Увага!

Закон и порядок

 

Станьце ўважлівей!

З 25 мая па 5 чэрвеня служба ДАІ праводзіць акцыю “Увага – дзеці!”. На тэрыторыі раёна прадугледжаны спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы і Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху.

Напамінаем кожнаму вадзіцелю, што падчас акцыі рухацца па дарогах неабходна з уключаным святлом фар у светлы час сутак. У абавязковым парадку перавозьце дзяцей прышпіленымі рамянямі бяспекі, а для дзяцей малодшага ўзросту выкарыстоўвайце адпаведнае крэсла.

Не менш увагі і адказнасці патрабуецца і ад бацькоў. Дарослым неабходна прыняць усе меры, каб з хлопчыкамі і дзяўчынкамі не адбылося ніякіх няшчасных здарэнняў. Найперш, будзьце для іх прыкладам, а па-другое – не пакідайце малых без нагляду. Не забывайцеся кожны дзень нагадваць малым пра Правілы дарожнага руху: дзе дазваляецца гуляць, як пераходзіць вуліцу і інш.

Магчыма, для кагосьці добрай навукай стануць наступныя прыклады. Так, 15 сакавіка ў пасёлку Юбілейны, што ў Мінскім раёне, пад колы аўтамабіля “Пежо” трапіў дзевяцігадовы хлопчык, які выбягаў на праезную частку з-за прыпаркаванага транспартнага сродку. У вёсцы Ляхавічы (Дзяржынскі раён) дзядуля гуляў з двухгадовым унукам, адвярнуўся на хвіліну і не заўважыў, як дзіця выбегла на дарогу. Добра, што вадзіцель паспеў загадзя затармазіць…

Вельмі часта пацярпелымі ў ДТЗ становяцца непаўналетнія пасажыры. Зусім нядаўна, 17 мая, адбылася трагедыя ў Барысаўскім раёне. Там у выніку лабавога сутыкнення легкавушкі і грузавога прычэпа загінулі шэсць чалавек: вадзіцель і пяць пасажыраў, з якіх трое – непаўналетнія дзяўчаты. Устаноўлена, што ўсе яны былі ў стане алкагольнага ап’янення. Каб бацькі правільна выхоўвалі дачок, яны б і спіртнога не ўжывалі, і ў аўтамабіль з падпіўшымі хлопцамі не селі.

Заклікаем усіх дарослых: бацькоў, педагогаў, а таксама вадзіцеляў транспартных сродкаў быць уважлівымі, расказваць дзецям пра небяспеку, якая можа таіцца на дарозе. Памятайце, што бяду можна папярэдзіць!

Наш кар.