Гісторыя з фатаграфіяй

Общество

Ініцыятыўныя супрацоўнікі краязнаўчага музея натхніліся ідэяй – разам з чытачамі газеты акунуцца ў эпоху, якая мінула не так даўно, але ўспрымаецца людзьмі па-рознаму.

Экспазіцыя музея налічвае вялікую колькасць старых фотаздымкаў, на кожным – імгненне нечага асабістага жыцця або агульныя падзеі, непазнавальныя знаёмыя краявіды…

У новай рубрыцы будуць прадэманстраваны рэдкія фатаграфіі, пададзены сапраўдныя факты. Нас чакае сустрэча з простай, але затое самай праўдзівай гісторыяй Валожыншчыны…

Для многіх хлопчыкаў горада Валожына сустрэча з Валерыем Лаўрэнцьевічам Шведам была значнай. Гэты чалавек здолеў заглянуць у дзіцячыя душы і сэрцы і запоўніў вольны час школьнікаў любімай справай.

Многія гараджане памятаюць каля возера абсталяваную спартыўную пляцоўку. Тут Валерый Лаўрэнцьевіч вучыў падлеткаў гуляць у старадаўнюю рускую гульню “Гарадкі”. Кожны дзень на пляцоўцы чуўся грукат і вясёлы дзіцячы смех. Гульня стала вельмі папулярнай у Валожыне. Хутка выхаванцы Шведа маглі не толькі дэманстраваць свае спартыўныя здольнасці ў спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўняў, але і дабівацца перамогі.

А яшчэ Валерый Лаўрэнцьевіч кіраваў гуртком “Юны радыётэлеграфіст” у цэнтры дзіцячай творчасці. “Дзядзька Валера!” – так называлі яго хлопчыкі і пасля школы з задавальненнем беглі сюды. Тут яны вучылі азбуку Морзэ і адчувалі сябе сапраўднымі радыётэлеграфістамі. Шмат часу праводзіў настаўнік з вучнямі. Ён прывіваў падлеткам любоў да Айчыны, рыхтаваў іх да службы ў арміі. Многія былыя выхаванцы Валерыя Лаўрэнцьевіча Шведа і сёння з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць свайго настаўніка.