«#ДзякуйМедыкам»

Общество

Праект пад такой назвай запусцілі ГА “БРСМ” сумесна з РУП “Белпошта”. Ён накіраваны на падтрымку медыкаў і выхаванне ў моладзі агульначалавечых каштоўнасцей, пачуцця гуманізму і талерантнасці.

У сувязі з вядомымі падзеямі апошніх тыдняў у свеце ў цэнтры ўвагі – здароўе людзей. Дзяржава займаецца ім дэталёва і ў комплексе, але на пярэднім плане барацьбы былі і застаюцца медыкі. Зрабіць іх работу больш бяспечнай і камфортнай – задача ўсяго грамадства. Разам з матэрыяльнай дапамогай (медыцынская экіпіроўка, бясплатнае прадастаўленне паслуг, зніжка на некаторыя тавары паўсядзённага попыту) людзям у белых халатах не менш патрэбна і маральная падтрымка.

Акцыя «#ДзякуйМедыкам» стартавала 14 красавіка ў г. Мінску (паштамт) і абласных цэнтрах (1 АПС) у прысутнасці СМІ: прадстаўнікі маладзёжнай арганізацыі перадалі паштовыя карткі работнікам пошты, якія праставяць спецыяльны штэмпель “АКЦЫЯ” для далейшай бясплатнай перасылкі ва ўстановы аховы здароўя. У яе рамках у адрас медыцынскіх работнікаў будуць накіроўвацца паштовыя карткі са словамі ўдзячнасці і падтрымкі.

Да канца красавіка ўсе жадаючыя змогуць скачаць на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах і ў групах БРСМ у сацыяльных сетках эскізы паштовых картак, раздрукаваць іх ці зрабіць паштоўку самастойна, напісаць на ёй словы падтрымкі медыкам, абавязкова пазначыць «#ДзякуйМедыкам» і адправіць праз любую паштовую скрыню на адрас установы аховы здароўя. Марка на такую паштоўку не патрабуецца – Белпошта бясплатна даставіць пажаданне адрасатам.

Наш кар.