На Валожыншчыне стартавала дабрачынная акцыя супраць COVID-19

Безопасность и здоровье Важное Главное

Інспектар ТЦСАН Наталля ХАДАСЕВІЧ падчас дабрачыннай акцыі ўручае сродак для дэзінфекцыі Наталлі Сцяпанаўне ДЗЕНІСЕНКА

На хвалі прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў суботу, 28 сакавіка, распачаў дабрачынную акцыю для адзінокіх пажылых грамадзян і людзей з інваліднасцю па выдачы сродкаў для дэзінфекцыі.

Гэта падзея стала магчымай дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вобласці і спонсарскай дапамозе ТАА “Астодэвелопмент”. Кампанія перадала сталічнаму рэгіёну 1000-мілілітровыя ёмістасці раствору “Унадэз”. Валожыншчына атрымала 46 такіх бутэлек. Распачынаючы акцыю, інспектар ТЦСАН Наталля Хадасевіч уручыла першыя сродкі для дэзінфекцыі і памяткі аб эфектыўнай прафілактыцы каронавіруса жыхаркам райцэнтра Марыі Іосіфаўне Шыбут і Наталлі Сцяпанаўне Дзенісенка.

… і Марыі Іосіфаўне ШЫБУТ

Яна таксама нагадала, што ў цэнтры сацабслугоўвання па тэлефоне 68075 дзейнічае “гарачая лінія” па прыёме заявак на набыццё і дастаўку прадуктаў першай неабходнасці і лекаў на дом (не для ўсіх! – заўв. рэд.), аказваюцца многія іншыя паслугі. Жанчыны шчыра падзякавалі за праяўленыя копат і ўвагу, падзяліліся з госцяй і журналістамі слушнымі жыццёвымі разважаннямі. Хутка перададзены раёну дабрачынны “Унадэз” атрымаюць і іншыя прадстаўнікі адраснай катэгорыі.

Да акцыі супраць COVID-19 далучылася і РУП “Мінская фармацыя”. Прадпрыемства накіравала ў ТЦСАН 230 масак і сродкі для дэзінфекцыі рук. Як паведаміла дырэктар установы Галіна Рай, яны будуць раздадзены сацыяльным работнікам, што знаходзяцца ў пастаянным кантакце з пажылымі людзьмі. Сёння на гэтых пасадах працуюць 105 чалавек, на іх абслугоўванні – каля 1200 жыхароў Валожыншчыны.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА