Паэзія як музыка душы

Культура

Да Сусветнага дня паэзіі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы была праведзена літаратурная гасцёўня “Душы распеўнасць і крылатасць”, куды завіталі члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” і проста неабыякавыя да мастацкага слова людзі.

Вядучая мерапрыемства адзначыла, што вершаваныя радкі, якія нараджаюцца ў таямніцах душы песняра, абуджаюць, даюць сілу, веру ў сапраўднае і непрадказуемае. Яны дапамагаюць адчуваць бясконцую любоў да жыцця і могуць стаць адказам на самыя глыбокія пытанні сучаснага чалавека. А для гэтага неабходна прыцягнуць да паэзіі як мага шырэйшую грамадскую ўвагу.

Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменікаў Саюзнай дзяржавы Валянціна Гіруць-Русакевіч павіншавала прысутных са святам і адзначыла, што яно ўсеагульнае, бо датычыцца і тых, хто піша, і хто чытае, любіць паэзію. Яна прадэкламавала прысутным свае новыя вершы, у тым ліку першую частку твора “Малая радзіма” “Вёска”.

Таленавітая дачка Валожынскай зямлі, настаўніца па адукацыі, удзельніца “Руні” Галіна Гражынская пачытала ўласныя добрыя, прачулыя вершы пра беларускую мову, родны горад, людзей, каханне і прыроду. Светлыя, прыгожыя творы прапанавала ўвазе слухачоў і Надзея Агіевіч.

Прысутныя на мерапрыемстве таксама з’явілі жаданне пачытаць любімыя паэтычныя радкі. Узвышана і натхнёна прагучаў верш Ніла Гілевіча “Край мой беларускі”, напоўнены любоўю да мілых сэрцу мясцін. Дэкламаваліся таксама творы нашых таленавітых землякоў Марыі Шакун, Міхася Курылы, Дзмітрыя Краскоўскага і інш.

Усім, хто завітаў у той дзень у бібліятэку, цікава было пазнаёміцца з выставай зборнікаў творцаў з Валожыншчыны “Паэзія як музыка душы”, якую арганізавалі работнікі ўстановы.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара