Рэальная дапамога

Безопасность и здоровье

На тэрыторыі раёна зарэгістраваны 948 адзінокіх непрацаздольных грамадзян, 5779 – адзінока пражываючых, 139 – адзінокіх інвалідаў I і II груп працаздольнага ўзросту, 52 – адзінока пражываючых інвалідаў. Усе яны знаходзяцца на ўліку ў Валожынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і персанальныя даныя па кожным актуалізаваны.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у апошняй дэкадзе сакавіка была арганізавана работа “гарачай лініі” па прыёме заявак ад вышэйпералічаных катэгорый грамадзян па набыцці і дастаўцы прадуктаў, тавараў першай неабходнасці і лекаў на дом. Інфармацыю пра паслугу размясцілі ў раённай газеце, на сайце ТЦСАН, у сацыяльных сетках, праз РУП “Белпошта” распаўсюдзілі лістоўкі, а таксама паведамлялі непасрэдна пры наведванні.

Званкі па нумары 68075 прымаюць супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Спецыялісты аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму каардынуюць усю работу, што праводзіцца ў гэтым кірунку.

Па магчымасці заяўкі выконваюць сацыяльныя работнікі, якія працуюць у той мясцовасці, адкуль паступіў званок, або валанцёры раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Дарэчы, паміж арганізацыямі заключана пагадненне аб тым, што сацыяльныя работнікі адначасова з’яўляюцца і валанцёрамі. Раённая арганізацыя БТЧК забяспечвае іх дэзынфікуючымі сродкамі і сродкамі індывідуальнай абароны.

На 16 красавіка ад непрацаздольных грамадзян паступілі 52 заяўкі, у тым ліку 41 – на тэлефон “гарачай лініі”. Сярод тых, хто звярнуўся, – 11 адзінокіх жыхароў раёна.
Сацыяльныя работнікі ТЦСАН выканалі 24 заяўкі, да ажыццяўлення астатніх былі прыцягнуты іншыя арганізацыі. Запыты 11 чалавек рэалізавалі валанцёры раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, 11 – валанцёры ГА БРСМ, 3 – валанцёры ГА “Беларускі саюз жанчын”, 1 – спецыялісты Валожынскага ўчастка паштовай сувязі, 2 – медыцынскія работнікі цэнтральнай раённай бальніцы. За выкананнем дадзеных паслуг вядзецца персаніфікаваны кантроль.

Анжэла РАДЫНА