Юныя ды адказныя

Молодежный курьер

У ААТ “Суднікаўскі” на пасадах галоўнага інжынера і галоўнага энергетыка працуюць маладыя спецыялісты. Умовамі, што створаны для іх у гаспадарцы, малады чалавек і дзяўчына задаволены. Не скардзяцца і на зарплату, і на адносіны з боку калектыву. Сёння ніхто з іх не можа дакладна сказаць, ці будзе працягваць супрацоўніцтва менавіта з прадпрыемствам, дзе праходзіць адпрацоўку. Але кожны сцвярджае, што непасрэдна ў сваёй спецыяльнасці не расчараваўся.

 

Аляксей МІШУК – жыхар Івянца. Ужо год, як жыве не з бацькамі, а ва ўласным доме, што прадаставіла гаспадарка. Справа ў тым, што малады чалавек, нягледзячы на ўзрост (яму толькі 23 гады), паспеў займець сям’ю. Два гады, як жанаты на аднакласніцы Хрысціне. Некалькі месяцаў таму стаў бацькам сына Яўгенія.

Юнак заўсёды цікавіўся тэхнікай. Яшчэ ў дзяцінстве пастаянна штосьці рамантаваў ці майстраваў. Некаторыя навыкі пераняў ад бацькі, зараз актыўна карыстаецца падказкамі Інтэрнэту. З гонарам падзяліўся інфармацыяй: рамонт у новым жыллі робіць уласнымі рукамі.

Ці задаволены ўмовамі адпрацоўкі? На гэта пытанне пасля нядоўгага разважання выпускнік БДАТУ даў станоўчы адказ. Хоць прызнаецца, што ёсць складанасці (па-першае – адказнасць, па-другое – неабходна дзейнічаць аператыўна), работай і яе аплатай задаволены. Яму добра ўдаецца наладжваць стасункі з людзьмі. За два гады многаму паспеў навучыцца, таму зараз тое, што ад яго залежыць стан усяго тэхнічнага арсенала (24 адзінкі), асабліва не палохае.

За плячамі ў маладога чалавека тры пасяўныя і адна ўборачная кампаніі. А гэта ўжо вопыт. Як адзначае сам, галоўнае, каб і дома, і на працы ўсё было спакойна. Жыць ёсць дзе, у калектыве паважаюць, цэняць. Статус  маладога спецыяліста вельмі хутка застанецца ў мінулым. Сур’ёзны чалавек, які імкнецца дасягнуць вышынь у прафесіі, упэўнены, што з любой нагрузкай справіцца.

 

Прыгажуня з мадэльнай знешнасцю – Наталля АШЭЙЧЫК з Іўя – працуе ў сельгаспрадпрыемстве галоўным энергетыкам. Дзяўчына з інжынернай адукацыяй – не самы распаўсюджаны выпадак.

Між іншым, яна вось ужо другі год ажыццяўляе кіраўніцтва работамі па эксплуатацыі, тэхнічным абслугоўванні і рамонце энергетычнага абсталявання і энергасістэм. Нясе адказнасць за рацыянальнае расходаванне электраэнергіі, арганізоўвае мерапрыемствы па своечасовым рамонце электраабсталявання.  Пагадзіцеся, паважаныя чытачы, такі круг абавязкаў ва ўяўленні многіх з нас больш пасуе мужчыне. Але гэта бязмежна жаноцкая асоба свядома абрала менавіта прафесію інжынера па аўтаматызацыі працэсаў і вытворчасці.  Дарэчы, пры паступленні ў БДАТУ разглядала яшчэ адну спецыяльнасць. Таксама інжынерную – мабільныя сістэмы. Кім яна магла стаць? Дапускае, што атрымалася б выкладаць матэматыку (сярэбранай медалістцы нараўне з фізікай выдатна даваўся гэты прадмет). Толькі аб тым, што вывучылася на інжынера і зараз ужо мае вопыт работы па спецыяльнасці, ніколькі не шкадуе. У адрозненне ад большасці дзяўчат з лёгкасцю можа адрамантаваць любую электрапрыладу ці, напрыклад, электраразетку. Прывабная маладая асоба яшчэ і спартсменка. Яе любімы від спорту – баскетбол.

Гарадская жыхарка даволі лёгка адаптавалася да вясковага побыту. Нават навучылася тапіць кацёл, якім ацяпляецца кватэра, прадастаўленая гаспадаркай. Безумоўна, асаблівай разнастайнасцю яе жыццё сёння не вызначаецца. Кола інтарэсаў у асноўным круціцца вакол работы. Што тычыцца адпачынку і баўлення часу, гэтыя моманты ні ў якім разе не выклікаюць пытанняў. Бывае, выхаднымі днямі разам з сяброўкамі выязджае ў сталіцу, а ў будні пасля працы атрымлівае асалоду ад пагружэння ў цудоўны свет сапраўднай літаратуры. Перавагу аддае раманам Э.-М. Рэмарка. Да таго ж яна любіць займацца рукадзеллем. У гэтым сэнсе ўмее многае. Пазнаваць свет ёй пакуль дапамагае Інтэрнэт. Але ў будучым Наталля марыць пра рэальныя вандроўкі. Пажадаем жа ёй кар’ернага росту, высокіх заробкаў і здзяйснення ўсяго, пра што марыць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара