Да 80 рублеў без уводу ПІН-кода

Общество

«Банкаўскі працэсінгавы цэнтр 9 красавіка настроіў увесь парк бескантактавага тэрмінальнага абсталявання, падключанага да прадпрыемства, для правядзення аперацый па бескантактавых картках з лімітам да Br80 без уводу ПІН-кода», — паведамілі на прадпрыемстве.

Раней у арганізацыях гандлю і сэрвісу плацяжы без абавязковага ўводу ПІН-кода былі магчымы толькі да Br20.

Такім чынам, з 9 красавіка пры аплаце з дапамогай бескантактавай карткі, банкамі-экваерамі якіх з’яўляюцца Беларусбанк, Белаграпрамбанк, БПБ-Ашчадбанк, БСБ Банк і Парытэтбанк, сістэм БелКарт, Mastercard, VISA, МІР ліміт складае Br80. Пры гэтым ліміт па картках UPI — Br45.

Першая бескантактавая картка ў Беларусі была персаналізавана Банкаўскім працэсінгавым цэнтрам у 2012 годзе. З таго часу доля бескантактавых плацяжоў расце. У сакавіку бягучага года больш за 50 працэнтаў усіх аперацый банкаў-кліентаў БПЦ было праведзена з выкарыстаннем NFC-тэхналогіі. На год раней гэты паказчык склаў 30 працэнтаў. За 2019 год бескантактавых аперацый было праведзена ў 2,5 раза больш, чым у 2018 годзе.

Цяпер доля бескантактавых картак ад усіх персаналізаваных картак ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» складае больш за 90 працэнтаў. Пры гэтым назіраецца імклівы рост аперацый з дапамогай смартфона і такіх дадаткаў, як Samsung Pay і Apple Pay: у параўнанні з 2018-м у 2019 годзе такенізаваных аперацый было апрацавана ў 11 разоў больш.

Банкаўскі працэсінгавы цэнтр праводзіць мадэрнізацыю абсталявання ў арганізацыях гандлю і сэрвісу для прыёму бескантактавых картак. На сёння доля такога тэрмінальнага абсталявання прадпрыемства склала каля 80 працэнтаў.

«БПЦ прагназуе далейшы рост бескантактавых плацяжоў у сувязі з распаўсюджваннем дадаткаў для аплаты смартфонам і развіццём інфраструктуры прыёму бескантактавых картак», — адзначылі на прадпрыемстве.

Згодна з інфармацыяй БелТА