Ордэн Славы

Культура

Ваенны ордэн СССР зацверджаны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета 8 лістапада 1943 года. Ён па свайму статуту і колеру стужкі амаль поўнасцю паўтараў адну з самых ганаровых у дарэвалюцыйнай Расіі ўзнагарод — Георгіеўскі крыж. Ордэн мае тры ступені, з якіх вышэйшая I ступень — залатая, а II і III — сярэбраныя. Усяго за заслугі ў гады Вялікай Айчыннай вайны было выдадзена каля мільёна знакаў ордэна Славы III ступені, больш за 46 тысяч — II ступені і 2631 — I ступені. Першым поўным кавалерам ордэна Славы стаў гвардыі старшы сяржант М. А. Залётаў, які атрымаў першую Славу III ступені за баі пад Пулкава (Ленінградская вобласць). Уварваўшыся з аддзяленнем у траншэі праціўніка, ён знішчыў у баі больш за 10 фашыстаў.
Усяго поўных кавалераў ордэна Славы, па ўдакладненых даных, налічваецца 2656 чалавек, сярод іх — чатыры жанчыны. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баі на левым беразе ракі Віслы 14 студзеня 1945 г., усе радавыя, сяржанты і старшыны 1-га батальёна 215-га Чырванасцяжнага палка 77-ай гвардзейскай Чарнігаўскай стралковай дывізіі былі ўзнагароджаны ордэнам Славы. Гэта было адзінае падраздзяленне, у якім усе байцы за адзін бой атрымалі ордэн Славы.
Ордэн Славы носіцца на левым баку грудзей і пры наяўнасці іншых ордэнаў СССР размяшчаецца пасля ордэна «Знак Пашаны» ў парадку старшынства ступеняў. Знак ордэна Славы ўяўляе сабой пяціканцовую зорку размерам паміж супрацьлеглымі вяршынямі 46 мм. На вонкавым баку ў сярэдняй частцы зоркі — круг-медальён дыяметрам 23,5 мм з рэльефнай выявай Крамля са Спаскай вежай у цэнтры. Па акружнасці медальёна — лаўровы вянок. У ніжняй частцы круга – выпуклы надпіс «СЛАВА» на чырвонай эмалевай стужцы.
У 1967 і 1975 гадах у СССР былі ўведзены дадатковыя льготы поўным кавалерам ордэна Славы, якіх ураўнавалі ў правах з Героямі Савецкага Саюза. У прыватнасці, прадастаўлялася права назначэння ім персанальных пенсій саюзнага значэння, вялікія жыллёвыя льготы, права бясплатнага праезду і інш. Цяперашняе заканадаўства Расійскай Федэрацыі пацвярджае гэта права кавалерам ордэна Славы трох ступеняў.



Добавить комментарий