Праведнiкi народаў свету

Культура

За гады, што прайшлі з часу заканчэння вайны, пра яе напісаны сотні манаграфій і артыкулаў, запісаны ўспаміны відавочцаў вайны, надрукаваны зборнікі дакументаў, якія дапамагаюць аднавіць ход падзей тых суровых гадоў. Здавалася б, у гісторыі вайны не засталося невядомых старонак. Аднак ёсць адна, якую мы пакуль можам назваць “белай плямай”. Яна тычыцца дзейнасці Праведнікаў народаў свету.

Выступаючы 20 кастрычніка 2008 года на жалобным мітынгу ў сувязі з 65-годдзем знішчэння Мінскага гета, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка адзначыў: “Неимоверно страдая от немецко-фашистских захватчиков и их пособников, белорусы близко к сердцу приняли огромное еврейское горе. Об этом говорят имена сотен наших соотечественников – Праведников народов мира, которые спасали от неминуемой гибели тысячи евреев – взрослых и детей. Говорят, что для спасения города достаточно и одного праведника, а их в Беларуси было очень и очень много. Больше, чем в каком-либо другом тогдашнем государстве Европы”.

На жаль, пра тое, хто такія Праведнікі народаў свету, людзі ведаюць надзвычай мала. Пра тое, што яны ўзнагароджаны такім ганаровым званнем, невядома часам нават іх сваякам.

Я лічу, што неабходна расказаць аб гэтых велікадушных людзях, якія, рызыкуючы сваім жыццём, жыццём родных і блізкіх, ратавалі ад смерці часта нават незнаёмых ім людзей. Подзвіг Праведніка з’яўляецца яскравым прыкладам сапраўднай любові да бліжняга, міласэрнасці, гуманізму, самаахвярнасці. Грамадзян, якім прысвоена ганаровае званне Праведнікаў народаў свету, многа: на 01.01.2010 г. іх было 23226 ва ўсім свеце; 608 – у Беларусі.

У 1953 годзе ў Ізраілі было прынята рашэнне аб стварэнні Нацыянальнага мемарыяла катастрофы і гераізму Яд ва-Шэм, назва якога перакладаецца з іўрыта як “Памяць і Імя”. У Статуце Яд ва-Шэм адзначана неабходнасць увекавечыць подзвіг людзей, якія рызыкавалі сваім жыццём дзеля выратавання яўрэяў.

У пачатку 1960-х гадоў Яд ва-Шэм вызначыў канкрэтныя крытэрыі, у адпаведнасці з якімі пачало прысуджацца званне “Праведнік народаў свету”. Ім можа стаць чалавек не яўрэйскага паходжання, які асабіста ўдзельнічаў у спробе выратаваць хоць бы аднаго яўрэя, незалежна ад таго, была гэта спроба паспяховай ці скончылася правалам. Акт выратавання меў месца ў той час, калі яўрэям не было куды бегчы і не было на каго разлічваць. Выратаванне яўрэяў стварала для гэтага чалавека рызыку для яго жыцця. Гэты крытэрый з’яўляецца цэнтральным. Ідэя, якая стаіць за ім, заключаецца ў тым, каб аддзяліць выпадкі звычайнага альтруізму ад выпадкаў, калі чалавек, свядома рызыкуючы сваім жыццём і свабодай, ратаваў яўрэяў. Людзі, якія ратавалі яўрэяў, зыходзілі з прынцыпу гуманнасці.

Аднавіўшы, наколькі гэта магчыма, поўную карціну кожнага асобнага выпадку выратавання, работнікі аддзела “Праведнікі свету” Яд ва-Шэм перадаюць матэрыялы спецыяльнай камісіі, функцыяй якой з’яўляецца прысваенне звання “Праведнік народаў свету”.

Праведнікам народаў свету ўручаюцца дыплом і памятны медаль, на якім выгравіраваны словы з Талмуда: “Чалавек, які выратаваў адно жыццё, выратаваў усё чалавецтва”. У выпадку, калі заслугі Праведнікаў прызнаны пасмяротна, узнагароды перадаюцца іх бліжэйшым сваякам. Імя Праведніка заносіцца на сцяну гонару ў музеі Яд ва-Шэм. На алеі Праведнікаў, якая знаходзіцца ў музеі, высаджваюцца дрэвы. Сёння больш за 600 жыхарам Беларусі прысвоена званне Праведніка народаў свету. Аднак вядома, што тых, хто ратаваў і дапамагаў выжыць яўрэям у гады нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі, значна больш.

Што ж рухала людзьмі, якія ратавалі ў час вайны не толькі блізкіх, родных, але і зусім незнаёмых ім людзей. Вось успаміны Гені Завойнер, якой было 7 гадоў, калі яе выратавала жанчына з Валожынскага раёна:

– Што я запомніла, што збераглося ў маёй памяці на ўсё жыццё, дык гэта тое, як забіралі тату. Яго забралі, а нас перасялілі ў гета. Бабулю нашу мы знайшлі забітай у пакоі, самі яе хавалі. Тое, што я тады перажыла, не магу назваць страхам, гэта было нешта больш страшнае за страх. Гэта быў жах ад усведамлення таго, што чалавек так проста знікае.

Мама пайшла мяняць рэчы на прадукты, а ў гета пачаўся пагром. Звычайна мы хаваліся ў склепе, а тут палезлі на паддашак. Ён быў з аднаго боку цалкам разбіты, і гэта нас выратавала. Немцы ўвайшлі ў наш дом і штыкамі прабівалі столь. І не палезлі на паддашак толькі таму, што ён быў разбіты. А ў склеп яны кінулі гранаты.

Тры дні цягнуўся пагром. А мамы з намі не было. Мы не ведалі, чаму яна не вярнулася. Скончыўся пагром, сталі каля варот і чакаем: вернецца яна ці не? І ўбачылі нашага былога суседа, ён прайшоў, не спыняючыся, але мы пачулі: “Ваша мама жывая”. Калі мама прыйшла, мы ўтраіх стаялі і глядзелі на яе, ніхто не плакаў, слёз не было, а было нейкае супакаенне, як быццам вайна скончылася і нічога дрэннага ўжо не будзе.

Запомнілася вось такое. Мы стаім з мамай каля дроту, а паблізу, з таго боку, ідзе прыгожая жанчына. Яна спынілася каля нас і гаворыць маме: “Як мне вас шкада”. Мама ёй адказвае: “Калі вам шкада, вазьміце маю дачку да сябе”. – “Добра”, – задумваецца жанчына.

Прывезлі мяне на хутар, пасадзілі на доўгую лаўку. У гэтай сям’і было чацвёра дзяцей. І яны ўзялі яшчэ і мяне. Я хачу, каб усе ведалі прозвішча жанчыны, якая мяне выратавала, – Алімпія Пажарыцкая з вёскі Гіневічы Валожынскага раёна. Страх у гэтай сям’і панаваў увесь час, які я там жыла. Калі б даведаліся, што яны хаваюць яўрэйскую дзяўчынку, хай бы хто-небудзь толькі пальцам паказаў у іх бок, расстралялі б саміх і дзяцей. Як толькі з’яўляліся немцы, мяне адразу куды-небудзь адсылалі. Да лесу было рукой падаць, гэта і ратавала. Жанчына шкадавала аднолькава і сваіх дзяцей, і мяне. Калі яна што-небудзь давала, то давала ўсім, калі яна цалавала, то цалавала ўсіх. Я называла яе мамуся.

Аднойчы ўначы прыйшлі партызаны, яны прасілі ў гаспадароў што-небудзь даць ім у лес. А калі даведаліся, што ў гэтай сям’і хаваюць яўрэйскую дзяўчынку, то сказалі, што нічога не возьмуць.

Напрыканцы вайны, калі да хутара падыходзілі танкі, я пасвіла кароў, убачыла танкі і схавалася. Мне не верылася, што танкі – нашы, але калі ўбачыла на іх чырвоныя зоркі, выйшла на дарогу. З першага танка саскочыў вайсковец, падхапіў мяне на рукі і высока-высока падняў. Тут прыбегла гаспадыня хутара, яна была такая шчаслівая, такая прыгожая, ёй так хацелася падзяліцца чым-небудзь харошым, сказаць, што яны таксама нешта зрабілі для Перамогі. І яна расказала, як яны ратавалі мяне, яўрэйскую дзяўчынку. Вайсковец прытуліў мяне да сябе, а я была такая маленькая і тоненькая, што знікла ў яго абдымках. І ён абняў гэту жанчыну, як быццам ён быў асабіста ёй удзячны, як быццам яна яму дачку выратавала. Прыбеглі іншыя людзі, яны таксама абдымалі мяне. І ўсе прызнаваліся, што здагадваліся, каго хаваюць на хутары.

Праз нейкі час прыехала па мяне мая мама, а я не хацела да яе ісці. Не верылася. Мяне прывезлі дамоў, я ўбачыла, як мой брат Лёва бегае па двары, і кінулася да яго…

Пажарыцкім Аліме і Браніславу з вёскі Гіневічы Валожынскага раёна званне Праведнікаў народаў свету было прысвоена ў 1999 годзе.

Гэта гісторыя – толькі адзін з прыкладаў самаахвярнасці, міласэрнасці, гуманізму простых людзей. Дзякуючы ім, былі выратаваны сотні, тысячы жыццяў.

Закончыць артыкул аб Праведніках народаў свету мне хацелася б словамі Каці Гусаравай, супрацоўніцы аддзела “Праведнікі свету” ў Яд ва-Шэме: “Мы наўрад ці калі-небудзь даведаемся, колькі выпадкаў выратавання і колькі сапраўдных Праведнікаў было на самай справе. Аддзел працягвае сваю работу, дзякуючы якой кожны год каля 700 чалавек атрымліваюць заслужанае імі, але часта запозненае прызнанне. Іх імёны і подзвіг становяцца дасягненнем будучых пакаленняў, прыкладам, які сцвярджае, што змагацца са злом можна нават паасобку”.

Галіна СЕНЧАНКА,

навуковы супрацоўнік раённага музея.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *