Пра што марыў Стары Улас?

Люди и судьбы

У Валожыне шмат гістарычных мясцін – палацава-паркавы ансамбль Тышкевічаў, касцёл Святога Юзафа, царква святых Канстанціна і Алены… Аднак ёсць на карце горада яшчэ адно месца, куды варта зазірнуць цікаўнаму вандроўніку. На доме № 49, што па вуліцы Савецкай, здалёк заўважаеш памятную дошку, а на ёй наступныя словы: “У гэтым доме да 1914 года жыў вядомы беларускі збіральнік фальклору, паэт і публіцыст Стары Улас  (Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі)”.

Пра Старога Уласа маюцца звесткі ў “Беларускай энцыклапедыі”. Янка Купала хацеў быць рэдактарам яго кнігі. Фенамен паэта-самародка высока ацэньваў Максім Багдановіч. Максім Гарэцкі ў газеце “Наша ніва” пісаў: “Яго творы каштоўныя для нас і арыгінальныя тым, што паказваюць, як стварае сам народ”.

У сакавіку ў жыхароў Валожыншчыны, як і ў кожнага беларуса, ёсць нагода, каб успомніць пра славутага земляка – адзначаецца 155-годдзе з дня яго нараджэння.

Уладзіслаў Пятровіч нарадзіўся 10 (23) сакавіка 1865 года ў Віленскай губерні ў сям’і выхадцаў з валожынскіх сялян – Пятра (кухара графа Тышкевіча) і Людвікі. Іх сын рана застаўся сіратой. Працаваў на графскай кухні. Як старанны работнік быў заўважаны Міхаілам Тышкевічам і прызначаны аб’ездчыкам лясных угоддзяў, а затым і ляснічым. За шматгадовую службу Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі атрымаў ад графа надзел у вёсцы Шашальгішкі, дзе пабудаваў сабе другі дом, той, што ў Валожыне, пакінуў дзецям.

Расказаць вам без падману –

Праслужыў я век свой пану.

Дык за то панічка той

Наградзіў мяне зямлёй.

Герард Сівіцкі – унук паэта. Ён нават нарадзіўся ў тым самым доме, што па вуліцы Савецкай, тады, калі дзед яшчэ быў жывы, але памятае славутага продка дрэнна. У 1939 годзе, калі Стары Улас памёр, малому было толькі чатыры гады. Са слоў бабулі Антаніны ведае, што продак быў добрым, справядлівым, міласэрным, заўсёды заступаўся перад графам за сялян. Ён добра ведаў жыццё простых людзей, разумеў іх чалавечую годнасць. Вельмі цаніў у земляках тое, што Янка Купала фармуляваў як “людзьмі звацца”. Дарэчы, у сям’і Сівіцкіх да гэтага часу захоўваецца паданне, быццам менавіта дзядуля пазнаёміў песняра з яго нарачонай – Уладзіславай Станкевіч.

Унук Старога Уласа са сваім унукам Уладзіславам.

Пры жыцці Старога Уласа яго творы асобнай кнігай не выдаваліся – публікаваліся ў календарах і газетах. Адкрыў паэта ў 1990 годзе беларускі крытык і літаратуразнавец Вячаслаў Рагойша. Каб кніга “Год беларуса” ўбачыла свет, доктару філалагічных навук давялося доўга працаваць у бібліятэчных архівах Беларусі, Літвы і Польшчы.

У. Сівы-Сівіцкі быў сапраўдным патрыётам. Вядома, што нават адмовіўся атрымліваць польскі пашпарт (калі тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы), пакуль у дакуменце не зрабілі запіс пра тое, што ён беларус. А яшчэ пры царскай уладзе на ўласныя сродкі адкрыў школу, у якой навучанне вялося на роднай мове. Пры гэтым ён ніколі не ўдзельнічаў у рабоце тайных таварыстваў, проста любіў свой народ і яго мову. А марыў пра адно:

Каб пасля смерці ды свае косці

У беларускай злажыць зямлі…

У зборніку “Пісьменнікі Беларусі” гаворыцца пра тое, што пісаць Стары Улас пачаў пад уплывам газеты “Наша доля”. Але Герард Сівіцкі ўпэўнены: таму, што закахаўся ў пані Вайцяхоўскую – сваю будучую жонку. Нездарма яго першыя вершы з’явіліся ў 1892 годзе. А затым было вяселле…

Натхнялі на творчасць паэта родная прырода, сялянская праца, фальклор, побыт і нават норавы сучаснікаў. Напрыклад, выклікае ўсмешку верш “Мода”, у якім высмейваецца новаўвядзенне таго часу – галенне галавы і вусоў. Таму паэт дапускае:

Пагалоскі ж ёсць таковы,

Што і бабы ўжо гатовы

Будуць скора ўсё галіць.

Што ж, і гэта можа быць!..

Стары Улас выступаў і як журналіст – бічаваў чалавечыя недахопы. “Морам ліецца ў нас гарэлка, і нашы сяляне так абласаваліся ёй, што іншыя дзеля яе пад прысягай сведчыць несправядліва ідуць. Ой, ці не пара было б апомніцца?” – усклікае ён у артыкуле “П’юць, п’юць, душу прадаюць”.

Зараз, калі творцы даўно няма ў жывых, выдаюцца яго кнігі, літаратуразнаўцы пішуць пра яго навуковыя працы, яго імя – у энцыклапедыях і даведніках. Ці марыў пра такое паэт-самародак? У вершы “Апошняе жаданне” ён усяго толькі прасіў:

Толькі пастаўце крыж дубовы

Мне на магілцы, прашу я вас,

А на крыжы напішыце словы:

“Тут пахаваны Стары Улас”.

Памёр У. Сівы-Сівіцкі 30 верасня 1939 года ў перыяд аб’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй. Пахаваны на вясковых могілках у вёсцы Сужаны (сёння – Літва).

Герард Сівіцкі не толькі ганарыцца сваім славутым дзедам, але і старанна захоўвае памяць аб ім. Яго нашчадкам таксама ёсць чым ганарыцца. Пасля заканчэння з адзнакай школы міліцыі ён прайшоў няпросты шлях ад лейтэнанта да генерала. У лёсе сваякоў шмат паралеляў. Дзед ганяўся за браканьерамі, унук змагаўся з парушальнікамі закону. Дзед дапамагаў простым людзям, і ўнуку давялося паслужыць свайму народу, у тым ліку і ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Але галоўным для абаіх былі і застаюцца павага ад землякоў і іх добрая памяць.

Аляксандр СТРЫГАЛЁЎ

Фота з асабістага архіва Герарда Сівіцкага