Валожын абудзіў яго душу…

Культура Люди и судьбы

На філфаку БДУ напрыканцы ХХ стагоддзя выкладалі шмат рознай літаратуры: айчыннай, замежнай, антычнай, сучаснай… Карацей, імкнуліся абняць неабдымнае. Але многія славутыя імёны былі пад забаронай. У прыватнасці, ніколі не ўзгадваўся паэт і празаік Хаім Нахман Бялік, які ўнёс бясцэнны ўклад у развіццё яўрэйскай мастацкай славеснасці. Яго нярэдка называюць яўрэйскім Пушкіным. Хаім Бялік сваёй творчасцю даказаў, што на іўрыце можна не толькі тэалагічныя тэксты пісаць, але і перадаваць душэўныя пачуцці чалавека. Сёння ў Ізраілі кожны горад мае вуліцу імя Хаіма Бяліка, яго памяць ушанавана ў Берліне, Адэсе, Жытоміры, у буйных еўрапейскіх гарадах ёсць музеі, прысвечаныя гэтаму чалавеку. Прыйшоў час і Валожыну аддаць даніну павагі сусветнаму класіку, бо менавіта ў Валожыне ён адчуў у сабе патрэбу пісаць, тут сфарміраваўся яго светапогляд, тут з-пад яго пяра нараджаліся першыя вершы…

Імя Хаіма Бяліка, яго біяграфія не былі сакрэтам для супрацоўнікаў раённага краязнаўчага музея. Расказваючы пра валожынскую іешыву, яны абавязкова ўспаміналі 37 знакамітых рабінаў, якія яе скончылі, і не забываліся пра паэта і пісьменніка Хаіма Бяліка. У мінулым годзе гісторык, публіцыст, культуролаг, доктар гуманітарных навук Алесь Белы арганізаваў у музеі невялічкую экспазіцыю выцінанак па творах Хаіма Бяліка, прывёз для азнаямлення зборнік паэта ў перакладзе на беларускую мову, запісы песень на яго тэксты. У выніку – узнікла ідэя данесці валожынцам як мага больш звестак пра класіка яўрэйскай літаратуры.

13 сакавіка ў раённым краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай жыццю і творчасці Хаіма Нахман Бяліка. Сярод гасцей былі прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай акадэміі мастацтваў Яўген Феліксавіч Шунейка, мастацтвазнавец, аспірант Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, жывапісец Глорыя Маркаўна Ран, член Беларускага саюза мастакоў, архітэктар, дызайнер Фёдар Сяргеевіч Ладуцька. Раённую ўладу прадстаўляў начальнік упраўлення па ідэалогіі, культуры і справах моладзі Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што для Валожына вялікі гонар – мець у сваёй гісторыі старонку, злучаную з такім вядомым чалавекам. Гэта патрабуе ад нас, сучаснікаў, паклапаціцца пра ўстаноўку памятнага знака ці дошкі на гары Бяліка (так студэнты іешывы называлі гару, куды сямнаццацігадовы Хаім хадзіў любавацца Валожынам, зараз тут размяшчаецца сельскагаспадарчы ліцэй). Імя Хаіма Бяліка трэба ўвекавечыць: праз наш горад пралягае шмат турыстычных маршрутаў, і яшчэ адзін аб’ект толькі паспрыяе прытоку зацікаўленых людзей. Не лішнім было б і адну з вуліц у райцэнтры назваць імем знакамітага паэта.

Адзначу, што ўсе сабраныя аднадушна пагадзіліся з такімі прапановамі. А выстава і сапраўды вартая таго, каб з ёй пазнаёміцца. Зараз, калі масавыя мерапрыемствы лепш абыходзіць бокам, наведайце раённы краязнаўчы музей. Яго супрацоўнікі паклапаціліся пра мультымедыйную ўстаноўку. Вы можаце застацца сам-насам з экспанатамі, а на экране тэлевізара прачытаць цікавыя звесткі пра Хаіма Бяліка, паглядзець унікальную падборку фатаграфій. У выставачнай зале ёсць бюст паэта – гэта першая скульптурная выява Бяліка ў Беларусі. Не пазбаўлена ўнікальнасці і жывапіснае пано

Яўгена Шунейкі, на якім мастак паяднаў тэматыку аднаго з вершаў паэта і яго вобраз, нашу Беларусь і далёкую Палесціну. Не застанецеся раўнадушнымі і ад падборкі маляўнічых палоцен, зробленых аўтарамі розных узростаў, прыхільнікамі разнастайнай тэхнікі жывапісу. А песні і вершы на іўрыце, запісаныя на магнітафон, дапоўняць карціну, акунуць у далёкую, зніклую, але такую непаўторную эпоху. Эпоху, калі людзі імкнуліся да высокіх мэт.

Такім, дарэчы, быў і Хаім Бялік. Нарадзіўся ён на Валыншчыне, непадалёку Жытоміра, у беднай яўрэйскай сям’і. Бацькі яго рана памерлі, а дзядуля, адчуваючы, што не спраўляецца з энергічным падлеткам, вырашыў аддаць яго на вучобу ў валожынскую іешыву. Ведаў стары, што тут панавала жалезная дысцыпліна для такіх непакорных юнакоў! Хаім не вельмі гарэў жаданнем вывучаць тэалогію, але спакусіўся магчымасцю вывучэння моў, якіх, як яму казалі, у Валожыне выкладалі аж 72.

За два гады вучобы ў іешыве рэлігійнасці ў Хаіма не прыбавілася, ён сумаваў па радзіме, любіў адзіноту і зайздросціў птушкам, якія маглі паляцець, куды глядзяць вочы. І першы свой верш ён прысвячае ластаўцы: «О, цудоўная птушка, ты вярнулася на сваю радзіму праз далёкую і даўно страчаную маю. Скажы мне, як яна там жыве гэты доўгі час, без мяне і ўсіх нас?» Згодна з паданнем, гэта напісана сямнаццацігадовым Хаімам цёплым красавіцкім днём пасля працяглай халоднай зімы. Праз год верш будзе надрукаваны ў Адэсе. У 1921-м Беларусь зноў адыграе ў лёсе Бяліка немалую ролю – ён атрымае грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі, потым гэта дапаможа яму эмігрыраваць у Еўропу.

Біяграфія Хаіма Бяліка насычаная і захапляльная. Ён зведаў голад, пакутаваў ад непрызнання, а ў 1904 годзе стаў пры жыцці прызнаным класікам за паэму “Сказанне аб пагроме”. 

Штогод у Ізраілі прысуджаецца літаратурная прэмія імя Бяліка. З 1968 года на банкноце вартасцю 10 лір друкуецца яго партрэт.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара