Прымяненне інтэрактыўных тэхналогій

Молодежный курьер

На базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына адбылося раённае метадычнае аб’яднанне педагогаў-арганізатараў “Спецыфіка прымянення інтэрактыўных тэхналогій у рабоце педагога-арганізатара”.

Мерапрыемства праходзіла ў фармаце творчай лабараторыі і традыцыйна складалася з вучэбна-метадычнага і практычнага этапаў.

Вопыт работы сваёй установы прадставіла педагог-арганізатар СШ № 2 Святлана Макоўская. Яна правяла практыкум “Мы разам – гэта выдатна!”

Педагог-арганізатар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Антаніна Трацэўская пазнаёміла прысутных з выкарыстаннем інтэрактыўных тэхналогій у рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі.

У практычнай частцы на музейнай пляцоўцы члены аб’яднання “Наследнікі” СШ № 2 правялі экскурс “Беларуская хатка. Побыт нашых продкаў: куток ільноапрацоўкі”, міні-квэст “Музейныя загадкі”.

У цэнтры бяспекі жыццядзейнасці актывістка клуба выратавальнікаў-пажарных “Ліквідацыя”, вучаніца 11 класа Кацярына Бацян і інспектар Валожынскага РАНС

Л. Сівец адпрацавалі навыкі мадэліравання зададзеных сітуацый з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў навучання “Разам за бяспеку!”. Яны расказалі, што рабіць, каб не трапіць у надзвычайную сітуацыю і як правільна з яе выйсці ў выпадку, калі пазбегнуць гэтага не ўдалося. Таксама правялі практычныя заняткі на інтэрактыўных пляцоўках “Правілы паводзін на вадаёмах у зімовы перыяд” і “Правілы выкліку аварыйна-выратавальных службаў”.

Завяршылася мерапрыемства інтэлектуальна-забаўляльнай гульнёй “Поле цудаў”, якую правяла Кацярына Латышава з вучнямі 6-7 класаў. Падчас яе рабяты паказалі сваю эрудыцыю і кемлівасць, праявілі творчыя і разумовыя здольнасці. Пераможцам стаў вучань 7 “Б” класа Мікіта Станкевіч.

Сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы, кожны ўдзельнік метадычнага аб’яднання паказаў сваю актыўнасць і набыў новы каштоўны вопыт.

Наш кар.