Рэгіянальныя навіны

Региональные новости

На 2020 год сельгаспрадпремствам раёна даведзены наступны дзяржаўны заказ на пастаўку прадукцыі.

Раён павінен здаць зерня 7 тысяч 160 тон. У тым ліку ў разрэзе зерневых культур: пшаніцы – 4300 тон, жыта – 1520, ячменю – 430 і ячменю піваварнага – 910 тон. Цукровых буракоў неабходна здаць у дзяржаўны фонд 40 тысяч тон, а таксама 1000 тон алеянасення рапсу. Цяпер усё залежыць ад догляду за пасевамі, своечасовай іх апрацоўкі, падрыхтоўкі ўборачнай тэхнікі і, зразумела, спрыяльных умоў надвор’я.

 

 

21 мая адзначыла 80-гадовы юбілей былы старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Мікалаеўна Жывіцкая. 45 гадоў жыцця аддала гэта энергічная жанчына рабоце ў адной са старэйшых грамадскіх арганізацый рэспублікі.

У дзень юбілею на дом да Жанны Мікалаеўны завіталі старшыня раённай арганізацыі, якая змяніла яе на гэтым пасту, Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская з падарункамі і віншаваннямі ад сябе і Мінскай абласной арганізацыі. Разам з ёй з букетам кветак і падарункам наведалася і першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Наталля Паўлаўна Лоўчая. Згодна з няпростымі рэаліямі сённяшняга часу, юбілярцы перададзены таксама ахоўныя маскі і антысептыкі. У той дзень віноўніца ўрачыстасці прымала віншаванні з ранку да вечара.

 

 

У Пінску адбыўся рэспубліканскі этап прадметнай алімпіяды па інфарматыцы сярод школьнікаў.

У фінале алімпіяды прымаў удзел вучань 11 класа гімназіі № 1 г. Валожына Ігнат Шаргародскі. Выхаванец настаўніцы Таццяны Леанідаўны Барахоўскай паказаў выдатныя веды. У тройку прызёраў Ігнат не трапіў, але дарагога каштуе сам факт таго, што таленавіты вучань дайшоў да заключнага этапу.

 

 

Сіламі штатных супрацоўнікаў раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і членаў таварыства з ліку рыбаловаў падчас акцыі “Чысты вадаём” ачышчаны ад смецця каля трох кіламетраў прыбярэжнай паласы Сакаўшчынскага вадасховішча.

Сабрана 3 кубаметры смецця. Трэба адзначыць, што пакідаюць яго не толькі адпачывальнікі, але і самі рыбакі, бо траплялася шмат тары ад прынады, якую яны прывозяць на рыбалку, і пластыкавых бутэлек.

 

 

У рамках месячніка Чырвонага Крыжа валанцёры раённай арганізацыі Таварыства на мінулым тыдні правялі на гарадскім рынку традыцыйную акцыю “Блага – дару”.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, што гандлявалі ў той дзень, перадалі 35 адзінак адзення (штаны, майкі, кашулі, бялізну, шкарпэткі і інш.), 19 пар абутку, рукзак і 32 рублі. Адзенне і абутак размеркаваны паміж сіротамі, якія вучацца ў ліцэі, і выхаванцамі аддзялення прытулку. У мінулыя гады ахвяраванняў было значна больш, але цяпер на рынку і гандляроў стала менш, і настрой у людзей адпаведны часу. Арганізатары акцыі ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся на просьбу аб дапамозе.

 

 

Згодна з круглагадовым улікам дзікіх жывёл, па даных на 1 красавіка бягучага года, у паляўнічых угоддзях раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў налічваецца 480 казуль, 125 ласёў і 100 аленяў. Мядзведзі і рысі не зафіксаваны. Прырост адзначаецца па ўсіх відах жывёл.

 

 

У будынку былога памяшкання сельвыканкама ў вёсцы Забрэззе, якое затым стала ўласнасцю ААТ “Лоск”, у маі адкрыўся камерцыйны магазін “Усё для вас”. Адкрыла яго валожынская прадпрымальніца Наталля Зянько, што мае падобныя крамы ў Сугваздах і Дубіне.

Вяскоўцаў радуе разнастайнасць малочных тавараў ад усіх вытворцаў рэспублікі, асартымент каўбасных і мясных вырабаў і іншых прадуктаў. Ёсць магчымасць набыць таксама тавары бытавой хіміі. У гэтым населеным пункце ёсць яшчэ магазін, які цяпер належыць Стаўбцоўскаму райспажыўтаварыству. Яго паліцы таксама напоўнены разнастайнымі таварамі. Па серадах і пятніцах прыязджае прыватная аўталаўка з Ракава. У людзей з’явілася магчымасць цэнавога выбару, што немалаважна.