З вялікім і светлым святам – Хрыстовым Уваскрэсеннем!

Главное Общество

Паважаныя жыхары Валожыншчыны!

Прыміце самыя цёплыя віншаванні са светлым святам Уваскрэсення Хрыстова!

Заканчваецца Вялікі пост, час духоўнага і цялеснага ачышчэння, самавыпраўлення і пакаяння. Для многіх гэтыя дні сталі перыядам самаахвяравання і пераадолення, пасля якіх як ласка апускаецца на зямлю Уваскрэсенне Хрыстова.

Сэрцы людзей напаўняюцца радасцю. Вялікдзень умацоўвае веру ў трыумф міру, дабра і справядлівасці, сімвалізуе жыццесцвярджэнне, аб’ядноўвае ўсіх нас у лепшых пачуццях і памкненнях, звяртае да разваг аб вялікім сэнсе ахвяры ў імя любові і надзеі.

Шчыра жадаем, каб свята стала для жыхароў раёна адметным і шчаслівым, сагрэла вашы сэрцы цеплынёй зносін з роднымі і блізкімі, напоўніла дамы паразуменнем і згодай. Няхай Уваскрэсенне Хрыстова прынясе ўсім дабро і здароўе!

Раённы выканаўчы камітэт,

раённы Савет дэпутатаў

 

 

Дарагія валожынцы!

Віншую вас з самым вялікім і светлым святам – Хрыстовым Уваскрэсеннем!

Штогод велікодныя ўрачыстасці напаўняюць сэрцы мільёнаў людзей любоўю і радасцю, натхняюць на добрыя справы, служаць сцвярджэнню ў грамадстве такіх вечных маральных арыенціраў, як
клопат пра блізкіх, міласэрнасць і спачуванне. Гэтыя дні ўмацоўваюць веру ў справядлівасць, сімвалізуюць любоў і згоду, аб’ядноўваюць нас на
аснове традыцыйных духоўных каштоўнасцей, абуджаюць імкненне жыць па сумленні.

Будзьце ўсе здаровыя, шчаслівыя, няхай здзяйсняюцца мары і апраўдваюцца надзеі.

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Алег СЕМЯНЧУК,

дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання

 

 

СВЕТЛАЯ РАДАСЦЬ УВАСКРЭСЕННЯ

З году ў год на зямлю ў квецені вясновых фарбаў прыходзіць Вялікдзень – урачыстасць з урачыстасцей Святой Царквы. З усіх канцоў зямлі ўзносіцца да неба пераможная песня: “Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць перамогшы, і тым, што ў магілах, жыццё дараваўшы!”

Сам Гасподзь, Сын Божы, прыйшоў у свет, каб знішчыць безнадзейнасць і роспачы роду чалавечага, сам Хрыстос Збавіцель узнёс да неба годнасць чалавека, які носіць у сабе вобраз і падабенства Божае. “Уваскрэс Хрыстос і жыццё жыве, уваскрэс Хрыстос, і мёртвы не адзін у магіле!”

У дзень Святога Хрыстова Уваскрэсення з асаблівай сілай адчуваецца, што мы не адны ў свеце, што Гасподзь з намі. Але будзем помніць пра тое, якой цаной здабыта для нас радасць Велікоднага свята і няхай умацоўвае яна нас у веры Хрыстовай і дае нам мужнасць і сілы супрацьстаяць усім спакусам свету.

У сягонняшнія няпростыя дні паглядзім на неба і ўразумеем, што ўласнымі справамі, грахоўным жыццём мы заслужылі пасланае нам выпрабаванне. Дык будзем жа падобныя на блуднага сына, вернемся і душой, і целам пад прытулак Бацькі Нябеснага, падзякуем Творцу, што не пакідае нас сваёй любоўю і міласцю. Праз усё жыццё пранясём нязманлівае абяцанне Збавіцеля пра тое, што Ён з намі “да сканчэння веку”. Духоўнае ўзрастанне, ачышчэнне душы, пасільная праца ў славу Божую – вось на чым павінна грунтавацца жыццё хрысціяніна. Як ва ўсе часы, так і цяпер, будзем старацца жыць па-хрысціянску і выконваць прадпісанні нашай Царквы.

Сёлета мы святкуем 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Сімвалічна, што ў 1945 годзе Дзень Перамогі супаў з Вялікаднем, напаўняючы спрацаваныя сэрцы бацькоў і дзядоў нашых асаблівай, ні з чым не параўнальнай радасцю Пераможнага Уваскрэсення. Будзем помніць, што мы спадчыннікі вялікіх людзей, наследнікі волатаў. Станем жа мацнейшымі духам і больш загартаванымі целам, каб падрыхтавацца да нябеснага палёту і навучыцца адкрытымі вачамі глядзець на Сонца Праўды.

Узнясём свае малітвы і да Уладаркі Нябеснай, каб не пакінула зямлю нашу і з’яўлялася абаронцай, заступніцай, трымальніцай яе. Самім Богам даручана Царыцы Нябеснай весці ад славы да славы зямлю нашу ў Царства Божае. Нездарма ў 1470 годзе ікона Яе была яўленая ў Жыровічах. 550-годдзе яе здабыцця і 500-годдзе ўзнікнення Жыровіцкага стаўрапігіяльнага манастыра мы будзем адзначаць з вамі 20 мая. Пакладзём у сэрца сваё тое, што “…прадстаяцельствам Божай Маці суд аб айчыне прадастаўлены на міласць” – зямля, на якой мы нарадзіліся і жывём, была, ёсць і будзе пад покрывам Царыцы Нябеснай.

Наша духоўная гісторыя падае нам благаславёную нагоду з вялікай любоўю да Госпада і мірам у душы сустрэць усепераможную ўрачыстасць Вялікадня.

Са святам вас, улюбёныя браты і сёстры, са Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем, будзем усе вартыя гэтага вялікага дару радасці.

Хрыстос Уваскрэс!

Сапраўды Уваскрэс!

З Божым благаславеннем – Благачынны Валожынскай акругі,

настаяцель прыхода Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна

і царыцы Алены ў Валожыне протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ

 

Рэдакцыя газеты нагадвае: кожны жадаючы можа далучыцца да прагляду трансляцый Велікодных набажэнстваў на тэлебачанні і ў Інтэрнэце. А вернікаў у храмах заклікаем захоўваць рэкамендуемую дыстанцыю і няўхільна выконваць іншыя правілы Міністэрства аховы здароўя.