З вялікай радасцю Вацлаў Іосіфавіч ПЯЛЭЙКА з Вішнева чакае ліпеньскае свята – Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Культура

Не толькі з нагоды гэтай урачыстасці жывуць у сэрцы ветэрана ўспаміны пра вайну. Пара ліхалецця прыйшлася на маладосць, на лепшыя гады ў жыцці чалавека, таму іх з памяці не выкінеш. Зведаў пакуты і нягоды, не раз глядзеў смерці ў вочы. Але добры Бог бярог зорку жыцця гэтага чалавека. Ваяваў у Заходняй Еўропе. Самым памятным боем быў той, калі прыйшлося фарсіраваць хуткаплынную раку Одэр. Пра мінулыя гады сведчаць шматлікія ўзнагароды, а ў сэрцы жывуць успаміны. Адзіны ўнук Павел у школьныя гады, ды і цяпер, вельмі любіў і любіць паслухаць успаміны любімага дзядулі пра баявыя дзеянні на фронце, пра рашучасць і смеласць нашых салдат.

Ветэран вайны ўжо размяняў дзевяты дзесятак гадоў. Цешыцца, што Бог дае яму магчымасць шчасліва жыць сярод сваіх родных, любавацца прыгажуняй праўнучкай Яначкай. Яго сэрца радуецца, што людзі жывуць шчасліва, што Беларусь, за якую змагалася яго пакаленне, становіцца ўсё больш квітнеючай і заможнай.

Засталіся на доўгія гады і плады працы гэтага чалавека. Вацлаў Іосіфавіч па прафесіі будаўнік. Дзякуючы яго ўмелым рукам і старанню калег, у васьмідзесятыя гады былі ўзведзены Вішнеўскі і Адамоўскі сельскія клубы, многія іншыя сацыяльныя і вытворчыя аб’екты. Працаваў ён з вялікім энтузіязмам, нібы тым самым хацеў аддзячыць літасціваму лёсу, што застаўся жывы, што вярнуўся ў родную вёску…

Фота Ірыны ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *