Агульная генеральная ўборка

Общество

Па распараджэнні райвыканкама ў красавіку аб’яўлены месячнік навядзення парадку на зямлі.

У першую чаргу патрабуюць увагі і працавітых рук сельскагаспадарчыя аб’екты. Усё, што не абгароджана, не пафарбавана, не прыбрана, трэба давесці да ладу. Добраўпарадкавання чакаюць населеныя пункты, могілкі, месцы захавання адходаў. Патрабаванні чысціні будуць прад’яўляцца і членам дачных кааператываў, таварыстваў.

Грамадзяне павінны памятаць, што нарматыўныя правілы дзейнічаюць і падчас навядзення парадку на зямлі. Так, нельга вывозіць бытавое смецце, будаўнічыя адходы, старыя габарытныя рэчы і няспраўныя тэхнічныя прыборы на несанкцыянаваныя звалкі. Усё, што вы хочаце выкінуць, падвозьце да кантэйнерных пляцовак. Пакідайце там, нават калі кантэйнеры запоўнены. Здараецца, што непатрэбныя рэчы людзі адвозяць у лес, выкідваюць на абочыну дарогі, пакідаюць у іншых забароненых месцах. Супрацоўнікі інспекцыі па ахове прыроды і навакольнага асяроддзя паклапаціліся пра ўстаноўку вялікай колькасці фотапастак. Калі хтосьці трапіць у аб’ектыў відэакамеры, то заплаціць не толькі штраф, згодна з Кодэксам аб адміністрацыйнай адказнасці, але і пакрые матэрыяльны ўрон, нанесены прыродзе.

Такія ж санкцыі прадугледжаны для тых, хто будзе займацца паламі травы на сваіх прысядзібных участках. Паліць сухастой небяспечна як з пункту гледжання пажарных, так і прыродаахоўных арганізацый, бо агонь шкодзіць глебе, знішчае жывых істот у ёй. Не забывайцеся, што і за спілаванае дрэва па-за сваім участкам вы будзеце пакараны рублём. Перад тым, як ссекчы старое ці гнілое дрэва, парайцеся з прадстаўніком мясцовай улады, напішыце адпаведную заяву ў сельвыканкам ці райвыканкам. Толькі атрымаўшы дазвол, можна прыступаць да ліквідацыі небяспекі!

Для тых, хто збіраецца навесці парадак на сваім падворку і самастойна адвесці смецце, нагадваем, што ў раёне існуюць два міні-палігоны для адходаў – у вёсках Монькі і Пятрова.     

Наш кар.