Уклад кожнага неацэнны – з рублёвага ручайка ўтвараецца магутная рака

Общество

На раніцу ў панядзелак, 13 красавіка, у групе “Дапамога медыкам Валожына” былі зарэгістраваны каля 900 чалавек. На момант напісання матэрыялу ўжо 1258 чалавек. І лічба гэта мяняецца літаральна кожную хвіліну. За 10 дзён сабрана каля 5000 рублёў толькі матэрыяльнай дапамогі. Сотні людзей падзяліліся таксама рэчамі першай неабходнасці, сярод якіх – сродкі асабістай гігіены, крэмы для ўвільгатнення скуры, як для твару, так і для рук, памперсы і гігіенічныя пракладкі, зубныя шчоткі і пасты, аднаразовыя ручнікі, чай, кава, сокі, шакалад, арэхі, фрукты, ласункі і іншае.

Як важна адчуваць сябе паўнапраўным членам адной вялікай сям’і, дзе ўсе – адзін за аднаго, дзе па ланцужку незнаёмыя людзі ў лічаныя гадзіны вырашаюць многія праблемы і набываюць востра неабходныя на дадзены момант медыкам і пацыентам сродкі. “Ваша дабрыня і чуласць робяць нас лепшымі. Супрацоўнікі аддзяленняў вельмі стараюцца, каб пацыенты паправіліся, і ўсе надзвычай адказна ставяцца да ўласнай бяспекі”, – гэта словы нашых медыкаў, якія працуюць на перадавой.

Толькі на мінулым тыдні перадаў вялікую колькасць памперсаў розных размераў для дарослых, аднаразовыя медыцынскія халаты і кашулі, прадукты (грэчку, рыс і макарону) старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў Віктар Альгертавіч Субач. Ён асабіста даставіў груз з Івянца ў райбальніцу. А потым з дапамогай мінскай фірмы “Арыядна” набыў яшчэ 100 халатаў і 600 рызінавых пальчатак.

Пастаянна на сувязі івянецкі прадпрымальнік Генадзь Новік. Яго першы ўклад – два электрачайнікі, батарэйкі, фрукты. А таксама ў сераду ён пералічыў пэўную суму грошай. 300 рублёў на патрэбы бальніцы сабралі наведвальнікі дзённага аддзялення для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На гэтыя грошы яны набылі апырсквальнік, антысептыкі, аднаразовыя ручнікі і крэмы. Па 250 і 160 рублёў перадалі калектывы Вішнеўскай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 2 райцэнтра.

Адным з першых прапанаваў дапамогу фермер Іосіф Іванавіч Нехвядовіч. Ад яго фермерскай гаспадаркі паступілі бульба, капуста, морква і буракі. Усяго адпраўлена агародніны на суму 335 рублёў. Пры неабходнасці ёй могуць падзяліцца яшчэ.

На сувязь выйшла дырэктар прытулку “Сямейны прычал” у Вайганах Алена Валянцінаўна Дубовік, якая прапанавала памперсы і пракладкі, пральны парашок у пачках па 10 кілаграмаў і нейкую колькасць рэспіратараў. Груз дастаўлены ў бальніцу.

Нельга не сказаць і пра неацэнны ўклад маленькіх жыхароў Валожына. Калі васьмігадовы Грыша Грынкевіч убачыў, як пералічвае грошы яго маці, то пазбіраў усе, што былі ў кішэнях і ў школьным пенале. Сума атрымалася зусім невялікая – 2,5 рубля. Толькі ці ж гэта галоўнае?! Іх ён папрасіў пералічыць таксама. Яго ўчынак уразіў двух сястрычак Кобзаравых з Валожына, якія не вагаючыся апустошылі сваю скарбонку і пажадалі перадаць асабіста ў рукі Веранікі Курбаевай 55 рублёў. Праўда, да гэтага іх матулі давялося абмяняць капейкі на рублі. Такія ўчынкі дарагога каштуюць!

З рублёвых ручайкоў стварылася ўжо досыць глыбакаводная “рака”. Некаму і 5 рублёў грошы, калі пенсія зусім невялікая, іншы можа дазволіць ахвяраваць з сямейнага бюджэту і больш значныя сумы – ад 30 да 150 рублёў. Галоўнае – не сума, галоўнае – учынак! Таму вялікі дзякуй кожнаму. Назваць усіх пайменна проста нерэальна. Глядзіце вышэй, колькі нас!

Кожны новы дзень прыносіць новыя патрэбы і просьбы. У мінулы панядзелак, напрыклад, шукалі аднаразовыя нарукаўнікі, пасля – бескантактныя тэрмометры. Набылі толькі некалькі, кошт іх нятанны – ад 100 да 150 рублёў і больш. Варта разумець таксама, што яны неабходныя не толькі нашым медыкам, а па ўсёй рэспубліцы. Слава маладым валанцёрам і іх дабравольным памочнікам, якія пастаянна на сувязі, шукаюць патрэбныя рэчы на розных сайтах, дзе арыентуюцца, як рыбы ў вадзе. А яшчэ добра, што кожны раз знаходзіцца той, хто на дадзены момант аказаўся ў патрэбным месцы. Як, напрыклад, вадзіцель рэдакцыйнай машыны Сяргей Бобрык, які на рынку ў Табарах выкупіў апошнія нарукаўнікі і даставіў у Валожын.

Набыты анціфог для акуляраў медыкам (думаю, што раней мы і слоў такіх не чулі). Забраў яго і даставіў Руслан Жвірко. Тры дні пошукаў завяршыліся поспехам: удалося набыць 50 штук рэспіратараў FFP3 для персаналу. Пакуль што яны самыя эфектыўныя. На іх набыццё выдаткавалі 1250 рублёў. Набыты таксама лекі для вачэй. Пашыць фартухі для аддзялення рэанімацыі адной з першых адгукнулася дырэктар гімназіі № 1 г. Валожына Алена Іванаўна Клачко:  “Гатовы пашыць, толькі патрэбны ўзор і размеры”. 10 штук ужо адпраўлены ў бальніцу.

Не перастаю здзіўляцца, як нашым валанцёрам удаецца ўсё трымаць у галаве, як у іх яшчэ стае фізічных сіл. У каторы раз паўтару ад усіх нас: вялікі вам дзякуй, рабяты! Пашырайце кола памочнікаў. Думаю, што ніхто не адмовіцца.

Не засталіся нашы медыкі і пацыенты без кулічоў і дамашняй выпечкі ў Велікодны дзень. Па ўласнай ініцыятыве іх падрыхтавалі сям’я Нахай з Валожына і калектыў кафе “Ля Лукамор’я”. Аднак жадаючых было нашмат больш.

Завяршыць гэты допіс хочацца вершаванымі радкамі Галіны Гражынскай:

Стракаты людскі склад,

                                  канфесій шмат,

Але валожынцы заўжды

                                    жылі ў згодзе.

Ніхто ўжо не парушыць гэты лад,

Бо сіла моцная ў маім народзе.

 

Наталля ШТЭЙНЕР