События прошедшей недели

Общество

Спецыяліст камерцыйнага аддзела Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” Наталля Жамоздзік прыняла ўдзел у ХХIII міжнароднай аграпрамысловай выставе “Агра-2011”, якая ў пачатку чэрвеня праходзіла ў Кіеве. Яна прадставіла ўзоры і каталогі прадукцыі філіяла, а гэта дасць магчымасць у будучым пашырыць рынкі збыту і знайсці новых пакупнікоў.

Супрацоўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна са службай ДАІ па выхадных праводзяць спецыяльныя рэйды ў месцах масавага адпачынку. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута каля дзесяці правапарушальнікаў, якія паркавалі аўтамабілі ў прыбярэжнай зоне да 30 метраў.

Зараз самая працаёмкая пара для работнікаў гадавальніка ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”. На 22,6 гектара плошчаў ідзе праполка і падкормка саджанцаў сасны, елкі, дуба, клёна, лекавых траў. У спякотныя засушлівыя дні тут расходуюць на паліў да трох тон вады.

Валожынская ДЮСШ АФП пры падтрымцы аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама арганізавала і правяла два камерцыйныя паходы па Заходняй Бярэзіне. У першы паход адправіліся юныя івянчане – наведвальнікі Нядзельнай школы, следам за імі паспрабавалі сябе ў байдарачным сплаве супрацоўнікі раёна электрычных сетак. Выручаная за падарожжы сума склала 800 тысяч рублёў, а новы від паслуг набірае попыт.

Цэлы месяц на тэрыторыі раёна праходзіў месячнік “Чыстае паветра”, падчас якога правяраліся аўтамабільныя выхлапы на ўтрыманне шкодных рэчываў і задымленасці. Праверка гаражоў прадпрыемстваў і выезды на трасы паказалі, што ў параўнанні з мінулымі гадамі аўтамабілі сталі больш экалагічна чыстымі.

Лепшымі вучаніцамі па выніках навучальнага года ў Ракаўскай дзіцячай музычнай школе прызнаны васьмікласніца Эльвіра Гурына і сямікласніца Вікторыя Стэльмацкая, якія займаюцца па класу фартэпіяна. Сёлета дзяўчыны падзялілі 3-е месца на абласной алімпіядзе па сусветнай музычнай літаратуры і занялі адпаведна 2-е і 3-е месцы на раённай алімпіядзе па сальфеджыо.

Моцная падрыхтоўка і доўгачасовыя трэніроўкі дазволілі прадстаўленай івянецкімі школьнікамі камандзе нашага раёна ўдала выступіць на абласной спартакіядзе па лёгкаатлетычнаму кросу ў Лагойску. Юныя спартсмены занялі 3-е каманднае месца з 23 магчымых, саступіўшы толькі зборным Маладзечна і Мінска.

 



Добавить комментарий