Чалавек на сваім месцы

Люди и судьбы

Павел Мікалаевіч САРОКА ўзначальвае раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі трэці год. Здавалася б, не такі вялікі тэрмін, каб падводзіць нейкія вынікі. Аднак ужо летась яго каманда спецыялістаў спрацавала так, што прызнана лепшай у сталічным рэгіёне на традыцыйным конкурсе сярод раённых устаноў гігіены і эпідэміялогіі.

– Павел Мікалаевіч, Вы адразу знайшлі ўзаемаразуменне з новым для сябе калектывам?
– Калектыў хоць і новы, але не магу сказаць, што незнаёмы. Шмат добрых водгукаў пра большасць спецыялістаў чуў ад галоўнага ўрача абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя У. У. Рызгунскага, былога галоўнага ўрача Валожынскага ЦГіЭ М. С. Стральца. І Уладзімір Уладзіміравіч, і Мікалай Стэфанавіч не толькі старэйшыя калегі – мы падтрымліваем добрыя сяброўскія адносіны. Гэтыя людзі пераканалі мяне, што трэба паспрабаваць свае сілы на пасадзе галоўнага ўрача менавіта ў Валожыне. Праўда, тое, што будзе лёгка, ніхто не абяцаў.

– Калі прыехалі ў наш раён, што асабліва кінулася ў вочы?
– Я нарадзіўся і вырас у Бабруйску. Гэта ўсходняя частка Беларусі. Прыехаўшы на Захад, адразу заўважыў, што тут больш захавалася матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. Касцёлы мірна суіснуюць з цэрквамі, храмы запатрабаваны ў людзей, не так разбураны гістарычныя помнікі і даўнейшыя збудаванні. Ды і менталітэт у людзей іншы. Не буду моцна хваліць, але Валожыншчына мне падабаецца, маю планы застацца тут назаўсёды, думаю, у хуткім часе пачну будаваць дом.

– Дзе паспелі папрацаваць да пераезду ў Валожын?
– Пачынаў на радзіме, у Бабруйскім раёне. Потым некаторы час працаваў галоўным санітарным урачом аддзялення беларускай чыгункі ў Мінску. Так што прыехаў у Валожын з важкім багажом: ведаю, што такое адказнасць перад людзьмі, экстрэмальныя сітуацыі на рабоце.

– Які Вы дома, чым любіце займацца ў вольны час?
– З жонкай мы пазнаёміліся яшчэ зусім юнымі, падчас вучобы ў Бабруйскім медвучылішчы, потым разам паступілі ў медыцынскі ўніверсітэт у Мінску. На апошнім курсе пажаніліся. І вось ужо маем за плячамі 17 гадоў сямейнага стажу. Жонка часам паўтарае: “Я выходзіла замуж за студэнта, а не за галоўнага ўрача…” Разумею гэта так: “Ты нам патрэбен не як кіраўнік, а проста як муж і бацька”. Выхоўваем дваіх дзяцей – шаснаццацігадовую дачку і трынаццацігадовага сына. Адна з нашых агульных традыцый – двойчы ў месяц наведваць які-небудзь тэатр. Здаецца, у Мінску і не засталося тэатра, у якім бы мы не пабывалі. Любім падарожнічаць. Летась аб’ехалі ледзь не ўсю Еўропу. Каля Рэйхстага падумалася: “Мае дзяды і прадзеды падчас вайны не дайшлі да логава фашызму, а для нас, іх патомкаў, гэта ажыццявіць зусім лёгка…” Замежжа, вядома, нам спадабалася, кожны аддаў перавагу нейкай адной краіне. Мяне асабліва ўразіла Іспанія.

– Вы ўспомнілі сваіх продкаў. Хто яны?
– Медыкаў сярод іх не было. Доўгі час лічыў, што ў родзе Сарокаў я – першы ўрач. Толькі нядаўна даведаўся, што нейкі далёкі сваяк працуе ў Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Як гаварыў вышэй, дзяды і прадзеды ваявалі. Трое прадзедаў загінулі ў першыя дні вайны. Вярнуўся адзін дзядуля. Ён быў сапёрам і доўгі час пасля вайны яшчэ заставаўся пад прыцэлам – займаўся размініраваннем боепрыпасаў. Радня даволі вялікая. У час існавання Савецкага Саюза параскідала Сарокаў ад Магадана да Эстоніі. Цікава, што ў большасці з нас адсочваюцца агульныя рысы твару…

– Ці паўплывала прафесія на Ваш бытавы ўклад?
– Безумоўна. Прытрымліваемся здаровага ладу жыцця, дбаем пра чысціню і парадак у доме. І, напэўна, робім гэта правільна, бо дачка ўжо заявіла, што хоча вывучыцца на санітарнага ўрача. А яшчэ маё бацькоўскае сэрца млее ад радасці, калі яна гаворыць: “Ты самы лепшы, я хачу быць на цябе падобнай!” Дзеці са спагадай ставяцца да ўсяго жывога. Таму ў нас заўсёды знаходзяць прытулак бяздомныя каты і сабакі. Зусім нядаўна сын выратаваў кацяня, прыйшоў са словамі: “Ну чаму мне так шанцуе? Іду і чую, што нехта плача…” І паказвае худую, хворую істоту. Зараз з яе вырас тлусты, нахабны мурлыка.

– Прызнайцеся, Вы хутка прымаеце рашэнне ці “выношваеце” яго некаторы час?
– Па-рознаму бывае. Прынцып “паспяшыў – курэй насмяшыў” не заўсёды дзейнічае. Здараецца, што першае рашэнне, якое прыходзіць у галаву, якраз і самае правільнае.

– З тэхнікай сябруеце?
– Нядрэнна кірую аўтамабілем, дома спраўляюся з розным дробным рамонтам. Цікава, што і жонку не пужае паломка бытавых прыбораў. Лічыцца, што жанчыны горш, чым мужчыны, упраўляюцца з тэхнікай. У гэтым плане ў нашай сям’і – раўнапраўе. Сын таксама праяўляе цікаўнасць да тэхнікі.

– Уявіце, што Вы трапілі на бязлюдны востраў. Як доўга зможаце пражыць у поўнай ізаляцыі?
– Нават уявіць жахліва. Адзінота мяне засмучае. Ну, пачытаеш любімую кнігу, пабудуеш шалаш. А потым што? Не заўважыш, як у дзікуна ператворышся. Чалавек – істота сацыяльная. Людзі толькі так выжываюць, развіваюцца.

– Прадоўжыце сказ “Выйду на пенсію і…”
– Буду разводзіць курэй, індыкоў, трусоў. Да пенсіі яшчэ далёка, але бывае, што разам з жонкай марым, якімі мы спраўнымі гаспадарамі-прыватнікамі станем. Дачу маем і зараз. Яна ў Бабруйскім раёне. Далекавата… Адпачынак у выглядзе сядзення перад тэлевізарам не паважаю. Змена занятку – найлепшы спосаб падтрымліваць і настрой, і фізічную форму. Нават у маладосці. Ведаю, пра што гавару: будучы студэнтам, працаваў вартаўніком. І гэта зусім не перашкаджала вучобе.

– Якую кухню больш за ўсё любіце?
– Грузінскую. Зараз у Мінску адкрываецца шмат рэстаранаў грузінскай кухні. Але ў мяне ёсць свой любімы, на праспекце Дзяржынскага. З безалкагольных напіткаў звычайна ўжываю чай з лімонам.

– Падкажыце, ці можна давяраць народнай медыцыне?
– Гледзячы, што лічыць народнай медыцынай. Да забабонаў, амулетаў і прыкмет не варта ставіцца сур’ёзна. А вось лячэнне травамі даказала сваю эфектыўнасць яшчэ з часоў Гіпакрата і Авіцэны. Дзякуючы прафесару, доктару медыцынскіх навук, гігіеністу Валерыю Іванавічу Мураху, лічу, што лекавыя травы – не зусім і народная медыцына. Гэта асобая навука, якая развіваецца, вядуцца спецыяльныя даследаванні. Дарэчы, В. І. Мураха многія ведаюць па кнізе “Целебные кладовые природы”, у якой аўтар падрабязна апісвае гаючыя ўласцівасці раслін.

– Ніколі не пашкадавалі, што, будучы медыкам, непасрэдна лячэннем людзей не займаецеся?
– У людзей склалася меркаванне пра санітарных урачоў, што мы толькі пра чысціню дзіцячых садзікаў і школ дбаем, сочым за добраўпарадкаваннем тэрыторый ды пратэрмінаваныя прадукты ў магазінах і аб’ектах грамадскага харчавання канфіскуем. Сапраўды, гэты ўсё ўваходзіць у нашы абавязкі і служыць галоўнай мэце – захаваць здароўе кожнага грамадзяніна. Супрацоўнікі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі папярэджваюць, выяўляюць і выкараняюць парушэнні санітарнага заканадаўства, а значыць, займаюцца прафілактыкай розных захворванняў. І гэта задача не менш высакародная, чым лячыць хворых.
А чытачам “Працоўнай славы” хачу пажадаць не злавацца па розных непрыемных дробязях, без якіх не пражывеш, не думаць пра дрэннае. Пазбягайце негатыву, які льецца з экранаў тэлевізараў, перадаецца ў выглядзе плётак. Памятайце, што добры настрой і ўсмешка іншы раз больш эфектыўныя за вітаміны і лекі.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА