Сямейнае шчасце без межаў

Общество

Нядаўна, завітаўшы ў ЗАГС, я пазнаёмілася з неверагодна цікавай парай, якая ў той дзень атрымлівала пасведчанні аб нараджэнні двайнят. Мы разгаварыліся. Аказалася, што прыгажуня Юлія БОРЫС – ураджэнка Валожына, а яе бязмежна абаяльны муж Георгій ГЕРГЕДАВА – грамадзянін Грузіі. Разам маладыя людзі ўжо некалькі гадоў. У лютым бягучага года іх сям’я павялічылася роўна напалавіну – на свет з’явіліся Міа і Лука.

Бацькі Георгія родам з Абхазіі, але сам юнак нарадзіўся ў Тбілісі. У сталіцы сваёй краіны ён атрымаў адукацыю (мае дыплом фінансіста), пэўны час працаваў з бацькам – інжынерам-будаўніком, затым заняўся развіццём уласнага бізнесу.

Юля – выпускніца лінгвістычнага ўніверсітэта. Добра валодае англійскай, італьянскай, іспанскай мовамі. Яшчэ са студэнцкіх гадоў прывыкла да падарожжаў. У яе асабістым спісе замежных краін, дзе давялося пабываць, каля дваццаці пунктаў. З нарачоным сустэлася падчас вандроўкі па Грузіі. Па словах Георгія, русавалосая, усмешлівая красуня адразу прыцягнула яго погляд.

Яны пазнаёміліся. На шчасце ўзаемная сімпатыя аказалася настолькі моцнай, што нават пасля расставання не забылі адзін пра аднаго. Падтрымлівалі сувязь з дапамогай паведамленняў, тэлефонных званкоў, скайпа. Першае ж навагодняе свята сустрэлі разам. І ўжо летам, дарэчы, у Іспаніі, юнак зрабіў дзяўчыне прапанову. Але тая… адмовіла. Разумнай і разважлівай беларусцы здавалася, што яшчэ вельмі рана гаварыць пра стварэнне сям’і. Тэмпераментны ж каўказец у сваіх пачуццях не сумняваўся і шчыра не разумеў, чаму трэба чагосьці чакаць. Ён зрабіў усё дзеля таго, каб каханая змяніла думку.

У той час малады чалавек амаль не размаўляў па-руску. Юля ж, вядома, грузінскай мовай не валодала. Але тут на выручку маладым людзям прыйшла іх адукаванасць. Абое добра ведаюць англійскую мову. Мужчына і зараз раз-пораз збіваецца на еnglish, які, на жаль, я асабіста не разумею. У падобных выпадках верная жонка і аднадумца дапамагае мужу сфармуляваць яго думкі. Гутарыць пры дапамозе мікса з розных моў (мяне ўвесь час зносіла ў бок беларускай) аказалася цікава. Георгій прызнаўся: па-беларуску не зразумеў ніводнага слова, але ад самога гучання прыйшоў у захапленне. Юля паведаміла, што ўжо трошкі разумее грузінскую гутарку. Муж і жонка дамовіліся абавязкова вывучыць родныя мовы адзін аднаго.

Сёння яны працуюць як фрылансеры ў сферы рэкламы. Работа з дапамогай Інтэрнэту дае ім адчуванне поўнай свабоды. Апошнія некалькі месяцаў жывуць у Валожыне. Сюды ж прыехала і маці Георгія. Разам з беларускімі сватамі жанчына дапамагае моладзі гадаваць малышоў, а заадно асвойвае азы беларускай кухні, пры гэтым шчодра дзеліцца сакрэтамі сваёй. Малады чалавек прызнаўся, што вельмі любіць беларускія стравы. У першую чаргу – дранікі і бліны з мачанкай з грыбамі. У захапленні і ад беларускага варыянта далмы – галубцоў. Яму вельмі спадабаўся Валожын, таму з непадробленай павагай цікавіцца яго мінуўшчынай.

Пазітыўны настрой гэтай цудоўнай сям’і перадаўся і мне, і спецыялісту ЗАГСа Ірыне Субач, якая з радасцю павіншавала маладых бацькоў з нараджэннем дачушкі і сыночка. Ірына Аляксандраўна (між іншым, аднакласніца і сяброўка Юліі) ад шчырага сэрца пажадала міжнацыянальнай сям’і Борыс-Гергедава здароўя, шчасця і радасці як на прасторах Валожыншчыны, так і пад сонечным небам прыгажуні Грузіі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара