Фазан – трафей каштоўны

Кругозор

Не  так даўно лесапаляўнічая гаспадарка ДЛГУ “Валожынскі лясгас” набыла ў фазанарыі Капыльскага раёна 30 штук фазанаў. Рэдкую птушку там гадуюць у спецыяльных вальерах дзеля камерцыйнай выгады. Асноўныя пакупнікі – культавыя рэстараны. Таксама хапае жадаючых паўдзельнічаць у досыць экзатычнай забаве – паляванні на фазана.

Фазана называюць каралеўскай птушкай. Яго мяса цэніцца за вытанчаны смак, а паляванне сярод знатакоў лічыцца вельмі захапляльным і цікавым.

Менавіта для палявання і былі прывезены каштоўныя птушкі на Валожыншчыну. Прыняць удзел у экзатычнай забаве выказалі жаданне 15 аматараў санкцыянаванай стральбы, усе – нашы мясцовыя мужчыны. Культурны адпачынак каштаваў ім не танна: аплата за пуцёўку, абед на прыродзе і тарыф за кожны трафей. Дарэчы, пасля мерапрыемства паляўнічая гаспадарка засталася з прыбыткам у суме 400 рублёў. Грошы, магчыма, не такія ўжо і значныя, аднак і трапных стрэлаў аказалася няшмат. Што, безумоўна, толькі можа парадаваць абаронцаў жывёльнага свету.

Як жа так атрымалася, што выгадаваная ў няволі птушка змагла перахітрыць чалавека са стрэльбай і выжыць? Фазаны на здзіўленне аказаліся хуткімі і спрытнымі бегунамі па зямлі. Яны знікалі ў кустах і зарасніках. У сваёй яркай, залаціста-зялёнай афарбоўцы яны напаміналі стралу: шыя і галава выцягваецца паралельна зямлі, а доўгі хвост прыпаднімаецца. І нясецца такі прыгажун, бы вецер! А калі ўжо зусім чуе небяспеку – уздымаецца ўгору. Робіць гэта амаль вертыкальна, а крылы ствараюць гук працуючага прапелера: “Фрр-р…”.

У фазана цудоўная рэакцыя. Нават у няволі ён застаецца спрытным і шпаркім, бы маланка. Для палявання на ўнікальную птушку трэба яшчэ як прылаўчыцца…

Алена ЗБІРЭНКА