Ордэн Айчыннай вайны

Культура

Ордэн Айчыннай вайны зацверджаны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 20 мая 1942 года. Ім узнагароджваліся асобы радавога і кіруючага саставу Чырвонай Арміі, ВМФ, войск НКУС і партызанскіх атрадаў. Ордэн мае I і II ступені. Вышэйшай ступенню ўзнагароды з’яўляецца першая. Ордэн I ступені належала насіць на правым баку грудзей і размяшчаўся ён пасля ордэна Аляксандра Неўскага. Ордэн II ступені носіцца на правым баку і размяшчаецца пасля ордэна Айчыннай вайны I ступені.
Узнагароджванне ордэнам часта праходзіла ў баявой абстаноўцы адразу пасля здзяйснення подзвігу. Першымі кавалерамі ордэна Айчыннай вайны сталі савецкія артылерысты. У ордэнскім статуце гаварылася, што ордэнам I ступені ўзнагароджваецца той, хто артылерыйскім агнём асабіста знішчыць 1 цяжкі (ці сярэдні) ці 2 лёгкія танкі (бронемашыны), ці ў складзе гарматнага разліку 2 цяжкія (ці сярэднія) ці 3 лёгкія танкі праціўніка. Але артылерысты 32-га гвардзейскага палка ў баях на Харкаўскім накірунку пад камандаваннем капітана І. Крыклія перакрылі ўстаноўленыя “нормы”. Яны знішчылі 32 варожыя танкі. Капітан І. Крыклій асабіста падбіў 5 фашысцкіх машын, быў цяжка паранены. Ён стаў першым кавалерам ордэна Айчыннай вайны I ступені. У гісторыі ёсць рэдкія выпадкі, калі ўзнагарода ўручалася ўсім удзельнікам якой-небудзь адной ваеннай аперацыі. Першымі такога гонару ўдастоіліся члены экіпажа падводнай лодкі «К-21», якая 5 ліпеня 1942 года тарпедавала ў Баранцавым моры буйны варожы лінкор.
Знак ордэна Айчыннай вайны I ступені ўяўляе сабой выяву выпуклай пяціканцовай зоркі, пакрытай рубінава-чырвонай эмаллю на фоне залатых промняў. У сярэдзіне зоркі – залатая выява сярпа і молата на рубінава-чырвонай круглай пласцінцы, акаймаванай белым эмалевым паяском, з надпісам “Отечественная война” і залатой зорачкай у ніжняй частцы паяска. На залатой зорцы адлюстраваны канцы вінтоўкі і шашкі. Знак ордэна Айчыннай вайны II ступені выраблены з серабра. Часткі ордэна, не пакрытыя эмаллю, пазалочаны. У 1985 годзе, у гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі над фашызмам, ордэн Айчыннай вайны быў адроджаны як памятная ўзнагарода для ветэранаў вайны.



Добавить комментарий