Талент плюс старанне

Культура

У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” прайшла выстава “Залатыя рукі і цяпло душы” Валянціна Бубневіча.

Валянцін Аляксеевіч – рознабакова адораны, таленавіты чалавек. На экспазіцыі былі прадстаўлены яго работы з дрэва, саломкі, а таксама карціны. Усе вырабы адрозніваюцца акуратнасцю выканання, у кожным адчуваецца прадуманасць і ўкладзеная часцінка душы майстра.
Нарадзіўся мужчына ў вёсцы Петрашунцы ў далёкім 1941 годзе. Тут прайшлі дзяцінства і юнацтва. Бацькі былі майстравымі людзьмі. Маці слыла на ўсю ваколіцу знатнай швачкай. Бацька вырабляў скуры, валёнкі, будаваўся. Свае навыкі перадавалі дзецям, якія хутка пераймалі ўсе сакрэты справы, раслі працавітымі і руплівымі. Валянцін адрозніваўся выдатнымі мастацкімі здольнасцямі.

Пасля заканчэння школы юнак прачытаў аб’яву ў раённай газеце пра набор у Аршанскае індустрыяльна-педагагічнае вучылішча. Сам завёз дакументы ў незнаёмы горад і паступіў. Падчас вучобы праявіў сябе як творчая асоба, і выкладчыкі параілі Валянціну Аляксеевічу працягваць адукацыю ў гэтым кірунку. У выніку ён закончыў Віцебскі мастацкі інстытут. Тут давялося шмат папрацаваць у майстэрні – быў мастаком-афарміцелем, выконваў заказы на плакаты і іншыя творчыя работы. Зарабляў за гэта добрыя грошы.

Атрымаў мужчына вышэйшую адукацыю і вярнуўся дадому, як сам гаворыць: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Пайшоў працаваць у Сакаўшчынскую школу, а жыць застаўся ў бацькоўскай хаце. Хутка сустрэў сваю другую палавінку, якая выкладала ў гэтай жа навучальнай установе гісторыю. Маладыя людзі пажаніліся, нарадзілі і выгадавалі тут дзетак. Між іншым, сёлета споўнілася 50 гадоў іх сумеснага жыцця.

Настаўнік працоўнага навучання і няўрымслівы чалавек па натуры шмат часу аддаваў рабоце. Хлопчыкі любілі ўрокі Валянціна Аляксеевіча, з задавальненнем наведвалі гурткі, якія ён вёў. Прычым займаліся не толькі ў адведзеныя для гэтага гадзіны, а значна больш. Асаблівую цікавасць выклікала разьба па дрэве. Вырабы гурткоўцаў прымалі ўдзел у шматлікіх выставах як школьнага, так і раённага ўзроўню. Рабяты “стаялі крукам”, каб паспець выразаць вавёрку, арла, чаплю ці бусла да паездкі ў Італію. Яны ведалі, што ў замежнай краіне будуць рады такім цудоўным падарункам, што зроблены сваімі рукамі.

Дзеці звярталіся да Валянціна Аляксеевіча і з просьбай падрыхтаваць іх да паступлення ў сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую ўстановы адукацыі, ён займаўся з імі дадаткова. Педагог ніколі не адказваў і калегам дапамагчы з наглядным матэрыялам, асабліва да адкрытых урокаў. Вельмі шмат рабіў для школы. Нездарма ж яму прысвоілі кваліфікацыйную катэгорыю – настаўнік-метадыст.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак з’явілася больш часу для творчасці, і герой публікацыі пачаў маляваць – рабіць копіі карцін. Яго работы не аднойчы прымалі ўдзел у разнастайных выставах. Недзе гады тры назад заняўся саломкай. Атрымалася так, што яму падарылі кветку з гэтага прыроднага матэрыялу, а яна зламалася. Мужчына падумаў: “А што ў мяне рукі не такія ж?” і разабраў выраб. Калі зразумеў схему, захапіўся новай для сябе справай. Работы з саломкі Валянціна Аляксеевіча сапраўды радуюць вока. Ён не шкадуючы дорыць іх блізкім і знаёмым, ды яшчэ гаворыць: “ Ну што такое тры кветачкі, што з імі рабіць? А вось дзевяць ужо нясорамна і ў вазу паставіць”.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара