карыстаючыся складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, прайдзісветы ўсіх масцей хутка прыдумалі, як «нагрэць рукі» на даверы простых грамадзян.
Пакуль урады ўсіх краін прымаюць меры, каб абараніць сваіх грамадзян ад хваробы і не дапусціць панікі, то ашуканцы спецыяльна падымаюць градус гэтай панікі і карыстаюцца сітуацыяй у сваіх мэтах. Ахвярамі ашуканцаў, як правіла, становяцца людзі пенсійнага ўзросту, якія часта вераць на слова і не патрабуюць дакументаў. Такія махлярствы ўжо рэгіструюцца ў краінах-суседках, а ўлічваючы, што ў крыміналу няма межаў, цалкам магчыма, што такія выпадкі былі ўжо і ў нас.
На гэту важную, актуальную тэму нядаўна пагутарылі з часова выконваючым абавязкі начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Валожынскага РАУС Валерыем Жуком. Як расказаў газеце маёр міліцыі, спосабы «параўнальна сумленнага адабрання грошай у насельніцтва» сёння абмяжоўваюцца толькі фантазіяй і прадпрымальнасцю аферыстаў.
У страху перад небяспечным вірусам людзі гатовы траціць любыя даступныя ім сумы. Прычым нават не задумваюцца пра названы неадэкватны кошт, калі ім абяцаюць медыцынскія маскі, прэпараты і прыборы, якія, па словах «цуда-прадаўцоў», могуць не толькі абараніць, але і вылечыць, калі чалавек ужо заразіўся… Прычым у таленавітых прайдзісветаў «навука настолькі ступіла наперад», што лячэбныя ўласцівасці набываюць нават прыборы, на першы погляд ніяк не звязаныя з медыцынай.
Спецвопратка водаправодчыкаў, квяцістыя спадніцы і хусткі гандляроў пасцельнай бялізнай і посудам мяняюцца на белыя халаты альбо спецыяльныя касцюмы, перад якімі шырока адчыняюцца дзверы ва ўсе дамы і кватэры. Нават у тыя, дзе зусім нядаўна розных таргашоў, «газавікоў» і «водаправодчыкаў» нават і на парог не пусцілі б. Апошнія сумненні разбіваюцца важкімі фразамі: «Па рашэнні ўрада…», «У мэтах барацьбы з каранавірусам…», «Калі хочаце выжыць…».
Галоўнае для ашуканцаў – трапіць у дом і напалохаць гаспадароў хваробай. А затым прапанаваць «надзейны сродак» для яе прафілактыкі і лячэння. І тут ужо прапануюць:
- «дэфіцытныя і зніклыя з усіх аптэк» медыцынскія маскі, як мінімум на парадак даражэйшыя за іх рэальны кошт;
- розныя таблеткі і вакцыны (добра яшчэ, калі яны акажуцца хаця б проста бяспечнымі для здароўя);
- біялагічна-актыўныя дабаўкі да ежы, якія ўмацоўваюць імунітэт (праўда, без якіх-небудзь, хоць падобных на сапраўдныя, сертыфікатаў);
- «за параўнальна сімвалічную суму» прапануюць прадэзынфікаваць усе пакоі ў доме. Праўда, будзьце гатовы, што «дэзынфектары» незаўважна для вас прыхопяць з сабой выяўленыя падчас «апрацоўкі» грошы і каштоўныя рэчы.
Налаўчыліся махляры выманьваць грошы і «бескантакным» спосабам. На падставе пералічэння сродкаў ад імя розных арганізацый і ўстаноў ашуканцы атрымліваюць персанальныя звесткі ўладальнікаў банкаўскіх картак і пераводзяць ужо іх грошы на свае рахункі.
Акрамя таго, у інтэрнэце з’явіліся фейкавыя магазіны, вэб-сайты, уліковыя запісы ў сацыяльных сетках, якія сцвярджаюць, што прадаюць розныя медыцынскія тавары ад масак і раствораў для дэзынфекцыі да вакцын і таблетак. Але замест абяцанага людзі, якія заказваюць там тавары для падтрымання здароўя і прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, папросту губляюць грошы…
Дарагія чытачы, шаноўныя жыхары Валожыншчыны! Прачытайце гэты матэрыял, вазьміце яго сабе на заметку, раскажыце сябрам, суседзям, знаёмым. Калі да вас звярнуліся з падобнымі на апісаныя ў артыкуле прапановамі, не спяшайцеся іх прымаць. Пераканайцеся, што гэта за «памочнікі» такія, пацікаўцеся, якія арганізацыі яны прадстаўляюць. Пра ўсіх незнаёмцаў, што разгарнулі ў вашых населеных пунктах кіпучую дзейнасць пад выглядам барацьбы з каранавірусам, паведамляйце ў органы ўнутраных спраў па тэлефоне «102».
Матэрыял да друку падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ