Справімся разам!

Безопасность и здоровье Важное

Ад Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аляксандр Іванавіч КУЗМІТОВІЧ і старшыня Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна ЗАГОРСКАЯ ў рамках акцыі “Справімся разам!”, што арганізавана Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі з мэтай падтрымкі работнікаў арганізацый аховы здароўя, якія ўдзельнічаюць у аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з захворваннямі на COVID-19, перадалі цэнтральнай раённай больніцы 200 камбінезонаў медыцынскага прызначэння. У ходзе размовы прафсаюзныя лідары шчыра падзякавалі медыкам за самаадданую працу і пажадалі здароўя, а галоўны ўрач Валожынскай ЦРБ Павел Алегавіч Ганчар адзначыў важнасць і неабходнасць той падтрымкі, якую аказвае грамадскае аб’яднанне.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, звязанай з COVID-19, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі разгарнула маштабную кампанію па аказанні дапамогі, у тым ліку і медыцынскім работнікам.

Прафсаюзы Мінскай вобласці рэалізоўваюць комплекс мерапрыемстваў – набываюць дэзынфікуючыя сродкі і сродкі індывідуальнай абароны, аказваюць матэрыяльную дапамогу. Старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Тадэвушавіч Маліноўскі адзначае, што на работніках аховы здароўя сёння ляжыць асноўная нагрузка па пераадольванні становішча з каранавіруснай інфекцыяй COVID-19, таму важна стварыць для іх неабходныя і максімальна бяспечныя ўмовы працы. Работа па маніторынгу бягучай сітуацыі і аператыўным прыняцці мер рэагавання вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з галоўным упраўленнем па ахове здароўя і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.

Прафсаюзы Міншчыны апертыўна ўключыліся ў работу па аказанні дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу, былі сфарміраваны “касы ўзаемадапамогі”, куды пералічваецца пэўны працэнт ад даходаў. За гэтыя грошы будуць набывацца сродкі індывідуальнай абароны для працоўных калектываў. Акрамя таго, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі могуць выкарыстаць іх для аказання матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза ў сувязі з хваробай, на набыццё лекаў ці, напрыклад, у якасці падтрымкі часова непрацуючым або тым, хто знаходзіцца ў сацыяльным водпуску без захавання заработнай платы.

Прафкамы прадпрыемстваў раёна не стаяць убаку ад вырашэння агульных цяжкасцей, звязаных са складаным эпідэміялагічным становішчам. Яны штодзень праводзяць маніторынг сітуацыі ў працоўных калектывах, падтрымліваюць цесную сувязь з былымі работнікамі, што пайшлі на заслужаны адпачынак. Пры неабходнасці ім аказваецца дапамога, напрыклад, у дастаўцы лекаў, прадуктаў харчавання, іншых неабходных тавараў. Для арганізацый за кошт прафсаюзаў набыты дызынфікуючыя сродкі на суму больш за 5 тыс. рублёў.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара