Усё пачынаецца з дзяцінства

Закон и порядок

Самае каштоўнае, што мы маем у жыцці, – гэта нашы дзеці. Клопат пра іх будучыню, шчаслівы лёс прымушае нас не толькі працаваць і зарабляць грошы, але і вучыць малых, што такое добра і што такое дрэнна. Праўда, не ўсім бацькам удаецца выхаваўчы працэс. Дзіцячыя свавольствы раздражняюць дарослых, бо прыводзяць да незапланаваных матэрыяльных затрат за пабітыя шыбы ці парваныя штаны. Але ёсць і куды больш значныя праблемы. Не сакрэт, што і ў асяроддзі падрастаючага пакалення хапае юных хуліганаў, аматараў паспрабаваць алкаголь ці наркотыкі, пажывіцца за чужы кошт.

Штогод у сярэднім у раёне фіксуюцца злачынствы, учыненыя непаўналетнімі. Летась, напрыклад, былі ўзбуджаны 10 крымінальных спраў адносна падлеткаў. Сёлета гэта статыстыка пакуль што трымаецца на лічбе “1”. Магчыма, такі станоўчы вынік забяспечаны паспяховай дзейнасцю інспекцыі па справах непаўналетніх Валожынскага РАУС.

Зараз начальнікам ІСН працуе капітан міліцыі Аляксандр Аляксандравіч ЧАХОВІЧ. У яго падпарадкаванні старшы інспектар Наталля Уладзіміраўна Мікалаеўская, інспектары Святлана Міхайлаўна Лукашанец і Марына Вітальеўна Вяроўчык. Гэты невялікі калектыў трымае на кантролі паводзіны 36 юнакоў і дзяўчат, якія маюць схільнасць да антыграмадскіх учынкаў. На патранажы ІСН знаходзяцца і дарослыя – 48 так званых “абавязаных” асоб. Вядома, супрацоўнікам інспекцыі даводзіцца ездзіць па раёне, наведваць установы адукацыі і нядобранадзейныя сем’і. Асноўная работа – патранаж, прафілактычныя гутаркі, заахвочванне “цяжкіх” падлеткаў да спорту, наведвання гурткоў па інтарэсах.

Нядаўна Аляксандра Аляксандравіча кіраўніцтва РАУС назначыла адказным за музей. У памяшканне, дзе выстаўлены экспанаты, якія сведчаць аб слаўнай гісторыі валожынскай міліцыі, начальнік ІСН прыводзіць сваіх задзірлівых падапечных для выхаваўчай работы. Дзецям расказваецца, што за любым злачынствам ці правапарушэннем абавязкова ідзе расплата. Убачаныя наручнікі, канвой, пакоі ізаляцыі прымушаюць прысмірнець патэнцыяльных хуліганаў і зладзеяў.

Самай эфектыўнай мерай застаецца разумная арганізацыя вольнага часу дзяцей і падлеткаў. Вялікую падтрымку супрацоўнікам міліцыі тут могуць аказаць сацыяльныя педагогі. Аляксандр Аляксандравіч лёгка знаходзіць кантакт з настаўнікамі і лічыць гэту прафесію адной з самых высакародных. Ён і сам бы мог выкладаць гісторыю, бо ў свой час скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Меў магчымасць застацца ў сталіцы, але вярнуўся на радзіму. Прызнаецца: не ляжала і не ляжыць сэрца да людскога тлуму і мітусні. Працоўную дзейнасць пачаў са службы оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку. Потым перавёўся на пасаду ўчастковага інспектара міліцыі. Работу ў міліцыі палюбіў і зараз павышае кваліфікацыю ў магістратуры Акадэміі МУС, піша дысертацыю. Тэма сучасная, мала распрацаваная – раскрыццё злачыннасці ў сферы высокіх тэхналогій.

Навуковая праца зусім не перашкаджае спраўляцца з надзённымі службовымі абавязкамі. А. А. Чаховіч пачынае знаёміцца з дзецьмі, калі яны пераходзяць у пяты клас. Менавіта ў такім узросце яны пачынаюць “кучкавацца”, шукаць вострых пачуццяў, праяўляюць браваду. Як паказвае практыка, выйсці з-пад кантролю бацькоў могуць дзеці як са станоўчых сем’яў, так і з нядобранадзейных. Хлопчыкі і дзяўчынкі трапляюць на ўлік у ІСН за распіванне піва і дробныя крадзяжы з магазінаў, за сістэматычныя пабегі з дому і схільнасць да бадзяння. Прычыны, якія штурхаюць дзяцей і падлеткаў на дрэнныя ўчынкі, часам такія, што дарослы чалавек і да ўвагі не прыняў бы. А вось несфарміраваная асоба ламаецца…

Капітан міліцыі А. А. Чаховіч да кожнага свайго выхаванца мае індывідуальны падыход, умее быць у меру строгім і апраўдана добрым. Шырокі кругагляд Аляксандра Аляксандравіча, прыроджаная добразычлівасць і веданне дзіцячай псіхалогіі спрыяюць таму, што “крывая” падлеткавай злачыннасці запаволіла рост.

Алена ЗБІРЭНКА, фота аўтара