Іскра адна, а шкоды — многа…

Безопасность и здоровье Важное Общество

Калі выязджалі з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у сумесны рэйд, не чакалі нават, што месца, дзе неабходна дапамога выратавальнікаў-пажарных, убачым адразу ж. Імчалі, арыентуючыся на клубы белага дыму, якія віднеліся дзесьці ў баку Дораў…

Крыніцай задымлення аказалася загаранне сухой расліннасці каля вёскі Зарэчча. Калі мы туды падаспелі, выратавальнікі з Дорскага пажарнага паста і два добраахвотнікі з ліку мясцовых жыхароў ужо ліквідавалі агонь па перыметры з дапамогай спецыяльнай прылады і іншых падручных сродкаў. Справа ў тым, што мясцовасць тут збалочаная, тэхніка пры пад’ездзе да ачага загразне. А даўжыня пажарных рукавоў, якімі быў укамплектаваны спецаўтамабіль, аказалася недастатковай… Таму і прыйшлося хлопцам змагацца з агнём вось так, літаральна ўручную. Няпростая задача, але з ёй паспяхова справіліся.

Як потым падлічылі, плошча згарэлага сухастою склала каля 2,5 гектара. Пашанцавала, што агонь рушыў не ў бок хат, інакш страты былі б куды больш маштабныя…

Што ж здарылася? Прычына банальная. Адзін з жыхароў расклаў на сваім падворку вогнішча. Пакуль адвярнуўся па справах, ветрам падняло іскры і апусціла іх акурат у сухой расліннасці… Мужчына напачатку спрабаваў змагацца з пажарам, праўда, беспаспяхова. Тады і папрасіў дапамогі ў пажарнай службы.
Улічваючы, што чалавек не пабаяўся прызнаць сваю памылку і пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, закон абышоўся з ім мякчэй, чым магло б быць. Тым не менш, за прычыненую шкоду адказваць ўсё роўна давялося. Як паведаміў начальнік РАНС Аляксандр Сівы, мужчыне быў прызначаны штраф.

Анатоль, які выклікаў МНС, сумленна расказаў: «Я расклаў вогнішча на сваім падворку, вырашыў спаліць смецце. Падзьмуў вецер, іскра трапіла ў сухастой. Вось ён, вынік, перад вамі.

Спрабаваў тушыць сам, але аказалася не па сілах. Полымя вельмі хутка распаўсюдзілася… Гэта навука. І не толькі мне. Кожнаму варта быць асабліва абачлівым з агнём, бо да бяды, як бачыце, зусім недалёка».

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА