Галоўны скарб у сэрцы прыхаваны

Официально

Чарговым прыпынкам у час нашай камандзіроўкі ў Пральніцкі сельсавет стала вёска Шэлеўшчына, тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Вікенцій Канстанцінавіч Залатар.

Вікенцій Канстанцінавіч і яго жонка Любоў Іосіфаўна аказаліся людзьмі няспешнымі, мяккімі, прыемнымі ў зносінах. Яны сядзелі на лавачцы перад домам і грэліся ў цёплых промнях чэрвеньскага сонца. Адразу гасцінна запрасілі ў дом і наперабой пачалі расказваць пра дзяцей і ўнукаў. І толькі станоўчае. Ніякіх скаргаў, заўваг, незадавальнення, як гэта звычайна бывае ў гаворцы пра сённяшняе пакаленне.

Муж і жонка Залатары ўжо больш за семдзесят гадоў разам. На пытанне: “У чым сакрэт іх сямейнага шчасця і даўгалецця?” шчыра адказалі: “Узаемаразуменне і павага адзін да аднаго. Усё жыццё разам: і ў радасці, і ў горы, і ў полі працаваць, і свята святкаваць…”

Пра гады вайны старыя ўспамінаць не любяць – надта жудасны і страшэнны след пакінулі яны ў сэрцы кожнага. “Не дай Бог не толькі яе бачыць, але нават чуць пра гэта!” – гавораць яны ў адзін голас. Да вайны ўсё пачыналася так гладка. Вікенцій Канстанцінавіч сам мясцовы, з Шэлеўшчыны. Скончыў у Судніках чатырохгадовую польскую школу. Ажаніўся, нарадзілася дачушка, а тут – вайна, якая цалкам перакрэсліла мірнае жыццё, змяніла яго ўклад. Івянецкім ваенкаматам быў прызваны ваяваць. Дайшоў пехацінцам аж да Германіі. Цвёрдымі крокамі мераў шчодра палітую крывёй беларускую зямлю, затым Польшчу. Добра памятае, як ужо ў канцы вайны адцяснялі ворага з усходу і ў нямецкім порце Штэцін сустрэліся з амерыканскімі войскамі. Тут і зразумеў, што хутка вайне канец. Пасля Вікенцію Канстанцінавічу неаднаразова прапаноўвалі застацца служыць у польскім войску, нават жыллё абяцалі. Аднак увесь час цягнула на радзіму – тут яго чакала сям’я. Калі ў 46-м вярнуўся ў вёску, чатырохгадовая дачушка нават не прызнала бацьку – больш за тры гады не бачыла. Шмат гора і пакут зведала ў гады вайны і Любоў Іосіфаўна. Адна з дзіцем на руках жыла ў поўным адчаі і няведанні. Памятае, як немцы палілі вёскі Проўжалы, Ойцінава. Былі спробы спаліць і іх Шэлеўшчыну. “Ды толькі Бог аказаўся літасцівы да нашых людзей”, – разважае жанчына.

Спадчыны вялікай яны не атрымалі – сваім мазалём зараблялі ўсё жыццё і на кавалак хлеба, і на хату, і на гаспадарку. Вікенцій Канстанцінавіч – чалавек умелы, не было такой работы, якая б яму не скарылася. Пасля вайны сам пабудаваў новы дом, удваіх з жонкай вазілі дрэва, габлявалі дошкі. У былым калгасе “Камсамолец” працаваў будаўніком. У складзе брыгады з шасці чалавек столькі жылля адбудаваў, што людзі і сёння ўспамінаюць яго добрым словам. Паступова разжыліся і ўласнай гаспадаркай: заўсёды трымалі каня, карову, хатнюю птушку. Любоў Іосіфаўна доўгі час працавала на ферме даяркай, шчыравала на калгасных дзялках, мае ўзнагароды. У першыя пасляваенныя гады, калі грошай зусім не хапала, насіла пешшу на каромысле прадаваць расаду капусты ў Івянец. Зараз гэты адрэзак шляху цяжка пераадолець нават на транспарце. Шмат узнагарод і ў Вікенція Канстанцінавіча, ды толькі ўсе яны нагадваюць пра былыя гады ліхалецця. Яны беражліва прычэплены да святочнага пінжака ветэрана, які апранаецца толькі з нагоды. Калі-нікалі дастае іх, каб паказаць праўнукам Косціку і Дзіму, ды тыя пакуль не зусім разумеюць, за што іх дзядуля атрымаў. Ганарыцца пенсіянер і тым, што яго любімы ўнук даслужыўся да звання падпалкоўніка і таксама, як калісьці і ён, гатовы абараняць радзіму.

Хуткім цягніком праляцелі гады. Не павярнуць яго ў адваротным накірунку, не спыніць. Толькі асобныя, найбольш яркія і запамінальныя моманты жыцця ў сэрцы засталіся. Галоўны скарб чалавека ў сэрцы прыхаваны…

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА.

 



Добавить комментарий