“Хочацца выкрасліць гэту старонку з жыцця. Так лягчэй…”

Важное

Сям’ю БАБАК добра ведаюць у Валожыне: Галіна Уладзіміраўна працуе ўрачом-афтальмолагам у раённай паліклініцы, а Мікалай Аляксеевіч – інспектарам раённай інспекцыі філіяла Дзяржэнергагазнагляд. У маладосці яны планавалі застацца ў Нараўлянскім раёне – на радзіме мужа: у хуткім часе нават павінны былі атрымаць там кватэру. Але трагічны 1986-ы павярнуў усё ў іншы бок: давялося пераехаць на бацькаўшчыну жонкі. Успамінаць той час не любяць і ў адзін голас кажуць: “Хочацца выкрасліць гэту старонку з жыцця – як быццам яе не было. Так лягчэй…”

Галіне і Мікалаю было крыху больш за 25 гадоў, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Сваімі ўспамінамі дзеліцца Мікалай Аляксеевіч: “Нараўлянскі раён – мая радзіма. Пасля заканчэння інстытута паехаў туды працаваць: накіравалі ў 15-кіламетровую зону ад чарнобыльскай. Затым перавялі ў Нароўлю ў райкам камсамола загадчыкам аргаддзела. Мы пажаніліся, і Галіна прыехала да мяне, паколькі месцы былі вельмі прыгожыя – самая паўднёвая кропка нашай Беларусі, на два тыдні ўсё раней зацвітала, чыстая суднаходная рака Прыпяць. Нам паабяцалі даць кватэру, таму планавалі пасяліцца там на пастаянна. Але здарылася бяда – і прыйшлося перабрацца з адной радзімы на другую. Мае бацькі жылі непадалёк, іх таксама высялілі, а вёскі той ужо даўно няма: драўляныя дамы закапалі, а цагляныя так і стаяць напаўразбураныя, зарослыя. Канешне, жудасны малюнак, пра які гаварыць не хочацца – стараемся як мага радзей пра гэта ўспамінаць.

Мне давялося ўдзельнічаць у перасяленні. Асабліва цяжка было назіраць, як людзі ў першыя дні аварыі пакідалі ўласныя дамы. Высялялі спачатку з 20-кіламетровай зоны, у гэты спіс патрапілі 8 вёсак нашага раёна. Ніхто не ведаў, што пакідае родныя абжытыя мясціны назаўсёды – тлумачылі, маўляў, на нейкі час, пакуль спадзе радыяцыя. Таму бралі з сабой толькі самае неабходнае, садзіліся ў аўтобус і ехалі ўлегцы. А ў 30 кіламетрах для іх ужо рыхтавалі жыллё, рассялялі па кватэрах. Пасля для чарнобыльцаў пабудавалі цэлыя пасёлкі, большасць нараўлянскіх перасяленцаў жыве цяпер у Мінску ў мікрараёне Малінаўка.

Інфармацыя аб тым, што адбываецца насамрэч, была мізэрнай: адразу пасля выбуху ўсе рыхтаваліся да першамайскіх свят, наводзілі парадкі. І толькі 4 мая, калі пачалося адсяленне, у сродках масавай інфармацыі аб’явілі закрываць шчыльней вокны, менш выходзіць на вуліцу. Урачы рэкамендавалі прымаць ёдзістыя прэпараты”.

“Усведамленне трагедыі прыйшло крыху пазней, калі прайшоў час, – узгадвае Галіна Уладзіміраўна. – Дакладна ніхто нічога не ведаў: па праўдзе кажучы, дрэнна разумелі, што адбываецца, і не ўяўлялі, якія ад гэтага будуць далёкія паследкі і для здароўя, і для псіхікі. Мы жылі не ў зоне адсялення, а індывідуальных дазіметраў тады не было. Даводзілася верыць таму, аб чым гаварылі па радыё і паказвалі па тэлебачанні. Успамінаю, як чакалі праграму “Час” у 21 гадзіну вечара: дыктары супакойвалі – казалі, нічога страшнага не зрабілася. Калі ж бачылі, як масава вывозяць людзей, асабліва цяжарных жанчын, сумненні, безумоўна, закрадваліся.

Асабіста мяне псіхалагічна тыя падзеі менш закранулі. Як чалавек з боку, пражыўшы два гады ў Нароўлі, магу сказаць: тады гэта быў вельмі сучасны, прыгожы і ўтульны гарадок з 12-тысячнай колькасцю насельніцтва, паўсюдна шматпавярхоўкі – поўнасцю адсутнічалі прыватныя забудовы, цудоўная прырода, маляўнічыя мясціны, у гарадскім парку знаходзілася невялікая прыстань, адкуль садзіліся на ракету і па рацэ даплывалі да Кіева. Уражанні самыя лепшыя.

Канчатковае рашэнне аб пераездзе на Валожыншчыну прынялі толькі тады, калі прывезлі ў наш РЦГіЭ на даследаванне ваду, набраную з-пад крана ў кватэры, дзе жылі. Санітарныя работнікі адразу сказалі крыніцу закрыць – мы супакоілі і патлумачылі, адкуль яна. Памятаю, як па дарозе дзеля цікавасці заехала ў Мінск у 9-ю клініку – там спецыялізаваны цэнтр і можна было дазіметрам адзенне праверыць. Пасля спецыялісты рэкамендавалі яе два месяцы не насіць, а лепш – выкінуць.

Радыяцыя – не вайна, яна ніяк не адчуваецца: кажуць, што фон зашкальвае, а ты нічога не бачыш. Вясна ў самым разгары – усё цвіце, наўкола прыемны водар, не верыцца, што паветра забруджана нейкімі невядомымі радыенуклідамі. Больш напружвалі размовы аб паследках, хоць усеагульнай панікі ў людзей не назіралася”.

…Трыццаць чатыры гады сям’я Бабак – валожынская. Тут яны пабудавалі свой дом, нарадзілі дачку, займелі шмат сяброў. І цяпер здаецца, што так было заўсёды. І толькі ў дзень трагедыі, 26 красавіка, не-не, ды верне памяць у мінулае…

Алена ЗАЛЕСКАЯ