Педагог дзеліцца вопытам

Общество

Выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада “Лесавічок” Марына Іванаўна КАРАЧУН падчас конкурсу прафесіянальнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Валожынскага раёна-2019” выйшла ў фінал і стала ўдзельніцай конкурсу “Настаўнік года Мінскай вобласці-2020”. Як ужо паведамлялася, яна дастойна прайшла завочны і вочны яго этапы і цяпер рыхтуецца выступіць у фінале.

Нарадзілася наша гераіня ў невялікай вёсачцы Таўканы непадалёк Івянца. Калі падрасла, вучылася ў сярэдняй школе гарадскога пасёлка. Пасля заканчэння навучальнай установы марыла паступіць у медвучылішча, але не прайшла па конкурсе. Каб не губляць дарма час, дзяўчына ўладкавалася на працу ў мясцовы дзіцячы сад. І тут зразумела, што гэты занятак ёй вельмі падабаецца: яна любіць дзяцей і гатова прысвяціць сябе няпростай справе выхавання маленькіх непаседаў. Таму на наступны год мэтанакіравана падавала дакументы ў Барысаўскае педагагічнае вучылішча.

Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як Марына Іванаўна пачала сваю працоўную дзейнасць у Івянецкім яслях-садзе. За гэты час яна не страціла педагагічнага задору і энтузіязму, а, наадварот, выйшла на той узровень прафесіяналізму, калі ўжо неабходна дзяліцца сваімі вопытам і набыткамі з іншымі. Таму жанчына, калі паступіла прапанова паўдзельнічыць у конкурсе, з азартам распачала падрыхтоўку заданняў на першы завочны тур. Неабходна было зрабіць відэаролік занятку і апісанне вопыту работы. Марына Карачун вельмі ўдзячна калегам, якія аказвалі вялікую падтрымку на працягу ўсіх этапаў спаборніцтваў. Жанчына ўпэўнена: без дапамогі свайго дружнага калектыву ў яе нічога б не атрымалася.

Відэазанятак па тэме “У краіне дабрыні” прыйшоўся да спадобы кампетэнтнаму журы, ён набраў найбольшую колькасць балаў як на раённым, так і на абласным конкурсе. Выхавальнік гаворыць, што выдатна справіцца з заданнем садзейнічаў у першую чаргу вялікі вопыт работы. З гэтай падставы ўдала прайшлі і заняткі ў незнаёмай групе на другім этапе, хаця Марыне Іванаўне дасталося адно з самых складаных заданняў – “Развіццё маўлення” на беларускай мове. Таксама яна дала майстар-клас “Тэхналогія сторытэлінга”, дзе прадэманстравала, як расказваць маленькім падапечным розныя гісторыі з дапамогай кубікаў з карцінкамі. Такія заняткі неабходныя для развіцця маўлення. На раённым этапе ў якасці слухачоў выступілі калегі з устаноў адукацыі Валожыншчыны, на абласным – студэнты педуніверсітэта імя М. Танка, што аказалася яшчэ больш хвалюючым. Публічны занятак на сцэне і творчая самапрэзентацыя былі вынесены ў фінал раённага конкурсу. А на абласным – прыйшлося яшчэ прайсці тэсціраванне па педагагічнай псіхалогіі і методыцы дашкольнай адукацыі. З гэтымі выпрабаваннямі Марына Іванаўна выдатна справілася і годна прадставіла наш раён.

Праца выхавальніка займае важнае месца ў жыцці нашай гераіні, але ёсць у яе і іншыя абавязкі і захапленні. Яна выгадавала дзвюх дачок, мае ўнука, пра якога клапоціцца з асаблівымі любоўю і пяшчотай. Шмат часу жанчына праводзіць за чытаннем мастацкіх кніг, найбольш упадабанай з’яўляецца раман Георгія Шыліна “Пракажоныя”. З вясны да восені яе ўвага накіравана на добраўпарадкаванне свайго падворка. Яна з задавальненнем займаецца вырошчваннем кветак, таму сядзіба здалёк вабіць вочы прахожым буйствам фарбаў, а  паветра вакол напоўнена цудоўным водарам. Перавагу аддае астрам, півоням, рамонкам і ружам. Насеннем і іншым пасадачным матэрыялам ахвотна дзеліцца з кожным жадаючым. Клапатлівых рук гаспадыні патрабуе і сад, дзе ўсё прадумана да дробязей.

У дружалюбнай, ветлівай жанчыны шмат сяброў, да якіх яна з радасцю ходзіць у госці, але яшчэ больш любіць прымаць іх у сябе. У цёплай, шчырай атмасферы хутка пралятае час. Нязменна яе натхняюць паездкі ў тэатр. З павагай жанчына ставіцца да спорту. Заўсёды напагатове ў яе знаходзіцца веласіпед. Пры магчымасці разам з дачкой наведваюць у Валожыне басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Такой рознабаковай асобе не складана знайсці агульную мову з бацькамі выхаванцаў, тым больш, што сярод іх з кожным годам павялічваецца колькасць тых, хто сам некалі быў падапечным Марыны Іванаўны Карачун.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара