Слова эксперту

Молодежный курьер

Жыццё – гэта заўсёды нараджэнне і смерць. Ёсць прафесіі, якія звязаны з кожным цыклам нашага існавання. Адна з такіх – дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт. Сённяшні наш суразмоўца – начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз па Валожынскім раёне аддзела медыцынскіх судовых экспертыз Маладзечанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз – дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Віталь Сцяпанавіч ШНІТКО. Па спецыяльнасці ён працуе з 2016 года, на пасаду начальніка заступіў у 2018-м.

– Віталь Сцяпанавіч, Ваша прафесія даволі спецыфічная. Як Вы прыйшлі ў яе?
– У 2015 годзе скончыў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “лячэбная справа”. У працэсе навучання мне былі цікавыя розныя дысцыпліны: і хірургія, і тэрапія, і рэанімацыя з анестэзіялогіяй, і гінекалогія. Разам з тым захапляўся і судова-медыцынскай экспертызай. Заўсёды хацелася распазнаць механізм утварэння цялесных пашкоджанняў, працэсы, якія прывялі да смерці чалавека, бо кожны выпадак індывідуальны.

– Як адрэагавалі Вашы родныя і блізкія на такі выбар прафесіі?
– Прызнаюся адразу, што па-рознаму. Аднак я здолеў пераканаць праціўнікаў тым, што праца любога доктара, няхай гэта будзе хірург, тэрапеўт, гінеколаг, рэаніматолаг, паталагаанатам, судова-медыцынскі эксперт, – аднолькава важная і патрэбная. І так ці інакш звязана з жыццём пацыента, служыць, спрыяе і абараняе жыццё, а таксама высвятляе прычыны яго спынення.

– Што можаце расказаць чытачам пра сваю прафесію?
– Сектар судова-медыцынскіх экспертыз па Валожынскім раёне размешчаны на тэрыторыі раённай бальніцы. Наш працоўны дзень пачынаецца з 9 гадзін раніцы. Прыём грамадзян вядзецца ў кабінеце, для даследавання целаў адведзены морг. Судова-медыцынскі эксперт працуе не толькі з мэтай устанаўлення прычыны смерці. Нашымі кліентамі з’яўляюцца людзі, якія атрымалі траўмы на вытворчасці, у быце, ДТЗ, бойках. Эксперт устанаўлівае наяўнасць цялесных пашкоджанняў, механізм і час іх утварэння, дае ацэнку ступені складанасці, а таксама адказы на шматлікія пытанні, якія ўзнікаюць пры правядзенні следчых эксперыментаў і судовых пасяджэнняў. Нярэдка ўзнікае неабходнасць выязджаць на месца, дзе выяўлены нябожчык. Так што эксперт павінен быць заўсёды ў форме, бо званок з дзяжурнай часці РАУС можа паступіць у любы час сутак.

– Хто дапамагае эксперту спраўляцца з такой нагрузкай?
– Калектыў у нас невялікі, але вельмі вопытны. Мае падначаленыя – лабарант медыцынскай судовай экспертызы Наталля Васільеўна Рыснік, санітарка для працы ў моргу Тамара Іванаўна Загорская. На працягу года праводзім ад 70 да 90 даследаванняў трупаў, каля 250-300 аглядаў фізічных асоб, а таксама здзяйсняем ад 50 да 90 выездаў на месцы здарэнняў у складзе следча-аператыўных груп.

– Западозрыць чалавека Вашай спецыяльнасці ў сентыментальнасці складана. А ўсё ж нейкая эмацыянальная частка ёсць у рабоце судовага эксперта?
– Судова-медыцынскі эксперт – прафесія, якая патрабуе ад чалавека ўважлівасці, душэўнай раўнавагі, спакою. Часта патрэбна быць не толькі спецыялістам у вобласці судовай медыцыны, але праяўляць кемлівасць, вынаходлівасць. Самае складанае – трымаць сябе ў руках пры размове з падазронымі, з роднымі памерлага. Так што без ведаў па псіхалогіі таксама не абысціся.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА