Без межаў узросту

Общество

На IV рэспубліканскі валейбольны турнір “Мы родам з СССР” (40+) у г. п. Івянец завіталі дзевяць каманд, удзельнікі якіх прадстаўлялі 15 розных куточкаў Беларусі.

Па традыцыі многія прыехалі сем’ямі: з жонкамі, дзецьмі, унукамі. Кожны з іх добра ведае, што тут усім будзе занятак, а цёплы прыём і сяброўская атмасфера запомняцца надоўга. Арганізатар мерапрыемства Генадзій Жалток загадзя прадумаў не толькі асноўныя моманты правядзення гульняў, але і цікавую, насычаную культурную праграму.

На адкрыццё турніру быў запрошаны былы воін-афганец Андрэй Гідлеўскі. Асноўная думка яго выступлення заключалася ў тым, каб ніхто больш не зведаў жудасных падзей ліхалецця. Падчас мерапрыемства мужчыну было прыемна сустрэцца з яшчэ адным ветэранам афганскай вайны, які завітаў на спартыўнае свята разам са сваёй камандай у якасці іграка.

Удзельнікі турніру ўспомнілі, што роўна 40 гадоў назад у СССР прайшлі Алімпійскія гульні. Гэтай падзеі быў прысвечаны асобны нумар. Пад песню “Алімпіяда. Спорт. Масква” на сярэдзіну спартыўнай залы Івянецкай сярэдняй школы выйшлі хлопчыкі і дзяўчынкі. Лепшыя спартсмены школы Аэліта і Нікадзім Жалткі дэманстравалі прыёмы дзюдо, гульню ў міні-футбол і валейбол, другія – на гэты час сталі чэрлідарамі, трэція – з пяці абручоў рознага колеру стварылі алімпійскі сімвал. Калі ж загучала “Да пабачэння, наш ласкавы мішка!”, вучань 3 класа Міхаіл Бібік у касцюме мядзведзіка пажадаў поспехаў асабіста кожнаму прысутнаму. Гэта многіх заставіла думкамі вярнуцца ў мінулае і ўспомніць тую грандыёзную падзею.

За час гульняў адбылося некалькі чайных паўз, на якіх школьнікі, што былі задзейнічаны ў мерапрыемстве, а таксама рабяты-госці мелі магчымасць сустрэцца і паразмаўляць з цікавымі людзьмі. Так ветэран спорту, чэмпіён свету сярод ветэранаў (55+), старшыня валейбольнага клуба “Сябры” Васілій Пашковіч, які працуе старшым памочнікам пракурора Мінскай вобласці і курыруе сферу адукацыі, засяродзіў увагу школьнікаў на тым, што заняткі спортам развіваюць такія якасці, як мэтанакіраванасць, адказнасць, упэўненасць у сабе, вучаць узаемадапамозе, каманднаму духу і сапраўднаму сяброўству. Фізічныя нагрузкі адцягваюць ад шкодных звычак і фарміруюць здаровы лад жыцця.

Пра работу выратавальнікаў дзецям расказаў палкоўнік унутранай службы, начальнік Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Півень, які прыехаў сыграць за зборную свайго горада. Наогул, у гарадскім пасёлку каманда была ўпершыню, таму для гасцей з Віцебскай вобласці арганізавалі экскурсію па мястэчку і ў музей традыцыйнай культуры.

Да густу ўсім прыйшліся сямейныя гульні ў тэніс, дартс, шашкі, сумесныя гутаркі за агульным сталом, пра які паклапацілася Таццяна Жалток.

За два дні кожная каманда сыграла не менш як па тры гульні. У выніку зборная Івянецкай школы, куды ўвайшлі і настаўнікі, і вучні, аказалася на 9-м месцы, Стоўбцы занялі 8-е месца, Валожынскі раён – 7-е, спартыўны клуб івянецкіх ветэранаў – 6-е, Дзяржынск – 5-е, Мінская вобласць – 4-е. 3-е месца па праве заваявала каманда “Вікторыя” з Мінска, 2-е – горад Ашмяны Гродзенскай вобласці. Пераможцам жа стала зборная Наваполацка. Удзельнікі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі. Таксама былі вызначаны самы ўзроставы ігрок, ім аказаўся 65-гадовы Іван Хамячонак са Стоўбцаў, і лепшыя балельшчыкі, якімі сталі дзяўчаты з Дзяржынска.

Арганізатары спартыўнага свята ўдзячны ўсім, хто аказаў дапамогу ў яго правядзенні. Гэта адміністрацыя Івянецкай сярэдняй школы, пасвыканкам у асобе старшыні Тарэсы Ліпніцкай, кандытарская фабрыка “Інтэгра”, завод мастацкай керамікі, філіял ТДА “Юлайн”, Польскі дом, музей традыцыйнай культуры, Валожынскі спорткамітэт.

Анжэла РАДЫНА