Калі займаешся любімай справай…

Важное Общество

Настаўніка працоўнага навучання гімназіі № 1 г. Валожына Аляксандра КЕРБЕДЗЯ па праве можна аднесці да педагагічнай эліты Валожыншчыны. Па выніках работы за 2017 год быў названы лепшым работнікам адукацыі раёна і яго партрэт заносіўся на раённую Дошку гонару. У лютым гэтага года ў ліку лепшых педагогаў сталічнай вобласці, вучні якіх паказалі высокія вынікі на абласных прадметных алімпіядах, пабываў на сустрэчы з губернатарам Міншчыны Аляксандрам Турчыным. А на сёлетнім раённым Свяце працы за вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Міншчыны Аляксандр Антонавіч узнагароджаны Ганаровай граматай Мінаблвыканкама. Сёння таленавіты настаўнік – герой нашай рэдакцыйнай гасцёўні.

– Аляксандр Антонавіч, па-першае, хачу запытацца пра ўражанні ад сустрэчы з кіраўніком сталічнага рэгіёну?
– Абмяркоўваліся шляхі, кірункі і прыярытэты развіцця адукацыі на будучыню. Адзначалася, што сям’я закладвае фундамент, галоўная каштоўнасць – гэта людзі. Узнімалася пытанне вяртання спецыялістаў на радзіму, замацаванне іх на рабочых месцах. Існуе праблема – рабяты выязджаюць за мяжу. Важнай стала і тэма фінансавай граматнасці дзяцей, бо пасля заканчэння школы яны жадаюць атрымаць усё і адразу: бяруць крэдыты, не задумваючыся, што іх давядзецца аддаваць. Гаварылася пра сістэму бяспекі ў школах, далейшае навучанне школьнікаў – каб ішлі вучыцца па профілях, выкарыстанне патэнцыялу дзяцей у патрэбным кірунку.

– Што асабіста Вам дала сустрэча, наколькі яна была карыснай?
– Зносіны з калегамі, хто над чым працуе і чаго дасягнуў, абмен вопытам, лепшымі напрацоўкамі – гэта заўсёды цікавіць. Слушным стала і тое, што ў Мінскай вобласці хочуць стварыць універсітэт, дзе выкладалі б спецыялісты-прафесіяналы і вучыліся б адораныя дзеці.

– Вы разам са сваім вучнем Антонам Віршычам, які сёлета заняў 1-е месца на абласной алімпіядзе па працоўным навучанні, ездзілі на падрыхтоўчыя заняткі ў Жодзіна да спаборніцтваў на рэспубліцы?
– У Жодзіне праходзіла падрыхтоўка каманды ўдзельнікаў заключнага этапу прадметных алімпіяд – займаліся ўдасканальваннем практычных уменняў і навыкаў: апрацоўка драўніны, металу, выкананне шыпавых злучэнняў, выраб прадметаў і дэталяў па зададзеных памерах з дакладнасцю, напрыклад, метал – 0,1-0,2 міліметра, а дрэва – 0,4-0,5 міліметра. Тэарэтычныя заняткі праводзіў настаўнік з Маладзечна – рабяты рашалі задачы па фізіцы і матэматыцы, ну а мы разам з Антонам распрацавалі заданні, якія пасля і выконвалі на практыцы: у прыватнасці, рабілі палічку.

– Разумею, усё выконвалася ўручную?
– Так – гэта цалкам ручная апрацоўка. Рабятам выдаецца звычайны брусок драўніны ці металічная пласціна, якія яны строга па размерах выразаюць ці выпільваюць, каб у выніку зрабіць неабходную рэч.

– Антон – не першы Ваш вучань, які паказвае высокія вынікі на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Як адшукваеце таленты, як бачыце, што ў дзіцяці ёсць задаткі?
– Калі ў вучня “гараць” вочы і ён хоча працаваць – вынік абавязкова будзе.

– А як яго настроіць і захапіць? Большасць школьнікаў зараз сядзяць у гаджатах-камп’ютарах, дзе дасягнуць віртуальнага поспеху можна намнога хутчэй і прасцей.
– На ўроках назіраю, як хто адносіцца да прадмета, як стараецца, што ў каго атрымліваецца, а пасля прапаную развіваць свае здольнасці. У гімназіі па суботах праходзяць заняткі ў гуртку працоўнага навучання – мы займаемся шэсць гадзін: апрацоўваем дрэва і метал, выразаем і выпальваем, вырабляем галаваломкі, сувеніры і многа чаго цікавага.

– Ці шмат такіх апантаных?
– Ведаеце, каб на рэспубліцы атрымаць харошы вынік, па матэматыцы і фізіцы як мінімум васьмёркі павінны быць, інакш чагосьці дасягнуць складана.

– Сёлета Ваша “зорачка” пойдзе са сцен школы. Ці маеце на каго погляд, хто б узяў такую ж вяршыню?
– Гімназісты развіваюцца ўсебакова – заняты і ў плаванні, і ў футболе-баскетболе. Выбраць таго, хто б мэтанакіравана жадаў вывучаць толькі мой прадмет, складана, бо падрыхтоўцы неабходна надаваць шмат часу. Акрамя ўрокаў у школе, трэба займацца дадаткова, а таксама самастойна. Напрыклад, Ягор Казлоў ужо два гады прымае ўдзел у алімпіядзе па працоўным навучанні, але пакуль што па набраных балах яму не ўдалося выйсці на вобласць.

– З Вашым прадметам наўрад ці па жыцці пойдзеш, ён больш як захапленне і самаразвіццё?
– Безумоўна, пры паступленні працоўнае навучанне не з’яўляецца прыярытэтным, як матэматыка ці руская мова. Але, пагадзіцеся, зараз не ўсе мужчыны ўмеюць павесіць паліцу ці карніз, а нашы гімназісты на ўроках вывучаюць цыкл такіх аперацый, як кажуць, ад “А” да “Я”. Плюс чарчэнне выкладаецца: чарцяжы, выгляды, разрэзы, тэхнічныя малюнкі. Вось, напрыклад, Антон цалкам вывучыў камп’ютарную праграму “Компас”, у якой самастойна выконвае чарцяжы, малюнкі, а такая праца ў наш час вельмі запатрабавана і можа стаць дадатковым заробкам.

– Аляксандр Антонавіч, а асабіста Вам хто прывіў любоў да гэтага прадмета?
– Калі вучыўся ў Брылькоўскай васьмігодцы, на ўроках па працоўным навучанні ў першай і чацвёртай чвэрцях у нас была сельгаспраца – дапамагалі мясцоваму калгасу, а ў другой і трэцяй чвэрцях мы займаліся ў майстэрні – выраблялі шкатулкі і днушкі. Як заканчваў школу, наш дырэктар Іван Міхайлавіч Урбановіч параіў мне паступаць у Аршанскае педагагічнае вучылішча на настаўніка працоўнага навучання. Сёння вельмі ўдзячны яму за мудрую параду, бо прафесію сваю люблю. Дарэчы, пасля атрымання дыплома мяне накіравалі на работу менавіта ў родную школу, затым перабраўся ў Валожын.

– Раскажыце, калі ласка, пра першых вучняў, якім пакарыліся вяршыні працоўнага майстэрства?
– У гімназіі мэтанакіравана займаліся з Дзянісам Матусам, Кірылам Пальчэўскім – мы былі зусім блізкія да перамогі на вобласці. А вось ужо Аляксандру Біталю ўдалося атрымаць тры пахвальныя водгукі на рэспубліканскіх спаборніцтвах – усяго некалькі балаў да дыплома не хапала. У Антона Віршыча летась быў дыплом 3-й ступені на заключным этапе.

– Што Вы адчуваеце, калі ёсць такі вучань?
– Задавальненне. Думаю, і вучню прыемна зрабіць нешта сваімі рукамі і ведаць, што такой рэчы няма – яна ў адзіным экзэмпляры.

– Які Вы настаўнік: больш лаяльны ці патрабавальны? Як з дзецьмі працуеце?
– Стараюся знаходзіць з імі паразуменне. Прывіць любоў да прадмета немагчыма, бо не кожны можа стаць спартсменам ці артыстам – патрэбны жаданне і талент. Але навучыцца можна ўсяму. У школьных занятках па працоўным навучанні вышэйшай матэматыкі няма, а вось алімпіядны рух патрабуе, каб не толькі рукі, як кажуць, служылі, але і каб веды трывалыя былі.

– У Вашай сям’і хто-небудзь умеў майстраваць?
– Дзядуля калісьці хаты будаваў, а драўніну тады ўручную рубанкам габлявалі. Калі мне было дзесяць гадоў, ён пайшоў з жыцця. Засталіся інструменты, якімі ён працаваў. Напэўна, нешта па генах перадалося.

– У Вас – педагагічная сям’я: выкладаннем працоўнага навучання займаецца і жонка, настаўніца СШ № 1 райцэнтра. Яе вучаніца Ганна Радзівілка сёлета таксама атрымала дыплом 1-й ступені на абласной алімпіядзе, палепшыўся мінулагодні вынік. Якому майстэрству навучае Іна Леанідаўна?
– Яна вучыць абслуговай працы – вязанню, шыццю, кулінарыі. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што вялікай навукі там не патрабуецца. Насамрэч усё зусім не проста: дзяўчынкі, якія рыхтуюцца да алімпіяды, павінны ўмець скласці тэхналагічную карту на прапанаваны выраб па эскізе і чарцяжы, паказаць на практыцы свае ўменні і навыкі, абараніць работу.

– Бачу, настаўніцтва стала для Вас прызваннем. Вы любіце сваю прафесію – інакш нельга дасягнуць вышынь. Што б пажадалі вучням, якія думаюць, кім быць?
– Выбірайце прафесію па душы. Як сказаў старажытнакітайскі філосаф Канфуцый: “Займайцеся любімай справай, і вам не давядзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці”.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ