«Свiтанак»: вытворчасць склала больш за мільён масак

Главное

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка ўчора наведаў ААТ «Світанак» у Жодзіне, дзе наладжана вытворчасць ахоўных масак і шматразовых павязак.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Адміністрацыя Прэзідэнта арганізавала маніторынг сітуацыі ў лёгкай прамысловасці — у частцы вытворчасці масак, камбінезонаў і касцюмаў, якія так неабходны медыцынскім работнікам. «Прадпрыемствы «Беллегпрама» актыўна ўключыліся ў гэту работу. Мы сёння са старшынёй Мінскага аблвыканкама азнаёміліся з вытворчасцю ААТ «Свiтанак». Прадпрыемства, з улікам існуючай сітуацыі, аператыўна перабудавала работу. Тут працуюць у тры змены. Вытворчасць ужо склала сумарна больш за 1 млн масак — вырабы са спанбелу, трыкатажу і марлі. Прадпрыемства можна браць за ўзор па выпуску гэтага віду прадукцыі», — сказаў Ігар Сергяенка.

ААТ «Свiтанак» пачало серыйны выпуск павязак у першых чыслах сакавіка — з 10 тыс. штук за суткі. Дырэктар прадпрыемства Юрый Лукашэвіч адзначыў, што самае галоўнае было ў гэты перыяд мабілізаваць калектыў, паколькі план вытворчасці мяняўся вельмі хутка. Ужо з 1 красавіка ўся вытворчасць была перапрафілявана. «Задзейнічана каля 400 швачак. Плюс мы падключылі малыя прадпрыемствы Мінскай вобласці (памочнікаў і арандатараў), а таксама Жодзінскі прафліцэй і Барысаўскі дзяржаўны каледж, якія рыхтуюць для нас швачак. Выйшлі ўжо на 90-95 тыс. за суткі. Такая дынаміка дасягнута ўсяго за месяц. І нават гэты аб’ём забіраюць адразу», — сказаў Юрый Лукашэвіч.

Прадпрыемства шые тры віды масак: аднаразовыя марлевыя і з нятканага матэрыялу, а таксама шматразовыя са 100-працэнтнага баваўнянага трыкатажнага палатна (матэрыял для іх прадпрыемства вырабляе самастойна, для першых двух — закупляе ў Баранавічах і Оршы). Маскі пастаўляюцца прадпрыемству «Фармацыя», якое размяркоўвае тавар па сетцы аптэк краіны. І яшчэ частка — у ВГРУП «Белмедтэхніка». Вытворца разлічвае ўзгадніць дазвол на продаж гэтага патрэбнага ўсяму насельніцтву тавару ў сваёй гандлёвай сетцы, а гэта прыкладна сотня магазінаў па ўсёй краіне.

«Маскі ў магазінах «Свiтанка» павінны быць, — сказаў на гэта Ігар Сергяенка. — Насельніцтву няма розніцы, дзе купляць: у аптэцы або фірменным магазіне прадпрыемства. Галоўнае, каб тавар быў і адпавядаў усім патрабаванням».

Шматразовыя баваўняныя маскі простыя ў эксплуатацыі: дастаткова іх памыць у ручным рэжыме гаспадарчым мылам, высушыць і прасам прагладзіць пры тэмпературы не меншай за 70 градусаў. З нятканых матэрыялаў і марлевыя маскі рэкамендуецца насіць не больш за 2 гадзіны і затым выкідаць.

Паводле слоў дырэктара «Свiтанка», таксама прадпрыемства пачало адшываць 500 аднаразовых камбінезонаў па заказе Жодзінскай ЦГБ.

Усяго ў Мінскай вобласці пад вытворчасць масак і марлевых павязак перапрафілявалі шэсць прадпрыемстваў — ТАА «Марк Фармэль», ААТ «Свiтанак», ААТ «Купалінка», ЗАТ «Калінка», ААТ «Эліз» і УП «Ізатоп». За суткі яны выпускаюць амаль 330 тыс. адзінак масак і марлевых павязак. Шыццём таксама займаюцца арганiзацыi бытавога абслугоўвання насельніцтва і швейныя цэхі арганізацый Мінаблспажыўсаюза.

Пасля азнаямлення з вытворчасцю ў Жодзіне Ігар Сергяенка адправіўся ў Барысаў, дзе сустрэўся з галоўнымі ўрачамі ўстаноў аховы здароўя раёна. Ён абмеркаваў з імі бягучую сітуацыю з захваральнасцю, умовы працы ўрачоў, наяўнасць сродкаў аховы.

Згодна з інфармацыяй БелТА