Нябачны вірус аб’яднаў нас відавочна

Общество

Згодна з загадам Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама, з 4 красавіка бягучага года адзін з карпусоў Валожынскай ЦРБ планава пачаў работу ў якасці інфекцыйнага шпіталя. Медработнікі працуюць у штатным рэжыме: прымаюць пацыентаў з Мінскай вобласці. На дадзены момант усе пацыенты стабільныя, за імі праводзіцца медыцынскае назіранне.

А пакуль пачалі завозіць першых пацыентаў, прайшлі планавыя мерапрыемствы па перапрафіляванні аднаго з карпусоў. Разлічвалася і закуплялася неабходная колькасць сродкаў індывідуальнай абароны, антысептыкаў і дэзынфектантаў, медыцынскага абсталявання. Таксама было праведзена абследаванне ўсіх магчымых кропак падключэння кіслароду і магчымасць павелічэння іх колькасці. Адпрацоўвалася лагістыка руху пацыентаў і медыцынскіх работнікаў. Праведзена навучанне з прыняццем залікаў па методыцы забору мазкоў, надзяванні і зняцці сродкаў індывідуальнай абароны.

Але сёння пачынаем размову не пра гэта. Пішу радкі і мяне перапаўняе гонар за сваіх землякоў, за тое, як літаральна за некалькі дзён тыдня мы сталі адной сям’ёй, з пачуццём локця і дапамогі, узаемавыручкі і ахвяравання. Не толькі грашовымі сродкамі, але і ўласным часам. Магчыма, нават ва ўрон уласным сем’ям і справам.

Першы крок па зборы дапамогі медработнікам, якія выйшлі на перадавую, зрабіла іх былая калега, жыхарка райцэнтра Марына. Па ўласнай ініцыятыве, нават не думаючы прыцягваць нікога іншага, маладая жанчына рашыла парадаваць медыкаў кубкам апаратнай кавы і назвала сваю акцыю “Глыток падтрымкі”. А ўжо па сваёй ініцыятыве гаспадар кафэ “Фламінга” Аляксандр Данік зварыў больш за 50 кубкаў кавы бясплатна. Тут якраз на руку спрацавала “сарафаннае радыё”, нават не сацыяльныя сеткі. Хаця на сённяшні дзень створаны групы “В Контакте” і ў “Вайберы” “Дапамога медыкам Валожына”. Адным з тых, хто ў ліку першых уключыўся ў акцыю, стаў гаспадар магазіна “Акіян” Уладзімір Гасціловіч, які перадаў скрынку фруктаў і аплаціў закупку крэмаў для твару і рук. Першы груз быў дастаўлены ў бальніцу ўвечары 7 красавіка і крануў да глыбіні душы тых, хто такіх адносін ад зусім чужых людзей нават не чакаў.

Эстафету ад Марыны, якая, дарэчы, 10 красавіка сама заступіла на вахту ў бальніцу, дабравольна ўзяла ініцыятыўны чалавек Вераніка Курбаева. За мінулы тыдзень перадачы дастаўляліся некалькі разоў. Цяпер у асноўным выконваюцца “заяўкі”, а значыць, набываецца толькі самае неабходнае на той момант. Як бы ні рыхтаваліся медыкі да работы ў нязвыклых для сябе вахтавых умовах, аказалася, што ўсё прадугледзець было проста немагчыма. Даводзіцца часта мыцца, і ўзятыя з дому банныя ручнікі проста не паспявалі высыхаць, спатрэбіліся дадатковыя, а таксама шампуні, душ-гелі, папяровыя ручнікі, асабліва крэмы, аднаразовы посуд, гігіенічная памада. Хутка выйшлі са строю батарэйкі. Апошні раз 14 батарэек для пульсіметраў перадаў магазін “Вясёлка” ў райцэнтры. Нечакана спатрэбіліся апырсквальнікі для правядзення дэзынфекцыі памяшканняў. Па два апырсквальнікі ахвяравалі гаспадары магазінаў “Вясёлка” і “Ранча” Святлана Ломаць і Андрэй Бразінскі. А кошт аднаго, дарэчы, 28 рублёў. Індывідуальныя прадпрымальнікі Сяргей Папрукайла, Святлана Радзевіч і Валерый Міхнееў набылі пакеты для смецця і аднаразовыя шклянкі.

Надзвычай прыемна сказаць, што зусім нечакана да акцыі падключыліся індывідуальныя прадпрымальнікі і простыя жыхары Івянца. Іх уклад у агульную справу вельмі важкі.

Паступілі заяўкі і ад пацыентаў, якія папрасілі кнігі, газеты і часопісы. Акрамя райбібліятэкі, самай першай стос таўстушак-“Камсамолак” перадала сям’я Белановіч.

Гавораць, што шчасце любіць цішыню. Аказалася, што яе любіць і дабрачыннасць. Многія з тых, хто перадаваў Вераніцы грошы, нават не называлі свае прозвішчы. “Мы гэта робім не для ўдзячнасці”, – гаварылі валожынцы. Магчыма, пазней назавём больш актыўных памочнікаў, прывядзём цікавыя факты. Паверце, дарагія чытачы, у галаве поўны кавардак, а сэрца перапаўняецца эмоцыямі. Тэлефон у Веранікі не змаўкае, грошы перадаюць у рукі і пералічваюць на банкаўскую картку, пастаянна паступаюць каментарыі ў групе. Далучаюцца ўсё новыя і новыя дабрачынцы. Нас ужо не дзясяткі, нас больш. Кожны інтуітыўна разумее, які ўдар узялі на сябе ўрачы, медыцынскія сёстры і санітаркі, яны пакуль што надзейна засланяюць нас ад распаўсюджвання віруса. Таму мы проста павінны падтрымліваць іх не толькі словам, але і зрабіць знаходжанне ў зоне рызыкі больш камфортным.

Наталля ШТЭЙНЕР