Юбілейны парад узначаліць легендарны «Т-34»

76 лет Великой Победе!

Згодна з інфармацыяй БелТА, поўнамаштабна вядзецца падрыхтоўка механізаванай калоны да ваеннага парада ў азнаменаванне 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэтыя дні разлікі і экіпажы ваеннай тэхнікі адпрацоўваюць пытанні зладжанасці дзеянняў на спецыяльнай пляцоўцы ў раёне аэрадрома Ліпкі.

Плануецца, што ў складзе механізаванай калоны пройдуць 18 парадных разлікаў на чале з легендарным танкам Т-34. Усяго будзе задзейнічана 185 адзінак тэхнікі. Агульная даўжыня калоны складзе амаль 2 км. Праходжанне калоны будзе на працягу 10 мінут са скорасцю 14 км/ гадз. Адметнай асаблівасцю парада гэтага года стане тое, што ў ім будуць удзельнічаць толькі новыя і мадэрнізаваныя ўзоры ваеннай тэхнікі ад Узброеных Сіл, парадны разлік лёгкабраніраваных аўтамабіляў «Ліс» ад унутраных войскаў МУС, парадны разлік ад Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, прадстаўлены 27 найноўшымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

У складзе механізаванай калоны пройдуць магутныя браніраваныя машыны, зенітныя ракетныя комплексы, артылерыйскія ўстаноўкі і сістэмы залпавага агню. Сярод іх танкі Т-72Б3, бронетранспарцёры БТР-80 і БТР-70МБ1, сістэмы рэактыўнага залпавага агню «БелГрад» і «Паланэз», зенітны ракетны комплекс «Тор-М2», аўтамабілі «Волат» і «Дракон», браніраваныя транспартныя сродкі «Кайман» і ўнікальныя сродкі і комплексы войскаў сувязі Узброеных Сіл, якія маюць самыя перадавыя і сучасныя тэхналогіі і выраблены на айчынных прадпрыемствах.

«У складзе разлікаў — толькі лепшыя, найбольш падрыхтаваныя салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры, на конкурснай аснове адабраныя для ўдзелу ў парадзе, якія ў працэсе падрыхтоўкі ўдасканальваюць навыкі ваджэння і абслугоўвання замацаванай за імі тэхнікі, павышаюць прафесійнае майстэрства», — адзначыў намеснік камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Уладзімір Кулажын.

Асаблівая ўвага пры падрыхтоўцы вадзіцельскага складу ўдзяляецца адпрацоўцы пытанняў захавання дыстанцыі, скорасці руху і зладжанасці ў складзе калон. На працягу 5 гадзін тры разы на тыдзень вадзіцелі пераадольваюць амаль 60 км, а ўсяго за час падрыхтоўкі да парада — амаль 300 км. «Асабовы склад да падрыхтоўкі адносіцца добрасумленна, з пачуццём высокай адказнасці і да правядзення парада гатовы», — дадаў намеснік камандуючага.