Пацвердзілі найменні “народны” і “ўзорны”

Культура Общество

Узорны клуб “Грацыя”.

Сапраўднае свята творчасці адбылося на мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры. Найменні “народны” і “ўзорны” пацвярджалі літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” і клуб “Грацыя” Валожынскага РЦК, харэаграфічны ансамбль “Журавінка” Івянецкага Дома культуры.

Канцэртную праграму “Табе, наш краю мірны і шчаслівы”, прысвечаную Году малой радзімы і 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, распачалі прадстаўнікі “Руні”. Тэма гераічных і вогненных гадоў прагучала ў вершы “Малю цябе, мой Божа…” Ганны Канановіч і ў песні “Над спаленай вёскай” Дзмітрыя Краскоўскага на словы Зінаіды Гасціловіч.

Кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч.

Пра шчаслівае мірнае жыццё ў любай старонцы расказаў у сваім творы “Наша Валожыншчына” Аляксандр Кулак. У выкананні аўтара музыкі Уладзіміра Данчанкі прагучала песня “Пад родным небам” на словы старэйшага ўдзельніка “Руні” Яўгена Зялкоўскага. Працы ў родным вольным краі прысвяціла верш “Сена-сенажаць” Марыя Шакун. Створаную на яго песню пад акампанемент Дзмітрыя Завацкага і Ангеліны Пекар прадэманстравала ўвазе прысутных Вольга Дзедуль. Любоўю да бацькоўскага куточка напоўнены сэрцы ўдзельнікаў “Руні” Людмілы Садоўскай, Марыі Шакун і Дзмітрыя Краскоўскага. Гэтай тэме яны прысвяцілі творы “Цаніце час”, “Радзіма мая малая” і “Не прадавайце дом бацькоў”. Пранікнёна прагучаў верш-разважанне пра карункі свайго жыцця Зінаіды Гасціловіч. Вольга Дзедуль акапэльна выканала песню “Дай жа, Божанька…” на словы кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання Валянціны Гіруць-Русакевіч. Сама паэтэса прачытала “Па-над абуджаным палеткам…”.

Да густу прысутным прыйшліся гумарыстычныя верш “Хованкі” Дзмітрыя Краскоўскага і песня “Каб я знала” ў выкананні Галіны Філяноўскай яе ўласнай апрацоўкі.

Народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка”.

Жартоўную тэму падтрымаў народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Таццяна Аляшэвіч. Самадзейныя артысты прадаставілі ўвазе прысутных пастановачныя нумары задорных народных твораў “Чаму ж мне не пець” і “Чорна рэдзька”. Цудоўна прагучала ў іх выкананні песня “Рэкрут”. Удзельнікі ансамбля некалькімі сваімі нумарамі прадэманставалі культуру іншых нацыянальнасцей, для якіх наш край стаў родным. Усе былі ў захапленні ад яўрэйскага танца “Хава нагіла” і ўкраінскай песні “Палала”. А харэаграфічны нумар “Куточак Беларусі” сапраўды ўсхваляваў кожнага, хто знаходзіўся ў зале.

У сумеснае выступленне калектываў лаканічна ўпляталіся дэфіле ўзорнага клуба “Грацыя”, якім кіруе Аляксандр Бардылеў. Дзяўчаты паказалі дзве льняныя калекцыі аддзення “Беларускія паненкі” і “Валожынскія чараўніцы” пад цудоўную мелодыю скрыпкі Ангеліны Пекар, а таксама вячэрнюю “Запрашэнне на баль”. А ў дэманстрацыі калекцыі “Джынс” былі задзейнічаны і маленькія ўдзельнікі калектыву-спадарожніка “Фэшн кідс”. Сваім выхадам і старэйшыя, і малодшыя рабяты пацвердзілі, што джынс – гэта не толькі зручна, але модна і прыгожа.

Кампетэнтнае журы высока ацаніла выступленні калектываў і заслужана пацвердзіла іх найменні “народны” і “ўзорны”. Віншуем усіх з чарговай перамогай і жадаем далейшых творчых поспехаў.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара