2 красавіка адзначаўся ва ўсім свеце, як Дзень распаўсюджвання інфармацыі пра аўтызм

Безопасность и здоровье Общество

Аўтызм – не прысуд

Мэта, з якой адзначаецца Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі пра аўтызм, – акцэнтуацыя ўвагі на дапамозе людзям з аўтызмам, развейванне міфаў і забабонаў, своечасовае і аб’ектыўнае інфармаванне адносна праблемы.

Па даных экспертаў, у Рэспубліцы Беларусь пражываюць каля 10 тысяч людзей з аўтызмам. Гэта расстройства, якое характарызуецца ўсебаковым недахопам сацыяльнага ўзаемадзеяння і стасункаў, а таксама абмежаванымі інтарэсамі і дзеяннямі, што паўтараюцца. Звычайна ўсе прыкметы праяўляюцца ва ўзросце да трох гадоў. Гэта не віна родных і тым больш самога дзіцяці. Хлопчык ці дзяўчынка з аўтызмам могуць нарадзіцца ў любой сям’і, незалежна ад дабрабыту, адукаванасці і сацыяльнага статусу бацькоў.

Для таго, каб зразумець, што адбываецца з дзіцем, неабходна ўявіць, быццам усё, што вы адчуваеце, павялічылася ці зменшылася ў сто разоў. Нават лёгкае датыканне можа вызываць боль, ці, наадварот, моцны ўдар застанецца незаўважаным. Яркая рэч ці моцны гук становяцца чымсьці, што палохае. Часам гутарка чалавека трансфармуецца ў мелодыю. У выніку ў такіх дзяцей узнікаюць цяжкасці ва ўзаемаадносінах з наваколлем. Часта заўважаюцца стэрэатыпныя, назойлівыя рухі ў выглядзе раскачвання, хаджэння па крузе, падскокі і г. д. Дзіця можа падоўгу заставацца ў адзіноце, не ўмее выказваць жаданні, дарослых людзей успрымае як нежывы прадмет. Адны дзеці не могуць карыстацца мовай, іншыя цытуюць пэўныя фразы, але іх гутарка не становіцца сродкам зносін. Дзеці з аўтызмам імкнуцца гуляць з рознымі прадметамі – выкладваюць палачкі ў рады, пераліваюць ваду, любуюцца водбліскамі. Калі хтосьці ўмешваецца ў іх заняткі, адбываецца бурны пратэст. Што тычыцца інтэлекту: дзіця можа рашаць складаныя задачы, але не здолее завязаць шнуркі, схадзіць у магазін і г. д.

Калі бацькоў штосьці палохае ў паводзінах дзяцей, можна прайсці тэст на развіццё аўтызму. Тэст М-СНАТ (мадыфікаваны скрынінгавы тэст на аўтызм) прымяняецца з 16-30 месяцаў, пры гэтым займае няшмат часу, не патрабуе спецыяльных умоў і навучання. Прайсці яго можна на сайце https://autismcentner.by/roditieliam.

Дзяцей з аўтызмам называюць “маленькімі прынцамі”. Яшчэ некалькі гадоў таму на іх будучыні ставілі крыж. Зараз з’явіліся школы з інклюзіўным асяроддзем, ц’ютары, тэатр, дзе акцёрамі выступаюць менавіта такія дзеці. Іх бацькоў аб’ядноўвае грамадская арганізацыя “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”.

Сучасныя падыходы да рэабілітацыі дзяцей з аўтызмам патрабуюць цеснага ўзаемадзеяння адукацыйнай і медыцынскай сістэм. Эфектыўнасць лячэння залежыць ад ступені ўдзелу бацькоў і ўзаемадзеяння спецыялістаў з членамі сям’і. Сямейнае кансультаванне і сямейная псіхатэрапія – важныя фактары пры аказанні дапамогі гэтым дзецям.

Ірына ФІЛІНКОВА, урач-неўролаг

 

Дзецям дажджу – увага

Да гэтай даты супрацоўнікі ТЦСАН прымеркавалі пасяджэнне клуба “Дзеці дажджу” для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з расстройствам аўтычнага спектра.

10 сакавіка спецыялісты аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання, псіхолаг цэнтра, а таксама прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці (у раёне налічваецца 11 сем’яў, дзе выхоўваюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з аўтызмам) сабраліся ў актавай зале ўстановы. Падчас мерапрыемства адбылася дыстанцыйная відэаканферэнцыя з Таццянай Якаўлевай – кіраўніком інклюзіўнага цэнтра падтрымкі і суправаджэння сям’яў пры міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”. Жанчына, якая сама выхоўвае дзіця з аўтызмам і разам з тым на працягу многіх гадоў прафесійна займаецца пытаннямі сацыяльнай інклюзіі людзей з падобнай праблемай, падняла тэму сэнсарнай інтэграцыі (рэабілітацыйны метад, які праз адчуванні дапамагае палепшыць жыццё і агульны стан дзіцяці, павышае яго здольнасць да навучання, дапамагае наладжваць узаемаадносіны з навакольным светам). Былі дадзены канкрэтныя рэкамендацыі, паказаны практыкаванні.

Падчас анлайн сустрэчы праведзена анкетаванне прысутных матуль і татаў, якое пасля апрацоўкі дапаможа прафесіяналам выстройваць сваю работу з улікам запытаў тых, хто непасрэдна сутыкаецца з праблемай. Спецыяліст адказала на пытанні прысутных. Найбольш актыўна ўдзельнікі цікавіліся, дзе можна атрымаць інфармацыю адносна навыкаў ц’ютара (чалавек, што дапамагае наладзіць камунікацыю між дзецьмі і ўсімі, хто іх акружае). Задаваліся пытанні і пра медыкаментознае суправаджэнне дзяцей з аўтызмам.

Завяршылася мерапрыемства салодкім сталом. У час чаяпіцця адбылася дабрачынная акцыя “Вясенні праменьчык”. Удзельнікі атрымалі памятныя сувеніры.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ