Лукашэнка: я не вітаю тых, хто закрывае дарогу да храма

Главное

Згодна з інфармацыяй БелТА, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў цяперашняй эпідэміялагічнай абстаноўцы не трэба закрываць людзям дарогу да храма. Такое меркаванне кіраўнік дзяржавы выказаў у час наведвання на Вялікдзень Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храма ў Смалявіцкім раёне.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, размаўляючы з прыхаджанамі ў цэрквах, ніколі і нічога не ўтойвае. Паводле яго слоў, у палітыцы гэта ў прынцыпе рабіць складана. «Павінен вам сказаць, што я не вітаю тых, хто закрыў людзям дарогу да храма. Я не вітаю такой палітыкі. Больш таго, вы ведаеце маю пазіцыю: мы гэтыя вірусы перажываем кожны год», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што мільёны людзей моляцца Госпаду, многія з іх надзелены ўладай. «Я ведаю многіх такіх. Але як толькі настаў гэты псіхоз (нават не хвароба), усе рванулі не ў храм, а ад храма. Нядобра. Але гэта мая пазіцыя, я яе нікому не навязваю. Гэта вам вырашаць, як будзеце жыць вы, як будуць жыць вашы дзеці. Я толькі зыходжу з таго, што заўсёды трэба дзейнічаць у адпаведнасці з абставінамі: калі трэба надзець маску — надзеньце, калі трэба іншым чынам паберагчыся — беражыце сябе. Але дзейнічайце згодна з тым, як складваюцца абставіны», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што людзі прыходзяць у храм, каб папрасіць дапамогі ў Бога. Толькі не ўсе паводзяць сябе, як завешчана: не берагуць прыроду, адышлі ад прынцыпаў маралі, гатовы на ўсё дзеля грошай. «Гэта ненармальна. Так і думаю, што, напэўна, Ён нам па заслугах стукнуў па галаве. Каму больш, каму менш — вы мяркуйце самі, паглядзіце на свет, як развіваецца гэты псіхоз і хвароба. Больш таго, пажывём — убачым, хто і як скарыстае гэту сітуацыю ў сваіх мэтах. Я ўжо раней быў вымушаны канстатаваць, каб звярнуць увагу органаў улады і нашага народа, што каранавірус сёння ўжо стаў палітыкай. Людзі не думаюць аб хваробе — як дапамагчы адзін аднаму, у лепшым выпадку — як закрыцца, адгарадзіцца. Гаворым, што разам лягчэй пераадолець, а дзейнічаем наадварот. Таму вы бачыце, што адбываецца і як выкарыстоўваюць асобныя дзяржавы ў сваіх інтарэсах гэтыя праблемы. Але ці тое яшчэ будзе», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз агучыў сваю пазіцыю: каранавірус пройдзе, таму цяпер трэба падумаць, як пераадольваць яго наступствы. «Аднаму цяжка ў свеце, асабліва ісці супраць цячэння. Але я ўсё ж такі прыняў рашэнне, што мы не павінны закрывацца, мы павінны працаваць. А як можна закрыцца і не працаваць, калі ў вёсцы сяляне сеюць? І калі не пасеюць, есці не будзе чаго. І тыя, хто сёння закрыліся, магутныя дэмакратычныя, пачалі працаваць, адкрываць свае заводы, фабрыкі, дзіцячыя дамы, школы. А ў гэты час у іх яшчэ гінуць: да шасцісот чалавек у суткі. Навошта было спыняць жыццё?» — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі вырашылі не мяняць рэзка лад жыцця: калі ў вёсцы пачалі пасяўную — няхай сеюць, калі рабочыя ідуць на фабрыку — няхай працуюць. «Гэта значыць стыль жыцця не трэба мяняць у гэтых умовах, — перакананы Прэзідэнт. — Таму я не забараняў працаваць на зямлі, на заводах, фабрыках, не закрываў граніцы. Мы вызначылі калідоры — не без праблем, але тысячы аўтамабіляў возяць неабходныя грузы праз нас і нам, з Захаду на Усход».

Фота БелТА