Дапамога выратавальнікаў – заўсёды побач

Главное Общество

У вольны ад нясення службы час начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Валожына раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей ЦІШЭВІЧ выратаваў жанчыну.

7 красавіка ў 12 гадзін 2 хвіліны на пульт паступіла паведамленне аб тым, што ў інтэрнаце па вуліцы Міру ў Валожыне спрацавала пажарная сігналізацыя. У маладога супрацоўніка РАНС у той дзень быў выхадны, але якраз падчас паступлення званка ён па службовай неабходнасці знаходзіўся ў пажарнай часці.

– Да прыбыцця падраздзяленняў МНС я на ўласным аўтамабілі накіраваўся па названым адрасе, каб даведацца, чаму спрацавала аўтаматыка, – расказаў старшы лейтэнант унутранай службы А. Цішэвіч. – Прыехаўшы на месца, зайшоў у будынак і падняўся на другі паверх – у калідоры адчуваўся пах дыму. Не чакаючы калег, вызначыў пакой, з якога ішоў дым, выбіў у памяшканні блока дзверы: на канапе ўбачыў жанчыну і вынес яе ў калідор. Затым вярнуўся ў пакой і затушыў ежу, што гарэла на электрапліце.

Пацярпелая, 1963 года нараджэння, з папярэднім дыягназам атручванне прадуктамі гарэння шпіталізавана ў райбальніцу. У выніку здарэння матэрыяльнага ўрону амаль не нанесена – пашкоджана толькі каструля.

У хуткім часе Аляксей Цішэвіч стане ўдзельнікам праекта “Жыццё – гэта не кіно. Рэальныя гісторыі выратавання”, які выходзіць на сайце 112.by Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У відэасюжэтах паказваюцца не выдуманыя супергероі, а выпадкі, з якімі кожны дзень даводзіцца сутыкацца работнікам органаў па надзвычайных сітуацыях. Яны нагадваюць, што чалавек не валодае звышздольнасцямі і можа патрапіць у бяду, а дапамога выратавальнікаў – заўсёды побач. Валожыншчына ганарыцца, што такія мужныя і адважныя людзі працуюць і ў нашым райаддзеле!

Наш кар.

P.S. Рэдакцыя газеты просіць у старшага лейтэнанта Аляксея Алегавіча Цішэвіча прабачэння за недакладнасці, дапушчаныя ў апублікованым газетным варыянце гэтага матэрыялу (№ 29 за 14 красавіка бягучага года).