Кіпіць работа на аб’екце

Важное

Менавіта так можна ахарактарызаваць ход узвядзення будынка Івянецкага дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці.

Пятніца. 13 гадзін. Чарговая нарада зацікаўленых службаў праходзіць у бытавым памяшканні. Аднак, нягледзячы на часовае прызначэнне, усё тут зроблена па-гаспадарску акуратна – і гэта адразу кідаецца ў вочы. Сур’ёзны аб’ект, сур’ёзныя выдаткі, такія ж і адносіны да ўчастка працы. А вось што датычыцца самой будоўлі – то тут работа “кіпіць” у літаральным сэнсе слова. І праз месяц часу з апошняга нашага наведвання, калі толькі закладваліся першыя цаглінкі, зараз ужо вядзецца мураванне другога паверха. Аб тым, што зроблена амаль за пяць тыдняў, расказаў дырэктар філіяла “ПМК-17” ААТ “Палессежылбуд” Уладзімір ВАЛЧОК:

– Практычна завершаны першы паверх перакрыццяў, выйшлі на другі паверх. Заліваецца чаша басейна. Вядуцца работы па майстраванні ўваходаў ганкаў і пандусаў. Пачалі ўстаноўку аконных блокаў па перыметры будынка на першым паверсе. На завяршальнай стадыі знаходзіцца пракладка вонкавых сетак і камунікацый: водаправод і каналізацыя зроблены поўнасцю, ідзе будаўніцтва сетак сувязі.

У красавіку распачнём добраўпарадкаванне тэрыторыі: спачатку зробім вертыкальную планіроўку – падсыпку грунту на ўсёй плошчы будоўлі і ўпарадкаванне вуліцы ўздоўж прыватных дамоў. Таксама ў наступным месяцы будуць манціравацца кацельная, газаразмеркавальная станцыя, пажарныя ёмістасці.

Работы вядуцца згодна з графікам. Сродкі, выдаткаваныя на сакавік, асвоены поўнасцю. Атрымалі неабходныя сумы на набыццё цэглы і жалезабетонных перакрыццяў у красавіку. На будоўлі заняты 9 адзінак тэхнікі, працуе 81 чалавек.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА