Захаваем прыроду. Гэта ў інтарэсах кожнага з нас

Важное Кругозор

Два пажары ў лясным фондзе раёна зарэгістраваны з пачатку пажаранебяспечнага перыяду, які аб’яўлены сёлета з 26 сакавіка. Супрацоўнікам РАНС за гэты перыяд давялося 36 разоў выязджаць на выпальванне сухой расліннасці. На шчасце, ва ўсіх выпадках абышлося без ахвяр.

7 красавіка загарэўся лес у Івянецкім лясніцтве паблізу вёскі Падневічы. Паведамленне паступіла а палове дванаццатай ночы – патэлефанаваў відавочца. Каб ліквідаваць ачаг узгарання, уначы паднялі работнікаў лясной гаспадаркі, на тушэнні былі задзейнічаны 5 спецыяльных машых з усіх бліжэйшых лясніцтваў. Па папярэдніх падліках выгарала 0,8 гектара лесу. Наколькі нанесены ўрон самім дрэвам, змогуць яны расці далей ці высахнуць, можна будзе меркаваць толькі праз два месяцы. Паколькі лес размешчаны ў 50-і метрах ад дарогі, верагодней за ўсё пажар узнік з-за неасцярожнага абыходжання з агнём.

Крыху раней, таксама ж позна вечарам, гарэў лес у Румскім лясніцтве. Дзякуючы таму, што званок паступіў, калі агонь толькі яшчэ займаўся, і аператыўна спрацавалі лесаводы, плошча ўзгарання атрымалася невялікай – 0,1 гектара.
Летась у раёне ў лясным фондзе адбыліся 28 пажараў, з іх 12 узгаранняў, якія былі хутка ліквідаваны. У выніку агнём знішчана больш за 21 гектар лесу.

У ДЛГУ “Валожынскі лясгас” паведамілі, што з-за сухога, сонечнага, ветранага надвор’я ў нашым раёне трэці клас пажарнай бяспекі. А з 9 красавіка Мінскае лесагаспадарчае аб’яднанне запатрабавала ініцыіраваць увядзенне забароны на наведванне лясоў насельніцтвам і ўезду ў яго аўтатранспарту ва ўсіх раёнах сталічнай вобласці. У сувязі з гэтым будуць закрыты шлагбаумы на ўездах у лясны фонд, забяспечана пастаяннае патруляванне лясоў спецыялістамі лясной аховы ў светлы час сутак, уведзена кругласутачнае дзяжурства адказных асоб у лясгасах і лясніцтвах.

Работнікі лясной гаспадаркі просяць тых, хто ў гэтыя дні збіраецца адпачываць на ўлонні прыроды, быць дысцыплінаванымі і асабліва асцярожнымі ў абыходжанні з агнём, захоўваць усе неабходныя меры перасцярогі.

Першы выезд пажарных на тушэнне сухой расліннасці сёлета зарэгістраваны 23 лютага. З таго дня і па 9 красавіка ўключна работнікаў РАНС выклікалі на такія ўзгаранні 36 разоў. Самае значнае загаранне травы адбылося 7 красавіка ў вёсцы Высокае Гародзькаўскага сельсавета, калі за лічаныя хвіліны агнём пакрылася 15 сотак травастою. Як пасля высвятляецца на месцы, гаспадары наводзяць парадкі на падворках і разводзяць касцёр, каб спаліць сухое смецце. Але парывісты вецер разносіць іскры на некалькі дзясяткаў метраў, у выніку чаго полымя перакідаецца на сухую траву, досыць часта ўзнікае пагроза таго, што яно распаўсюдзіцца і на будынкі. Справіцца самастойна з агнём людзі ўжо не могуць і выклікаюць на дапамогу пажарных.

Хочацца нагадаць, што сельгаспалы не прыносяць ніякай карысці – наадварот, яны знішчаюць расліннасць, распыльваючы карысныя для глебы мікраэлементы. Усё гэта прыводзіць да збяднення расліннасці, павышэння кіслотнасці і змяншэння ўрадлівасці грунту. Практычна ўся жывёла і насякомыя, якія жывуць у сухой траве ці на паверхні зямлі, гінуць. Агонь наносіць непапраўную шкоду прыроднай разнастайнасці.

Наш кар.