Донар – не тытул, а прызванне

Безопасность и здоровье

Падчас урачыстасці ў сталічным маладзёжным тэатры, дзе ўшаноўвалі людзей, якія больш за сорак разоў здалі кроў, нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя ўзнагароджаны і прадстаўнік Валожыншчыны – урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Дзмітрый СТАРЫКЕВІЧ.

Беларускі донарскі рух імкліва развіваецца, і кожны год заслужаную ўзнагароду атрымліваюць каля 2,5 тысячы грамадзян. Сёння ў краіне налічваюцца каля 70 тысяч ганаровых донараў. Іх кроў ці яе кампаненты патрэбны не толькі пры надзвычайных сітуацыях, але і пры лячэнні пацыентаў з цяжкімі дыягназамі. Лічыцца, што адзін здаровы чалавек сваім восакародным учынкам, без усякай пагрозы для ўласнага здароўя можа зберагчы жыццё тром пацыентам. Я папрасіла доктара Старыкевіча аб сустрэчы і той, нягледзячы на занятасць, змог у сваім даволі шчыльным графіку знайсці час, каб  адказаць на некалькі пытанняў.

Высветлілася, што харызматычны мужчына – зямляк. Яго бацькі – былыя настаўнікі Сугваздаўскай школы. Сын жа выключна свядома выбраў іншую прафесію. Дзмітрый Аляксеевіч расказвае:

“Пра прафесію ўрача марыў літаральна з дашкольнага ўзросту. Не памятаю, што дакладна паслужыла штуршком для такога рашэння, але ўжо пачынаючы з першага класа ў думках прымяраў белы халат і імкнуўся лячыць усіх, хто побач”.

Спачатку скончыў медыцынскае вучылішча, а пасля педыятрычны факультэт Мінскага медінстытута. Пэўны час працаваў па спецыяльнасці, але, паколькі заўсёды цікавіўся работай рэанімацыі, вырашыў змяніць кірунак. Калі з’явілася магчымасць перавучыцца, як кажуць, ухапіўся за яе абедзвюма рукамі. У рэанімацыйнае аддзяленне перайшоў у 2008 годзе. Нядаўна прызначаны загадчыкам. Тое, што любога з нас уражвае да глыбіні душы, – штодзённая барацьба са смерцю, для маладога мужчыны – паўсядзённасць. У сваёй рабоце не бачыць нічога надзвычайнага. На пытанне наконт страху адказвае адмоўна, але прызнаўся, што адчувае неверагодную радасць, нават эйфарыю, калі ўдаецца выцягваць амаль безнадзеных пацыентаў. На шчасце такое здараецца нярэдка.

У сям’і медыкаў (жонка таксама ўрач-педыятр) падрастаюць трое нашчадкаў. Пакуль ніводзін з іх не выказаў намеру прадоўжыць справу бацькоў. Любячы бацька не засмучаецца. Упэўнены, што прафесію, як і каханых, сяброў, неабходна выбіраць сэрцам.

Што тычыцца донарства, то да гэтай справы будучы доктар далучыўся яшчэ ў студэнцкія гады. На сёння ў яго паслужным спісе 40 крываздач, а гэта прыкладна (увага!) два вядры крыві. Адукаваны чалавек і донар з вялім вопытам сцвярджае: здача крыві – не толькі акт міласэрнасці, гэта і даволі карысная для здаровага арганізма працэдура. Таму маладыя людзі смела могуць далучацца да донарскага руху, два разы ў год ім будзе забяспечана пастаяннае аднаўленне крыві, ды і ўвогуле ўся крыватворная сістэма будзе ў тонусе, а гэта значыць, што чалавек надоўга захавае здароўе, маладосць і энергію.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара