Рэгіянальныя навіны

Региональные новости

Аператар сотавай сувязі А1 для падтрымкі медыкаў падчас барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй у якасці бязвыплатнай спонсарскай дапамогі перадаў Міністэрству аховы здароўя рэспублікі 500 мабільных тэлефонаў.

На мінулым тыдні 2 смартфоны былі дастаўлены ў Валожынскую цэнтральную раённую бальніцу. Галоўны ўрач ЦРБ П. А. Ганчар размеркаваў адзін са сродкаў сувязі для работы ў “бруднай зоне” – у перапрафіляваным корпусе. Другі тэлефон застаўся для работы ўрачоў у кантактнай групе.

 

 

На гэтым тыдні, з 14 па 22 мая, праходзіў трэці тур конкурсу прафесіянальнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Мінскай вобласці-2020”. Сярод прэтэндэнтаў на гэта званне, якія выйшлі ў фінал, тры выхавальнікі дашкольнай адукацыі, у тым ліку наша зямлячка – Марына Іванаўна Карачун з Івянецкага ясляў-сада “Лесавічок”.

У сувязі з рэаліямі сённяшняга часу конкурс праходзіў у анлайн-рэжыме. 19 мая прадстаўніца нашага раёна рабіла творчае самапрадстаўленне, а 20 мая – публічнае прадстаўленне вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці. Аб канчатковых выніках конкурсу рэдакцыя абавязкова паведаміць чытачам.

 

 

Грамадскае аб’яднанне “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” выйшла з прапановай надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Свята-Успенскай стараверскай царкве ў вёсцы Масцішча Вішнеўскага сельсавета.

На тэрыторыі рэспублікі знаходзяцца 34 такія аб’екты, на Міншчыне – усяго тры. І адзін з іх – драўляная царква ў Масцішчы, пабудаваная ў 1935 годзе. Яе будынак з’яўляецца аўтэнтычным, а сама яна – выдатным прыкладам ландшафтнага дызайну. Пабудавана ў так званым “закапанскім стылі”. Уласнікам стараверскай царквы з’яўляецца Дрэўлеправаслаўная паморская царква ў Рэспубліцы Беларусь (г. Полацк). Днямі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч разам з супрацоўнікам аддзела Г. С. Сенчанка пабывалі ў вёсцы Масцішча, паразмаўлялі з жанчынай, якая “апякае” сам будынак. У вёсцы практычна не засталося жыхароў, многія дамы нежылыя. Мнагалюдна тут толькі на Радаўніцу, калі збіраюцца да 40 чалавек. Аднак сёлета людзей было зусім мала. Сама царква і могілкі ў добрым стане. Магчыма, калі атрымаюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, сюды пралягуць экскурсійныя маршруты, і ў населенага пункта з’явіцца надзея на другое жыццё. Але перш за ўсё для гэтага патрэбна згода ўласніка… Пажывём – пабачым.

 

 

20 мая работнікі раённага Цэнтра культуры, райбібліятэкі і музея шчыра папрацавалі ў Малой Люцінцы і ў Тупальшчыне, у месцах, дзе жыў і пахаваны пачынальнік беларускай драматургіі В. Дунін-Марцінкевіч.

Прыбралі гістарычныя месцы ад смецця, выразалі лішнюю расліннасць, пафарбавалі і падправілі месца апошняга спачыну Дудара.

 

 

У дзіцячых школах мастацтваў раёна вучацца 735 чалавек. Непасрэдна навучанне ў сценах устаноў працягваюць 479 выхаванцаў.

У сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай па заявах бацькоў адсутнічаюць на занятках 34 чалавекі. Яшчэ 220 хлопчыкаў і дзяўчынак па заявах бацькоў пераведзены на навучанне на аддаленасці. Такія рэаліі часу. Даныя ўзяты на 18 мая.

 

 

Эколага-біялагічны клуб “Юны арнітолаг” некалькі гадоў працуе на базе Сакаўшчынскага ВПК, кіруе ім Яніна Віктараўна Макрыцкая.

Юныя аматары прыроды назіраюць за птушкамі ў розныя часы года. Для гэтых мэт выкарыстоўваюць інтэрактыўную пляцоўку аграсядзібы “За масточкам” у вёсцы Замасцяны і іншыя месцы пасялення, гнездавання птушак. Зараз настаўніца разам з найбольш актыўнымі школьнікамі распрацоўваюць урок б’ёрдводчынга (назіранне за птушкамі). А неўзабаве пачнуцца здымкі: урок стане відэаролікам для ўдзелу ў раённым фестывалі мастацтваў, прымеркаваным да 1 чэрвеня – Дня абароны дзяцей. Як і ўсе мерапрыемствы ў апошні час, фестываль пройдзе ў анлайн-рэжыме.